Навіны

Уладзімір Арлоў. Фота Сяргея Гудзіліна

«Наша Ніва»: Ці будзеце Вы адзначаць 60-годдзе? Увогуле, у Вас прынята адзначаць дні нараджэння? Калі так, то мо ўзгадаеце самы памятны з іх і самы памятны падарунак.

Уладзімір Арлоў: Зрабіць выгляд, быццам нічога не здарылася, было б не зусім па-мужчынску. Прыход на свет — галоўная падзея жыцця. Цяжка не пагадзіцца з Платонам: нараджэнне ёсць той доляй неўміручасці і вечнасці, якая дадзеная смяротнай істоце.

Мне даводзілася сустракаць гэты дзень і на самоце, і ў вандроўцы далёка ад дому, але я ніколі не забываў яго адзначыць — хаця б няспешнай размоваю з самім сабой.

З гадамі чалавек нібыта ўсё бліжэйшы да багоў, герояў і дэманаў, і людзі цікавяць яго ўсё менш. Пакуль што не магу сказаць тое пра сябе. Прынамсі, людзі працягваюць цікавіць мяне, і некаторых з іх я хачу абавязкова ў апошнія жнівеньскія дні ўбачыць.

Дадам, што з 2008 я адзначаю і другі свой дзень нараджэння — 6 лістапада. Тады я — ужо з інфарктам і тромбам, што затаіўся ў адной з артэрыяў — нейкім дзівам даляцеў з Лондана, дзе быў на канферэнцыі і, дарэчы, выступаў на тэму “Cыход паэта з яснай явы. Версіі Купалавай смерці”, і ў Мінску адразу трапіў у рэанімацыю. Кардыяхірург Алег Паланецкі вярнуў мне адабраны рэаніматолагамі тэлефон і даў дзесяць хвілін да пачатку тэрміновай аперацыі. Па дарозе ў аперацыйную, я думаў, што, калі сёння ўсё скончыцца тут, даведаюся, што дзеецца там. Не вельмі, прызнаюся, такая думка суцяшала, але літарацкі інстынкт, тым не менш, прымушаў запамінаць усе дэталі.

У Віславы Шымборскай ёсць пераствораны Андрэем Хадановічам верш «Заўтра без нас»:

...Наступны дзень
абяцае быць сонечным,
хоць тым, хто будзе жыць далей,
яшчэ спатрэбіцца парасон.

Як бачыце, парасон мне дагэтуль патрэбны.

Наконт любога іншага дня я ўжо вёў гаворку ў кнізе «Пакуль ляціць страла.100 пытанняў пісьменніку» ў адказе пад назовам «На мачанку з Ігнатам Грынявіцкім». Там цэлы спіс: ад князя Усяслава Чарадзея і генерала Ордэна езуітаў Габрыэля Грубэра да ўжо згаданага забойцы Аляксандра ІІ, у якога я меўся высветліць, з чым былі тыя піражкі, порцыю якіх ён з’еў з гарбатаю ў цукерні насупраць Гасціннага двара, куды Соф’я Пяроўская сабрала бомбакідальнікаў, калі цар нечакана змяніў маршрут руху па пецярбургскіх вуліцах.

«НН»: З кім з гістарычных асоб Вам хацелася б у гэты дзень выпіць куфаль піва і пагаварыць пра жыццё?

УА: Хацеў бы сустрэцца з трыма жанчынамі: Дамінікай з майго апавядання «Тры мужы спадарыні Дамінікі», безыменнай шляхцянкаю з аповесці «Сны імператара» і пані Людвікаю з «Рандэву на манеўрах». І пілі б мы, бясспрэчна, не піва.

«НН»: Я ведаю, што кожнае лета Вы выпраўляецеся на беларускія выспы. Чаму на іх, а не на Мальту, Кіпр ці Тэнэрыфе?

УА: Выспа павінна быць бязлюднай. Тады, калі высаджваецца нашая сябрына, там — няхай усяго на пару дзён — утвараецца свой, заўсёды непаўторны свет, у якім мы ўсе разам сапраўды ляцім да зор.

