Дзень, калі адлятаюць буслы. Дзень народзінаў Таццяны Сапач

У вёску Маркава, недалёка ад Маладзечна, 26 жніўня з’язджаюцца пісьменнікі, мастакі, барды, журналісты, навукоўцы, каб адсвяткаваць дзень народзінаў паэткі Таццяны Сапач — трэці, у які сябры не віншуюць яе, а згадваюць і чытаюць вершы.

Белая птушка, якая імкнецца кудысьці, “ці ў вырай, ці ў рай”, бачная здалёк на ўзгорку маркаўскіх могілак. Мармуровы помнік летась стварыў сябар Таццяны, скульптар Генік Лойка«Я ведаю Таню з самай Майстроўні. Прыйшла прыгожанькая культурная дзяўчынка, такая выкшталцоная ў яе манера была трымаць галаву, мне вось гэты рух, жэст, напрамак твару хацелася згадаць у помніку, — кажа скульптар. — Спачатку думалася зрабіць яго як яечка, пісанку, а пасля ідэя вылілася ў птушачку. Стараўся галоўку зрабіць скіраванаю ўгору, а калі спераду і знізу глядзець на помнік, атрымліваецца быццам кветка”.

“Дарога за небакрай, вы мяне не пакінеце”, — цытата з верша Таццяны напісаная ля помніка. “Генік у нейкі момант думаў пра вобраз анёла. Ён згадаў, што апошнія віленскія гады Таццяна збірала калекцыю анёлаў, якіх ёй прывозілі з розных краінаў, — кажа сяброўка Таццяны, тэолаг Ірына Дубянецкая, выступаючы ў маркаўскай школе, дзе вучылася паэтка. — Спыніліся ўсё ж на птушцы. А пасля я згадала, што 26 жніўня — гэта дзень, калі з Беларусі злятаюць буслы. І лятуць за небакрай. Яны не пакідаюць нас, а мы не пакідаем іх. Тут вобраз палёту, вышыні, неба, але і сувязь з зямлёй, памяць, хто ты і адкуль. Таццяна пералятала па жыцці, яна сапраўды была птушка пералётная, і кожнае месца, дзе птушачка прысядала, рабілася прыгажэйшым, святлейшым і лягчэйшым. Гэта быў яе ўнікальны талент — рабіць так, каб напруга спадала, каб гэтая сур’ёзнасць вялікая адыходзіла”.

Гэтую лёгкасць ды ўсмешлівасць скульптар пастараўся надаць нават мармуроваму помніку. Летась, паказваючы ў школе яшчэ толькі макет, Генік адліў яго з гліны ў розных памерах і да хвосціка самай малой птушачкі прымацаваў свістульку. Жменю такіх гліняных птушачак-свістулек падарыў школьнікам.

Імпрэза ў маркаўскай школе сёлета пачалася з выступу самой Таццяны — відэа з прэзентацыі ў Вільні, дзе яна чытае вершы сваіх улюбёных паэтаў, за два месяцы да трагедыі. Вядоўца Сяргей Харэўскі згадаў, што ў Таццяны было шмат перыядаў у жыцці, звязаных з рознымі гарадамі: “Я асабіста пасябраваў з ёй у віленскі перыяд, калі можна так сказаць. А ў яе быў і гомельскі, і брэсцкі, і маладзечанскі. Сапраўды, біяграфія ўвабрала ці не ўсю Беларусь”.

Спявачка, бард Вальжына Цярэшчанка, з якой паэтка сябравала ў Гомелі, расказала, што менавіта Таццяна прывяла яе да беларускай мовы і сапраўднай беларускай песні. “Я спявала ў народным калектыве, але калі яна запрасіла мяне на “Талаку”, дзе беларускамоўныя людзі спяваюць, я раптам зразумела, што ніводнай народнай песні выканаць не магу, бо ведаю толькі асобныя харавыя партыі”, — дзеліцца яна ўспамінамі. — Таня сапраўды была чалавекам, які мяняў жыцці і лёсы. З яе лёгкай рукі я пачала складаць музыку на песні беларускіх паэтаў, адна з іх абляцела ўвесь свет”. Вальжына выканала “Запяі мне песню” на словы Ларысы Геніюш, уражваючы прысутных сапраўды ўсёахопным дыяпазонам вакалу.

Міхась Казлоўскі, краязнаўца з Маладзечна, рэдактар часопіса “Куфэрак Віленшчыны”, расказаў, што прысвяціў Таццяне Сапач адзін з нумароў альманаха на 220 старонак, на якіх змясціліся вершы, літаратуразнаўчыя артыкулы ды ўспаміны сяброў.

Бард Кася Камоцкая, якая таксама блізка сябравала з Таццянай, праспявала некалькі знакамітых песняў на яе вершы.

Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч ведаў Таццяну даўжэй за ўсіх сяброў, нават даўжэй за яе мужа Сяргея Дубаўца, бо пазнаёміўся з ёй яшчэ на першых курсах журфака. “Мы неяк сышліся адпачатку вельмі блізка, мабыць, таму, што абодва вясковыя. Журфак быў элітарным факультэтам ва ўсе часы, там вучыліся дзеці чыноўнікаў, знакамітых асобаў, і вельмі рэдка траплялі туды людзі простыя. Мы былі з ёй як брат і сястра, у нас і сем’і падобныя, — кажа пісьменнік. — Я быў вельмі рады, калі выйшла яе першая кніга “Восень”, і я тады не мог сабе ўявіць, што да наступнай кнігі пройдзе амаль 30 гадоў. Мне незразумела, чаму так сталася. Калі Таня была студэнткай, яна пісала вельмі шмат. А яе другая кніга “Няхай не пакіне нас восень” — гэта фактычна выбранае з першай”.

Чаму ж Таццяна Сапач перастала пісаць у самым росквіце таленту? Сяргей Дубавец бачыць гэта так:“Нашае з Таццянай і большасцю прысутных тут сяброў пакаленне перажывала розныя перыяды. Былі ўсплёскі ў канцы 80-х гадоў, а ў сярэдзіне 90-х гэтае пакаленне раптам перастала пісаць вершы — Бабкоў, Глобус, Таня, усе, каго мы называлі пакаленнем “Тутэйшых”. Штосьці адбылося ў грамадскай атмасферы, калі цэлае пакаленне выключылася. Пасля некаторыя ўзнавілі гэтую справу, а Таня так патрабавальна ставілася да сваіх тэкстаў, што калі гэта быў недасканалы верш, ён так і заставаўся ў выглядзе чарнавіка, які часам хто-небудзь возьме і надрукуе, як верш іншага паэта — бывала і такое”.

У серыі “Беларускі кнігазбор” рыхтуецца том Таццяны Сапач, дзе будуць не толькі ўсе яе вершы, а і літаратуразнаўчыя артыкулы, успаміны, публіцыстыка, інтэрв’ю. “У такой кнізе павінен быць вельмі грунтоўны манаграфічны тэкст пра жыццё і творчасць. Скажу шчыра, я перабраў найлепшых літаратуразнаўцаў, з кім толькі не  размаўляў, а ўрэшце вырашыў рабіць гэта сам”, — зазначыў Сяргей Дубавец і выказаў спадзеў, што кніга пабачыць свет ужо да наступнай сустрэчы, праз лета, на радзіме Таццяны.

 

Аляксандра Дорская

budzma.org