Душа абракнецца: партрэт Ларысы Раманавай

Ларыса Раманава — не гучнае, не крыклівае імя ў беларускім літаратурным працэсе. Яна ціха-мірна робіць сваю справу, жывучы і працуючы ў постчарнобыльскай Ветцы вядучым навуковым супрацоўнікам Музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава. Нарадзілася ў настаўніцкай сям’і ў вёсцы Покаць Чачэрскага раёна.

«Кожны чалавек, калі нараджаецца, адкрывае для сябе сусвет, наш сусвет. З такім вялікім болем прыходзіш у гэты свет — відаць, усё гэта не проста так. У сваім жыцці кожнаму з нас трэба і неабходна зрабіць нешта такое, якое толькі ён адзін і можа зрабіць. Можа, гэта называецца талентам, а можа — сутнасцю ягонага жыцця».

Першы верш быў пра каханне да аднакласніка. У 13 гадоў. Верш быў напісаны пад уражаннем расповедаў старэйшай сястры Святланы Раманавай, аўтара кнігі «Смарагдавы рай», якая на той час вучылася ў Мінску, пісала вершы і часта расказвала пра знаёмствы са сталічнымі пісьменнікамі і паэтамі.

У канцы 80-х — пачатку 90-х Ларыса ўзначальвала філію «Тутэйшых» — гомельскую «Поўню». Спачатку праз аповеды сястры, а потым і сама пазнаёмілася з Анатолем Сысам.

«Ён быў незвычайны тым, што мог сабе многае дазваляць у паэзіі. Сцвярджаў, што мы павінны будаваць рай тут, на сваёй зямлі — «Глядзі, Ларыса, колькі вакол нас прыгожых людзей!» — і ўсё лепшае аддаваць сваёй зямлі.

Гэтыя выказванні былі для мяне жыццёвым стрыжнем. Хацелася б, каб свой «горад-герой Гарошкаў быў у сэрцы кожнага беларуса». Зараз мне сняцца вершы Анатоля, не выдадзеныя, не надрукаваныя. Але гэта асобныя радкі. Прыгожыя радкі. Цяпер я іх не памятаю — у сне адчуваеш жыццё па-іншаму, там усё іншае».

Ветка зачаравала Ларысу.

Перапляценне дзівосных чалавечых гісторый, народных традыцый, дыялектнай лексікі, незвычайных слоў, ручнікоў і замоў, пахавання Свячы, чалавечага і Боскага… З гэтага раслі вершы.

Шэрай асноваю снежань выснуе
тое, што студзень і люты выславяць
карункамі шэрані,
птушыным ціўканнем.
Каляны, кляновы
Міколам скаваны,
саломай засланы,
без цвікоў збудаваны,
мост перакінецца
— з дому у дом,
з сэрца ў сэрца:
душа «абракнецца».

«Я частка сваёй зямлі. Мае вершы прысвечаны гэтай зямлі і людзям, жанчынам, што ткалі ручнікі — мастацкія творы — тэксты, не літарамі пісаныя, а ўзорамі. У нашых людзях ёсць асаблівая прыгажосць, трываласць і моц, якая не перарываецца на працягу тысячагоддзяў. Нядаўна на занятках паказвала дзецям здымак старажытнага глінянага кубка з бронзавага веку, які быў знойдзены на раскопках ва ўрочышчы Стрэліца Веткаўскага раёна. На ім — арнамент: маленькія ромбікі з крыжыкамі ўнутры. Такія ж узоры на нашых ручніках».

«Полым’я кітуе» — што азначае «полымя гарыць» — так кажуць, напрыклад, толькі ў вёсцы Перамога Веткаўскага раёна. «Знаймацца» з іконай (у значэнні пазнаёміцца, што значыць — пакланіцца ёй, памаліцца перад ёй) могуць прапанаваць у вёсках на ўсходнім Палессі. У тых вёсках і зараз «абракаюцца» — просяць пра нешта важнае ў Бога каля аброчных крыніц, абразоў у царкве.

Яна назбірала вершаў на тры кнігі паэзіі — «Аддай асалоду Богу», «Птушкі і рыбы» і «Святая вада». Паэтычныя радкі пацвярджае празаічнымі ўчынкамі — пачала дбаць пра крыніцы, ладзіць у Ветцы добраахвотныя акцыі па навядзенні парадку на страабрадніцкіх могілках.

Да акцыі далучыўся калектыў райвыканкама на чале са старшынёй.