Я бываў на Кіпры, але на Асвейскай выспе, далібог, спадабалася больш (між іншага, гэта адзінае ў нас месца, дзе здараецца фата-маргана) Хіба ў Ларнацы або Лімасоле да вас прыйдзе знаёміцца сям’я ваўкоў? А тамтэйшыя вялізныя здзічэлыя сады! Калісьці з выспы выселілі на бераг цэлую вёску — каб нарэшце ўсталяваць у ёй савецкую ўладу. Але засталіся сады, падмуркі, магілы. І, вядома, душы былых астраўлянаў. Мне там увесь час прыходзілі на памяць «Марсіянскія хронікі» Рэя Брэдберы. Мо і з тае прычыны, што якраз пад час нашага падарожжа адбылося амаль поўнае зацменне Месяца. Ноч пасля зрабілася такой светлаю, што я а другой гадзіне чытаў на беразе свежы нумар “Arche”.

«НН»: Спадар Уладзімір, Вы нястомны падарожнік. Якія самыя незвычайныя месцы Вам даводзілася бачыць у Беларусі?

УА: Незвычайныя мясціны? З адной толькі днямі вярнуўся: замацоўваў на Прыпяці, паміж Пінскам і Туравам, свае веды ў кіраванні пераробленым у яхту вельботам. У небе бачылі сціжму буслоў, напэўна, сотні дзве птушак, што менавіта 25 жніўня і выпраўляюцца ў вырай. А ў Тураве анёлы ноч навылёт атрасалі на дах адрынкі спелыя грушкі.

Або маленькая выспа на возеры Езярышча: сцяна непалоханых баравікоў, а праз сотню крокаў паганскае капішча.Над вадой і ў вадзе чорныя камяні ў загадкавым суладным парадку, а вакол — фізічна адчувальная пульсацыя паветра.

Што натхняе найбольш? Мае чытачы ведаюць: полацкае возера з глыбокім прыцемна-таямнічым імем — Люхава, з якім я ўсё жыццё адчуваю магутную трансцэндэнтальную сувязь. З дзяцінства памятаю, як па дарозе на Люхава зусім неістотныя, здавалася б, рэчы набывалі шматмернасць, вырасталі да сімвалаў, надоўга ўзбунтоўвалі душу. Цяпер, калі апаноўвае бяссонне, выходжу ва ўяўленні на тую дарогу і мне дастаткова дайсці да мурашніка, дзе, пэўна ж, жывуць мурашы, якія памятаюць мяне рудабародым. Далей сцежка заглыбляецца ў сон.

Мне бывае смешна чытаць пра маё возера ў энцыклапедыях: я ведаю, што праўда, дый то даволі адносная — толькі яго геаграфічныя каардынаты.

Тут асабліва адчуваеш час, што ператварае дні ў даты, гады — ва ўгодкі, людзей — ва ўспаміны, біяграфіі — у бібліяграфіі, а ты працягваеш плыць па яго рацэ і часам нават спрабуеш паварочваць супраць плыні.

Калі бяру ў старога знаёмага Васіля човен і кіруюся да самага вузкага месца, пратокі, дзе некалі быў мост, насустрач абавязкова вылятае пара шэрых чапляў.

Неяк я начаваў тут, на касе, прышвартаваўшыся да ацалелай палі. Усю ноч скрозь сон чуў, як рыпяць на мосце колы, як паганяюць коней, прыцішана гавораць і смяюцца людзі. Прачнуўся і зразумеў, што мая апошняя дарога таксама абавязкова пройдзе праз люхаўскі мост.

«НН»: Вы аб’ездзілі з сустрэчамі ўсю Беларусь. Потым быў час, калі трапілі ў «чорны спіс». А што цяпер, ці магчыма ладзіць сустрэчы?

УА: Апошнім часам значна больш чуваць было пра «чорныя спісы» музыкаў, у якіх, здаецца, застаўся ўжо адзін Зміцер Вайцюшкевіч. А значна даўжэйшыя пісьменніцкія спісы па-ранейшаму ў сіле. Я, да прыкладу, ужо забыўся, калі сустракаўся з чытачамі ў мінскіх бібліятэках. Відаць, у мінулым стагоддзі. Тое самае можна сказаць пра філалагічны факультэт БДУ і ўсе астатнія філфакі.

