"Думкі" Міхася Башуры выдадуць кнігай

Сябры актывіства грамадскай кампаніі «Гавары праўду» Міхася Башуры, які па-ранейшаму ўтрымліваецца ў Жодзінскім следчым ізалятары, вырашылі падрымаць зняволенага паэта і выдаць яго кнігу. Зборнік будзе называцца «Думкі – гэта не гульня».

Як паведаміў дырэктар прыватнага мінскага выдавецтва "Галіяфы" Зміцер Вішнёў, сёння гэтую кнігу здадуць у друк.

- Гэта кніга паэзіі. Акрамя ўжо знаёмых чытачу па папярэдняй кнізе вершаў, у новым зборніку будзе чацвёрты раздзел, дзе будуць прадстаўлены вершы, якія раней не друкаваліся. Я напісаў да гэтай кнігі прадмову. Гэта супольная праца людзей, якія жывуць у самых розных месцах, - сказаў Зміцер Вішнёў.

Макет і вокладку кнігі выканаў сябар Міхася Башуры Павал Лоскутаў, які зараз жыве ў Маскве. Зміцер Вішнёў таксама паведаміў, што ўжо плануюцца прэзентацыі кнігі.

Нагадаем, Міхась Башура абвінавачаны ў падробцы даведкі аб прыбытках, якую ён 2 гады таму прадставіў у банк, каб атрымаць крэдыт. За гэта актывісту кампаніі "Гавары праўду" пагражае 3 гады зняволення, альбо грашовы штраф, альбо 5 гадоў абмежавання волі. Міхась Башура не прызнае сябе вінаватым і тлумачыць усё памылкай пры разліках прыбыткаў.

Васіль Кроква, Радыё Рацыя.