Дзень памяці Максіма Багдановіча — 25 мая
Няяркая маленькая вясёлка
Ўкруг месяца нябачна зіхаціць;
Яе не кожны нават і прыкмеціць,
Хто у гэты час на неба паглядзіць.
Няяркая маленькая вясёлка! –
Праз гэта ты і да спадобы мне,
Бо я адну з табою долю маю –
Зіяць ледзь бачна ў сіняй вышыне.
Ледзь бачнае ззянне-святло – такую ролю надаваў сваёй творчасці вядомы паэт Максім Багдановіч. Да ўласных вершаў ён не ставіўся, як да чагосьці надзвычайнага, значнага: маўляў, драбніца, праменьчык. Але гэты праменьчык свеціць ужо не аднаму пакаленню беларусаў больш за сотню год.
Многія сучаснікі паэта бачылі, адчувалі тую неверагодную сілу, што ішла ад багдановічаўскіх радкоў. “Ёсць такія песняры, у якіх паэтычныя творы гарманіруюць з іх уласным жыццём. Яны з’яўляюцца паэтамі і ў звычайным жыцці. Да гэтага ліку і належыць наш пясняр Максім Багдановіч”, – так выказаўся Змітрок Бядуля, сябра, поруч з якім правёў менскія месяцы Багдановіч. Паводле згадак таварыша, нястрымны запал і энергія Максіма перадаваліся ўсяму атачэнню паэта. Бадзёрым, вясёлым, гаваркім, апантана прагным да творчасці запомніўся ён менскім сябрам. Сёлета роўна стагоддзе з моманту апошняга спаткання паэта з родным горадам…
Праграма ўрачыстых мерапрыемстваў:
11.00 – памінальная служба ў Саборы св. Пятра і Паўла (г. Мінск, вул. Няміга, 4);
12.00 – ускладанне кветак да помніка Максіму Багдановічу (г. Мінск, вул. М. Багдановіча, сквер ля Опернага тэатра);
16.00 – літаратурная вечарына “Хай чытач мой зноў былое пражыве...”
Літаратурны музей Максіма Багдановіча,
г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 7а
Паводле прэс-рэлізу