Другое дыханне музея Яўгеніі Янішчыц на Піншчыне
Цяпер размовы пра пашырэнне музея і павелічэнне экспазіцыі становяцца рэальнасцю. Галоўны бар’ер на шляху да абнаўлення — пошукі фінансавання.
Родныя мясціны “палескай ластаўскі”, так Янішчыц называў Ніл Гілевіч, літаральна за некалькі тыдняў наведалі вучні школ Пінскага, Лунінецкага і Столінскага раёнаў.
Заснавальніца і дырэктарка ўстановы Антаніна Сідарук кажа, што ўся праца па захаванні спадчыны вядомай беларускай паэтэсы — гэта падмурак для будучыні Беларусі. Ужо сёння вядомыя імёны, на лёс якіх паўплывала творчаць Янішчыц:
— Мае былыя вучні пішуць. Гэта і Міхаіл Башчук, яго артыкул “Жэня, Жэнечка” ёсць у нас, і яго верш “Пралеска”, пакладзены на музыку. І Мікалай Куцко, які быў тройчы абраны ў парламент і выдаў кнігу. Павел Нікалайчык — афіцэр-падводнік, выдаў 5 зборнікаў вершаў. І Лена Макарская займала прызавыя месцы ў конкурсе “Дэбют”. Бачыце, працяг ідзе.
Антаніна Сідарук паведаміла, што пасля адной з нядаўніх экскурсій да яе падышла дзяўчынка і сказала, што адчувае незвычайны ўздым патрыятызму і адказнасці за Радзіму. Таму ў Парэччы спадзяюцца, што сёлета пытанне з абнаўленнем музея будзе вырашана.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя