Дзень беларуска-швэдзкай літаратуры ў Берасьці

У Берасьцейскай абласной бібліятэцы адбыўся фэстываль беларуска-швэдзкай літаратуры. Удзел у ім узялі вядомыя беларускія творцы Сьвятлана Алексіевіч і Алесь Разанаў, а таксама швэдзкія літаратары Анэлі Юрдаль, Сара Люндбэрг і Ліна Экдаль.

Дзень беларуска-швэдзкай літаратуры сабраў поўную залю Берасьцейскай абласной бібліятэкі. Сустрэча праходзіла ў межах літаратурнага падарожжа Швэцыя-Беларусь-Швэцыя, якое ладзіць Швэдзкі інстытут.


 

Арганізатарка літаратурнага падарожжа спадарыня Марыя Сёдэрберг зь пераможцамі конкурсу юнацкай паэзіі.

 

Падчас фэстывалю ў Берасьці адбыліся сустрэчы зь беларускімі і швэдзкімі літаратарамі, конкурс юнацкай паэзіі, а таксама літаратурны сэмінар.


Сьвятлана Алексіевіч у бібліятэцы в. Сялец Берасьцейскай вобласьці.

 

Сьвятлана Алексіевіч падчас сэмінару расказала, што формула творчасьці шмат у чым залежыць ад часу, у якім даводзіцца жыць:

«Мая справа апавесьці пра нейкія рэчы, якія па-над часам, якія захоўваюць нас чалавекам. То бок пры любой уладзе трэба застацца чалавекам. Сёньня так сумясьціліся межы дабра і зла, што, па-мойму, нават рэлігія апынулася ў разгубленасьці. І многія дэмакратычныя ідэі перасталі працаваць. Пачалі працаваць нейкія таталітарныя, аўтарытарныя ідэі ў нейкім такім прывінцыйным варыянце. І мы апынуліся з тым, што чалавек абмежаваў свой сьвет».

 
Алесь Разанаў ля хаты, дзе ён вырас, у в. Сялец. Туды літаратары завіталі падчас падарожжа.


Паэт Алесь Разанаў па-філязофску апавёў, што такое творчасьць:

«Што такое творчасьць, лепш за ўсё ведаюць самі творы. Выдатныя — на выдатна, добрыя — на добра, адмысловыя — па-адмысловаму, адметныя — па-адметнаму. Творчасьць — гэта тое, што нельга ўмець».

Швэдзкая дзіцячая пісьменьніца і ілюстратарка Сара Лундберг у Берасьці сустрэла свой дзень нараджэньня, з чым яе і павіншавалі калегі проста на сцэне.


У межах дня літаратуры адбыліся і выступы швэдзкіх літаратараў Анэлі Юрдаль, Сары Лундбэрг і Ліны Экдаль. Чытачы пачулі ўрыўкі зь іх твораў у аўтарскім выкананьні і ў перакладзе на беларускую мову.

Берасьцейскі літаратуразнаўца Генадзь Праневіч распавёў «Свабодзе», што сустрэча беларускіх і швэдзкіх пісьменьнікаў у Берасьці адбылася ўпершыню, і яна перавяла супрацоўніцтва ў культурную галіну:

«Нашы гістарычныя сувязі абумоўліваюць і сувязі культурныя. Швэды для нас ужо ня terra incognita, і мы мэнтальна іх успрымаем як людзей простых, дэмакратычных, адкрытых. Гэта вельмі прыемная традыцыя і добра, што яна закранае і пытаньні мастацкай творчасьці, разьвіцьця літаратуры».

Спадар Праневіч кажа, што беларуска-швэдзкі літаратурны фэстываль адгарнуў новую старонку ўзаемных дачыненьняў на Берасьцейскай зямлі.


Алесь Разанаў чытае верш "На гэтай зямлі"

svaboda.org

Фота, відэа і подпісы Алены Казловай, lit-bel.org