Магу вам прапанаваць безліч гісторыяў, як сустрэчы забараняліся, як у апошні момант зрываліся пажарнікамі або дэканамі, што выконвалі ролю пажарнікаў, як у залю з крыкам “Что здесь происходит?” урывалася міліцыя, як у першых шэрагах сядзелі літаратуразнаўцы ў цывільным, як нас са Змітром Бартосікам на некалькі гадзінаў арыштавалі ў Драгічыне, пакуль вартавыя не высветлілі, што мы едзем выступаць ужо на той бок нейкага мосту, а значыць, у суседні Кобрынскі раён...

Але ў мяне ёсць чытачы, а таму выступы — і легальныя, і не зусім — безумоўна адбываюцца. З нядаўніх магу згадаць прэзентацыі перакладаў “Краіны Беларусі” ў галерэі “Ў” і “Кніжным салоне”, фантастычную паездку ў лясны скаўцкі летнік..

Я з тых літаратараў, каму, відаць, проста неабходна адчуваць тое, што называецца зваротнай сувяззю з чытачамі. Буду ездзіць — пакуль ляціць страла.

«НН»: А ці ёсць сярод Вашых чытачоў людзі, якія сёння ва ўладзе? Можа, даходзілі нейкія факцікі. Здаецца, некалі ж і Аляксандр Лукашэнка дарыў таленавітай моладзі Вашу са Змітром Герасімовічам «Краіну Беларусь».

УА: Той самы персанаж аднойчы абвяшчаў праз тэлевізар дыктоўку для ўступных экзаменаў — «Скарына ў Падуі» — паводле маіх «Таямніцаў полацкай гісторыі». Аніякай радасці я не адчуў: тэкст быў надзвычай цяжкі і паводле лексікі, і паводле пунктуацыі.

Не думаю, што ў звязку са згаданай Вамі гісторыяй пра таленавітую моладзь, але нашы са Змітром Герасімовічам «Краіна Беларусь» і «Вялікае Княства Літоўскае» сапраўды займелі чытачоў з уладных і ўвогуле дзяржаўных структураў. Беларускае і англійскае выданні «Краіны» я падпісваў некалькім айчынным дыпламатам. Пасля прэзентацыі «Княства» да мяне падышоў чалавек у строгім гарнітуры. Ён адрэкамендаваўся і працягнуў паперку з узгодненым тэкстам аўтографа для шэфа: віцэ-прэм’еру такому і такому з пажаданнем таго і таго. Я прапанаваў на ўсякі выпадак не пісаць пасаду: маўляў, цяпер чалавек пры ўладзе, а заўтра невядома дзе. Ідэя не надта спадабалася, аднак чалавек у гарнітуры кудысьці патэлефанаваў і не-дзе там пагадзіліся. Яшчэ на адной прэзентацыі ў абласной бібліятэцы аўтографы ўзялі два беларускамоўныя палкоўнікі КДБ з першага рада. Мне ўяўляецца, што людзі з усіх гэтых структураў з розных меркаванняў, але хацелі б мець у сваіх бібліятэках своеасаблівы гістарычны пашпарт краіны, якой яны, як умеюць і як могуць, служаць.

Увогуле ж, чытацкая аўдыторыя — шматслойны пірог, і самы дарагі для мяне слой у ім — моладзь. Прычына відавочная.

«НН»: Так здаралася з беларускімі і не толькі літаратарамі, што яны сыходзілі ў палітыку. Ці няма ў Вас такога жадання?

УА: Няма. Зрэшты, у сучаснай Беларусі ў палітыку ператворанае, па сутнасці, усё, да чаго я маю дачыненне, — літаратура, гісторыя, праблемы мовы...

«НН»: Дарэчы, чаму Вы не прысутнічаеце ў інтэрнэце? Ні блога не маеце, ні старонак у сацыяльных сетках?

УА: Пакуль што мне хапае таго, дзе я прысутнічаю. Хоць чуткі пра маю поўную адсутнасць у сеціве крыху перабольшаныя: вось днямі пачаў ажываць сайт. Не верыце — набярыце arlou.org.

«НН»: Асабіста я як чытач хачу пабачыць і пачытаць вялікі раман ад Уладзіміра Арлова. Можна спадзявацца?

УА: І я спадзяюся.

«НН»: Чаму Вы ўвайшлі ў журы прэміі Гедройца? Няўжо самому як аўтару не хочацца атрымаць гэтую прэмію?

УА: У сувязі са сказаным вышэй разлічваю, што ў нейкі момант з «суддзі» ператваруся ў «падсуднага».

