Дзень нараджэння паэта

У зале аддзела мастацтва Гродзенскай абласной бібліятэкі імя Я. Ф. Карскага сабраліся літаратары, сябры, калегі па працы, а таксама аматары творчасці заўчасна адыйшоўшага ў іншы свет гарадзенскага пісьменніка. Падчас імпрэзы, якую адкрыла Галіна Мазько, удава паэта, гучалі ягоныя вершы – вядомыя і нідзе раней не публікаваныя, а прысутныя абменьваліся думкамі пра кароткі, але яскравы творчы і жыццёвы шлях аўтара.

Вечарыну адкрывае Галіна Мазько

Выступае Ала Петрушкевіч

Выступае Гражына Харытанюк-Міхей

Выступае Данута Бічэль

Данута Бічэль згадала пра студэнцкія гады Эдзіка Мазько, яго працу ў музеі Максіма Багдановіча. На гэты перыяд (канец 80-х – пачатак 90-х) акурат прыпадае фармаванне яго творчай свядомасці, як, зрэшты, і іншых тагачасных гарадзенскіх маладых пісьменнікаў – Юрыя Гумянюка, Юрася Пацюпы, Андрэя Пяткевіча, з якімі Эдзік Мазько стварае даволі ўнікальнае для тагачаснай культурнай сітуацыі аб’яднанне пад назвай верш-гурт “Дыяген”.

Ала Петрушкевіч, аўтарка адзінага пакуль артыкула пра творчасць Эдзіка Мазько, распавяла пра сваё прачытанне “Займеньнікаў” – яго адзінай, пасмяротнай кнігі, прыгадала некаторыя моманты з іхняга сяброўства, а напрыканцы выступу прачытала верш, прысвечаны паэту.

Прафесар Аляксей Пяткевіч, пад кіраўніцтвам якога Эдзік Мазько напісаў і абараніў кандыдацкую дысертацыю, распавёў пра навуковыя здабыткі свайго колішняга аспіранта, падзяліўся думкамі аб ягоных вершах, назваўшы іх элітарнай паэзіяй.

Падзяліліся ўспамінамі і былыя калегі Эдзіка Мазько – дацэнт кафедры сацыялогіі і спецыяльных сацыялагічных дысцыплін Таццяна Богуш і доктар гуманітарных навук Гражына Харытанюк-Міхей (Беластоцкі ўніверсітэт). Яны звярнулі ўвагу на сапраўдны прафесіяналізм Мазько-гісторыка, яго надзвычайнае ўменне арганізоўваць працу са студэнтамі, якія вельмі любілі і паважалі свайго выкладчыка.

Аздобілі імпрэзу кампазіцыі ў выкананні Уладзіміра Захарава, вядомага гітарыста і лютніста, лаўрэата міжнародных конкурсаў. З ім Эдзіка Мазько таксама звязвалі добрыя сяброўскія адносіны.

Грае Уладзімір Захараў

Прамаўляе Таццяна Богуш

Слова ўзяў Аляксей Пяткевіч

Так мы адзначылі дзень нараджэння аднаго з лепшых гарадзенцаў. Светлая памяць табе, дружа! 

Анатоль Брусевіч