«Вясной 2013 года, калі яшчэ не сышоў снег, была ў Вялікіх Нямках. Там ёсць рэчачка, якая пачынаецца з Царыцынай крыніцы. Я спусцілася ўніз да яру, дзе павінна была быць крыніца. Аказалася, што вада ледзь-ледзь прабіваецца пад 60-сантыметровым слоем гною, які сцёк сюды па разорах у зямлі з фермы. Я прайшла ўздоўж усяго цячэння «рэчачкі». Вада ў ёй паступова святлела. Дзесьці праз кіламетр ад яе «вусця» ўбачыла стары драўляны зруб — то была іншая, Яловая, крыніца, якая знаходзіцца метраў за дзесяць ад забруджанай рэчачкі».


У Яловай крыніцы Ларыса набрала вады, каб зрабіць хімічны аналіз. Вада з яе выявілася лепшай, чым эталонная.

Паэзія — найлепшая вада, якая змяняе звыклыя ўяўленні і дае волю жыць, нягледзячы ні на што. Сонца, якое сагравае (бывае, што і абпякае), зямля, што бывае пухам, паве- тра, якім дыхаеш. Вада — адно з найбольшых цудаў на свеце. Як і мы, людзі. Нездарма ў вёсцы Фёдараўка кажуць: ключы — як чалавек. Варта памятаць пра гэта ды імкнуцца ачысціць ад бруду сваю душу і жыццё, зямлю, якую любіш».

Горача ад золак — аж спякотна,
пад нагамі вогнішча, ад зёлак — дым.
У зялёным небе човен праплывае,
Бог зеленавокі ў чоўне тым.
Ззяе свечкамі трыпутнік, бы
дзіцяці цела, кветкі матылькамі ноччу
расцвілі.
Ліпень.
Мы глядзім з табой праз шкельца
і запамінаем, дзе былі.

Неглюбка заўсёды славілася сваім ткацтвам. Тут праводзілі фестывалі ручнікоў. Але на дадзены момант у Неглюбцы жыве толькі чатыры ткачыхі. 100 гадоў таму кросны былі ў кожнай хаце.

«Калі няма попыту на ручное ткацтва — гэта азначае, што губляюцца мастацкія густы, губляецца значная частка народнага менталітэту. Тое ж можна сказаць пра драўлянае дойлідства, пляценне з саломкі, мастацкую вышыўку. Губляецца самаідэнтыфікацыя. Я з жахам назіраю, як паміраюць нашы вёскі, як па загадзе ўлады без дазволу мясцовых жыхароў ушчэнт знішчаюцца дрэвы, якія былі высаджаны раней уздоўж гасцінцаў і вясковых дарог — яблыні, грушы, клёны, ліпы — абсалютна здаровыя дрэвы. А новыя дрэвы пры гэтым ніхто не думае высаджваць».

Пры Веткаўскім музеі стараабрадніцтва і беларускіх традыцый працуе Школа старажытнай і сучаснай народнай культуры «Аз, букі, ведзі — глаголь дабро!».

Супрацоўнікі музея расказваюць школьнікам пра нашу культуру і традыцыі. Праводзяцца заняткі, прысвечаныя іконам і рукапісам, створаным у гэтай мясцовасці. Напрыклад, у першым і другім класе адбываюцца заняткі на такія тэмы, як «Зямля і неба ў касцюме чалавека», «Чарадзейныя памочнікі» і гэтак далей. Чарадзейныя памочнікі — гэта розныя прадметы з магічнымі ўласцівасцямі, звяры з народ- ных казак і легендаў.

«Чалавечае жыццё ў наш час вельмі абясцэнілася. Амаль сышлі ў нябыт галашэнні на пахаванні. Раней заўсёды аплаквалі нябожчыка. Песняй суправаджалі сыход у іншы свет. Цяпер гэтага не ўбачыш, не пачуеш. Жыў чалавек, сканаў — і як не было яго. І безгалосая яго магіла засталася. Безгалосая — па-неглюбску — магіла неаплаканага чалавека. Грамадства наша хворае. Дыягназ — духоўная беднасць. …Але так не бывае, што чалавек нараджаецца і жыве абсалютна здаровы. Калі размаўляеш з бабулямі, якім за семдзесят, чуеш ад іх, што зямля наша схаладнела, што яна — заклятая. А раней па ёй хадзілі анёлы, Маці Божая, Ісус Хрыстос, святыя людзі. Засталіся толькі ўспаміны ў назвах — як на полі кветкі, што завуцца Маці Божай слёзкамі. Назвы кветак, прадметаў, прамоўленыя на роднай мове, перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Ёсць надзея, што гэтыя словы заўсёды застануцца ў нашай свядомасці. Інакш жыць немагчыма».

Калі словы льюцца
як воск быццам слёзы на цёплы хлеб
па рацэ будзеш ісці
не праз мост
а так
проста
як Ісус
па вадзе

Юлія Шымкевіч, nn.by