"Дрэва энталіпт" - у кнігарні логвінаЎ

У падсерыі дэбютных кніг “Пункт адліку”, запачаткаванай Саюзам беларускіх пісьменнікаў, выйшаў першы літаратурны зборнік Анкі Упалы “Дрэва энталіпт”.

Кнігу склалі апавяданні і вершы аўтаркі, у тым ліку творы з цыклаў “Кім быць”, “Уклясыкі”, “Без атраманту”, “Трыпціх” і іншыя. Аматараў сучаснай беларускай літаратуры ў кнізе чакае сустрэча з добра вядомымі героямі: Жэншчынай з вядром на галаве і Курукіцай, Вавёрыцай і Балахонам Балахонавічам і нават голасам “Первай Мінскай пціцэфабрыкі”, а таксама з іншымі вясёлымі і сумнымі персанажамі.

Ілюстрацыі да кнігі зрабіла мастачка Наталля Зямчонак. 

Кнігу “Дрэва энталіпт” можна знайсці ў кнігарні “логвінаЎ” (пр-т Незалежнасці, 37А). 

 

Дрэва энталіпт / Анка Упала - Мінск: Логвінаў, 2012. - 90 c. - (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў "Кнігарня пісьменніка"; Пункт адліку).

 
Пра аўтара:
Анка Упала нарадзілася ў 1981 годзе ў Магілёве. Пераможца літаратурнага конкурсу імя Данііла Хармса (Санкт-Пецярбург, 2007), фіналіст конкурсу маладых літаратараў імя Карласа Шэрмана (Мінск, 2009). Апавяданні і вершы публікаваліся ў зборніку “Святая праўда ды іншыя казкі” (2009), беларускай перыёдыцы, анталогіі перакладаў сучаснай беларускай літаратуры “Беларусь — літаратурнае падарожжа” (Стакгольм, 2011).


prajdzisvet.org