«НН»: Раней Вы казалі, што твор «Незалежнасць — гэта…» самы папулярны сярод тых, што просяць прачытаць на сустрэчах. А Вы лічыце, што незалежнасць — гэта ўжо назаўсёды, ці яе трэба працягваць пільнаваць?

УА: Незалежнасць — гэта назаўсёды найвялікшая каштоўнасць для нацыі, бо без яе нацыя не здольная выканаць сваю гістарычную місію ці, калі хочаце, Божае наканаванне. Ад нашай жа незалежнасці кожны дзень адшчыкваюць па драбку, а часам і адгрызаюць цэлы шмат.

Незалежнасці не будзе без гістарычнай памяці, а цяперашняя ўлада будуе «лінію Сталіна» ды яе філіялы, не «плануючы» ставіць помнік Каліноўскаму. Незалежнасці не будзе без мовы, а няўхільна скарачаецца беларускамоўнае навучанне. Я выдатна разумею, што Беларусь ніколі не была і не бу-дзе моналінгвістычнай, гэтаксама як не была і не будзе монакультурнай і монаканфесійнай. Але ж мы ёсць сведкамі штодзённай дыскрымінацыі менавіта мовы тытульнай нацыі.

Днямі тэлефаную ў даведку ў аэрапорт, і з таго боку дзяўчо зусім не агрэсіўна, а разгублена просіць гаварыць па-руску, бо баіцца нешта няправільна адказаць: не ведае, што за месяцы жнівень і верасень, перапытвае пра нядзелю. І раптам пачынае прабачацца: а дзе яна магла вывучыць мову, калі школа руская, радыё па-руску, тэлебачанне па-руску?

Дарэчы, пра тэлебачанне. Колькі мы чулі пра новы беларускамоўны канал! Усе абяцанкі аказаліся цынічнай хлуснёй. Можна дзень пры дні раз-пораз уключаць «Беларусь-3» і не сустрэць анічога ні беларускамоўнага, ні наогул беларускага хаця б тэматычна. Затое вас чакаюць здзеклівыя неспадзяванкі. Ідзе мульцік паводле казкі Уладзіміра Караткевіча «Чортаў скарб»: цітры праплылі па-беларуску, а фільм дубляваны на рускую мову...

Але не дачакаюцца. Мова перажыве і цяперашнюю хвалю русіфікацыі.

«НН»: І апошняе. Што б самі пажадалі сабе на гэты дзень нараджэння?

УА: Паспець, пакуль не сустрэнуцца канцы маёй бясконцасці.

***

Уладзімір Арлоў. Правілы жыцця

• У жанчынах цаню ўсё, што ў іх ёсць.

• У мужчынах — вернасць самому сабе.

• У сабе мне найбольш падабаецца зацятасць. Найменш — яна ж, калі пераходзіць пэўную мяжу.

• Мае настаўнікі — дрэвы на беразе Люхава: два дубы, вольха і ясень. Побач з імі стаяў клён, але ў той год, калі была аперацыя на сэрцы, у дрэва трапіла маланка і яно загінула. Сёлета я пасадзіў побач з ягоным «надмагіллем» два маладыя клёнікі.

• Ці ёсць у мяне вучні? Дакладна ведаю, што былі, калі паўгода выкладаў гісторыю ў школе.

• Еўразійскі шлях прывядзе ў нацыянальны нябыт. Бачу Беларусь у Еўрасаюзе, але гэта няблізкая будучыня.

• Цяжка, калі цябе ніхто не кахае. Трагічна, калі нікога не кахаеш сам.

• Як заваяваць жанчыну? Існуе такая формула: здзівіць, спалохаць, насмяшыць. Я ў яе не веру. На наша мужчынскае шчасце жанчыны настолькі розныя, што шукаць універсальны рэцэпт заваёвы, далікатна кажучы, наіўна.

• Пасля 2008 года стараюся слухацца дактароў і п’ю штодзённую жменьку лекаў. На дзясятым дзясятку Чэслаў Мілаш пісаў, што рабіў тое самае, і згадваў сяброў, якія з парадаў медыкаў толькі смяяліся. Аднак прачытаць тыя словы мэтра сябры ўжо не маглі.

