Дата публікацыі: 13.05.2008
Дубоўка Уладзімір Мікалаевіч (15.7.1900 - 20.3.1976)
Псеўд.: Г.
Аршыца, Ганна Аршыца, У. Гайдукевіч, У. Гандуковіч, Ул. Гайдуковіч, Уладзімір
Гайдуковіч, Б-сь Дубоўка, Уладзік Павадыр, Тупяец, В. Туянец.
Крыпт.: У.
Д-ка, У. Д-на.
Нарадзіўся
2(15).7.1900, в. Агароднікі Вілейскага пав. Віленскай губ., цяпер Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. - памёр 20.3.1976, Масква.
Паэт,
празаік, перакладчык, крытык.
Сябра СП Беларусі
з 1958.
Лаўрэат
літаратурнай прэміі імя Я. Купалы (1962, за кнігу паэзіі «Палеская рапсодыя»).
З сям'і селяніна.
Бацька меў 6 дзесяцін зямлі, шэсць сыноў і адну дачку, увесь час цягнуўся да
заробкаў на баку, пакуль канчаткова не стаў рабочым-інструментальшчыкам на
Беларускай чыгунцы і не пераехаў з сям'ёй у 1915 на сталае жыхарства ў Маскву. Дзяцінства
будучага паэта прайшло на вёсцы, аднак асноўным месцам жыхарства стала Масква.
Працаваў з шасці гадоў, быў падручным у маці, бацькі, старэйшых братоў. Яшчэ ў
маленстве вялікае ўражанне на У. Дубоўку зрабіла беларуская вусная народная
творчасць (казкі, песні і інш.), прыгажосць роднай прыроды. Першапачатковую адукацыю атрымаў у Манькаўскай школе. У
1912 - 14 вучыўся ў Мядзельскім
двухкласным вучылішчы. У 1918 скончыў Нова-Вілейскую настаўніцкую семінарыю,
вучыўся ў Маскоўскім універсітэце, настаўнічаў на Тульшчыне (1918 - 20).
У 1920 - 21 служыў у Чырвонай Арміі, удзельнічаў
у паходзе на Варшаву, пасля
заканчэння вайны вёў барацьбу з бандытызмам. Пасля дэмабілізацыі працаваў метадыстам і інспектарам беларускіх школ у
Наркамаце асветы РСФСР і займаўся у Вышэйшым літаратурна-мастацкім інстытуце
імя В. Брусава, які скончыў у 1924. У 1922 - 25 рэдактар беларускага тэксту «Весніка
ЦВК, СНК і СПА Саюза ССР», адначасова ў 1923 - 24 адказны сакратар
прадстаўніцтва БССР пры Урадзе СССР. Член літаратурна-мастацкай арганізацыі
«Маладняк» ад часу яе ўзнікнення (1923): быў адказным сакратаром Цэнтральнага
Бюро (ЦБ), рэдактарам некалькіх нумароў часопіса «Маладняк». Рэдагаваў часопіс
«Беларускі піянер». У 1925 разам з А. Бабарэкам, К. Чорным, К. Крапівой, З. Бядулем, Я. Пушчам увайшоў у
ініцыятыўную групу па арганізацыі літаратурна-мастацкага аб'яднання «Узвышша».
Быў у складзе рэдкалегіі часопіса «Узвышша».
У сакавіку 1924 ездзіў у Харкаў на шаўчэнкаўскае свята. Хоць пастаянна жыў у
Маскве, але прымаў актыўны ўдзел у беларускім літаратурным руху - быў старшынёй
маскоўскай філіі «Маладняка», друкаваў вершы ў альманахах беларускіх студэнтаў
(«Маладая Беларусь», «Змаганне»), з'яўляўся першым рэдактарам літаратурнай старонкі на беларускай мове
(арганізоўвалася раз у два тыдні) у газеце «Гудок», быў ініцыятарам і адным з
аўтараў выдадзенай у 1926 у Маскве кнігі «Якуб Колас у літаратурным жыцці». У
1924 - 27 выкладаў беларускую літаратуру ў Камуністычным універсітэце
народаў Захаду, у 1926 - 30 рэдактар «Збору законаў і загадаў
Рабоча-Сялянскага ўрада Саюза ССР». 20.7.1930 незаконна арыштаваны, 10.4.1931
асуджаны на 5 год высылкі у Яранск, a y 1937 на 10 год пазбаўлення волі.
Пакаранне адбываў у Кіраўскай вобл., Чувашыі, на Далёкім Усходзе, у Грузіі,
Краснаярскім краі. Працаваў тынкавальшчыкам, малярам, мулярам, столярам.
Здаралася працаваць і на лягчэйшых работах - юрысконсультам, эканамістам,
бухгалтарам. Увесь гэты час як пісьменнік У. Дубоўка нічога не рабіў.
Канчаткова рэабілітаваны 15.11.1957. 3 1958 зноў жыў у Маскве.
Першы верш «Сонца Беларусі» надрукаваў у 1921. Аўтар паэтычных
зборнікаў «Строма», «Трысцё», «Credo», «Наля», «Палеская рапсодыя», паэм «Там,
дзе кіпарысы», «I пурпуровых ветразей узвівы», кніжак вершаваных казак для
дзяцей «Цудоўная знаходка», «Кветкі - сонцавы дзеткі», «Казкі», «Залатыя
зярняты» і інш. Аўтар аповесцей для дзяцей «Жоўтая акацыя», «Як Алік у тайзе
заблудзіўся», «Ганна Алелька», кнігі апавяданняў-успамінаў «Пялёсткі». У творах
20-х г. пісаў пра будаўніцтва новага жыцця, паглыбляў гуманістычны пафас роднай
літаратуры. Вершы і паэмы У. Дубоўкі вылучаліся высокай паэтычнай культурай,
аказалі ўплыў на творчасць маладых паэтаў (П. Глебку, С. Дарожнага, М.
Лужаніна, П. Труса і інш.). Лірыка 50 - 60-х г,-далейшае развіццё матываў красы
роднай зямлі і духоўнага хараства чалавека. Многія вершы У. Дубоўкі пакладзены
на музыку (Л. Абеліёвіч, А. Багатыроў, I. Кузняцоў, М. Равенскі). Вядомы і як
перакладчык.
У Пастаўскім краязнаўчым музеі ёсць мемарыяльны пакой, прысвечаны
жыццю і творчасці У. Дубоўкі.
(І. П. Чыгрын).