Дзень памяці Максіма Багдановіча

Ў краіне светлай, дзе я ўміраю,

У белым доме ля сіняй бухты,

Я не самотны, я кнігу маю

З друкарні пана Марціна Кухты.

 

Гэта апошнія радкі, якія напісаў Максім Багдановіч незадоўга да адыходу ў вечнасць.

Так склаўся лёс паэта, што на працягу ўсяго жыцця ён быў адзінокім: у дзіцячым узросце страціў маці, а разам з ёй і радзіму; у яго акружэнні ніхто не падтрымліваў яго захапленне беларушчынай; з-за цяжкай хваробы Максім не меў нават надзеі стварыць сям’ю, а смерць на чужыне пазбавіла яго апошняга прыстанішча на роднай зямлі, бо пахаваны паэт у далёкай Ялце. Адзіным спажыткам для чулай душы Максіма Багдановіча была паэзія, самаахвярная праца на карысць Айчыне.

За свой нядоўгі век, 25 з паловай гадоў, творца здолеў давесці ўсяму свету, што беларуская мова нічым не горшая за астатнія мовы свету, што  на ёй можна выказаць самыя розныя адценні чалавечых пачуццяў, самыя тонкія рухі чалавечай душы.

Для духоўных нашчадкаў Максіма Багдановіча, тых, хто чытае яго творы, захапляецца яго словам, геній паэта – неўміручы агмень, што асвятляе жыццё, думкі, мары, памкненні і штодзённую працу.

Усіх, хто залічвае сябе да гэтай слаўнай кагорты, Літаратурны музей Максіма Багдановіча запрашае на літаратурна-музычную імпрэзу да Дня памяці паэта пад назвай “Я не самотны, я кнігу маю…”, якая адбудзецца 24 мая а 17 гадзіне ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча. У ёй прымуць удзел сучасныя беларускія паэты, перакладчыкі, мастакі і музыкі, якія спрычыніліся да перавыдання адзінага прыжыццёвага зборніка Максіма Багдановіча “Вянок”.

Таксама запрашаем усіх аматараў творчасці паэта 25 мая ў 9.30 далучыцца да памінальнай службы ў Саборы святых Пятра і Паўла на вуліцы Няміга, 4 і прыняць удзел ва ўскладанні кветак да помніка паэту на вуліцы Максіма Багдановіча ў скверы ля Опернага тэатра а 12 гадзіне ў гэты ж дзень.

Літаратурны музей Максіма Багдановіча 

г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 7а

Музей Максіма Багдановіча