• Любімая страва — у залежнасці ад гадзіны дня, пары года, ад таго, хто яе гатаваў. Можа быць проста аўсянка з мёдам. Дранікі з рознымі дадаткамі і прыбамбасамі. Бараніна ў размаітых «іпастасях», прыкладам, барановая смажанка пад чарнаслівам, якую ядуць кароль і пісьменнік у «Ордэне Белай Мышы».

• Любімы напой — сухое чырвонае віно, пажадана з Новага Свету: каліфарнійскае, аўстралійскае, аргенцінскае, чылійскае...Калі п’ю паўднёваафрыканскае, уяўляюцца любоўныя гульні львоў у саванне. Часам доўгімі зімовымі вечарамі пад бел-чырвона-белае сала магу сабе дазволіць старой добрай старадарожскай. Штодзённы ж улюбёны напой — амаль чыфіравага мацунку гарбата з малаком.

• Добрая літаратура — гэта тая, якую цікава чытаць і якая прымушае страпянуцца цябе самога, абсалютна нечакана нараджаючы асацыяцыі, сюжэты, дыялогі...Апошні прыклад — раман Жузэ Эдуарду Агуалузы «Прадавец мінулага».

• Чытаю і перачытваю заўсёды некалькі кніг. Зараз падыду да стала і пералічу. Біблія. «Цынамонавыя крамы» Бруна Шульца. «...І цуды і страхі» Вольгі Бабковай. Свежы нумар «Иностранной литературы», дзе знайшоў дыялогі Адольф Біёя Касарэса з Борхесам. Але галоўная настольная кніга — тая, якую пішу. Пішу ад рукі, а перапісваць перасяду да камп'ютара.

• Найлепшых сяброў ужо даўно няма. Я напісаў пра іхнія розныя, але аднолькава трагічныя лёсы ў кнізе «Імёны Свабоды». Генадзь не вярнуўся з Афганістана. Валера загінуў на мінскай вуліцы пад коламі машыны генпракурора.

• Калі не ў Беларусі, то хацеў бы жыць у Англіі, але, спадзяюся, да гэтага не дойдзе.

• З кіно гляджу найперш класіку другой паловы ХХ стагоддзя. Нядаўна яшчэ раз паглядзеў «Акупацыю» Андрэя Кудзіненкі і ягоную «Масакру».

• Нельга прабачыць адрачэненне свайго і адданую службу тым, хто яго нішчыць.

• Калі кепскі настрой, то я плаваю. У метафізічным сэнсе таксама.

• Баюся не паспець.

• Дзяцей трэба выхоўваць сваім прыкладам і добрымі кнігамі.

***

Уладзімір Арлоў

Нарадзіўся ў 1953 у Полацку. Пісьменнік, гісторык. Скончыў гістфак БДУ. Працаваў у газеце «Хімік», выдавецтве «Мастацкая літаратура», часопісе «Крыніца». Аўтар больш дваццаці кніг прозы, паэзіі, эсэістыкі. Разам з мастаком Змітром Герасімовічам уклаў кнігу «Краіна Беларусь». Жанаты, мае двух сыноў.

Зміцер Панкавец, фота Сяргея Гудзіліна

nn.by
[TypeError] 
count(): Argument #1 ($value) must be of type Countable|array, bool given (0)
/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/templates/ibwm/components/bitrix/news/news/bitrix/news.detail/.default/template.php:50
#0: include
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:790
#1: CBitrixComponentTemplate->__IncludePHPTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:885
#2: CBitrixComponentTemplate->IncludeTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:784
#3: CBitrixComponent->showComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:724
#4: CBitrixComponent->includeComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/components/bitrix/news.detail/component.php:515
#5: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:615
#6: CBitrixComponent->__includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:692
#7: CBitrixComponent->includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/main.php:1195
#8: CAllMain->IncludeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/templates/ibwm/components/bitrix/news/news/detail.php:16
#9: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:790
#10: CBitrixComponentTemplate->__IncludePHPTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:885
#11: CBitrixComponentTemplate->IncludeTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:784
#12: CBitrixComponent->showComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:724
#13: CBitrixComponent->includeComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/components/bitrix/news/component.php:336
#14: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:615
#15: CBitrixComponent->__includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:692
#16: CBitrixComponent->includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/main.php:1195
#17: CAllMain->IncludeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/news/index.php:107
#18: include_once(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/include/urlrewrite.php:184
#19: include_once(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/urlrewrite.php:2
----------