Дзеяслоў № 1 — Быкаўска-Барадулінскі

Новы нумар Дзеяслова”  (№ 1, 2012) можна назваць Быкаўска-Барадулінскім.

Пачынаецца ён з падборкі вершаў Рыгора Іванавіча пад назвай “Карані цішыні”. У рубрыцы “Архівы” змешчаны запісы студэнта ІІ курса БДУ Рыгора Барадуліна з Нарады маладых пісьменнікаў 21 верасня 1955 г., а таксама лісты Міхася Стральцова да Рыгора Барадуліна.

“Паміж намі — беларусамі і яўрэямі”  пад такім назовам выйшла ў “Дзеяслове” рэцэнзія Леаніда Галубовіча на кнігу Барадуліна “Толькі б яўрэі былі!.. : кніга павагі і сяброўства”.

Публікацыю аповесці Васіля Быкава “Атака”, раней невядомай чытачам, можна без перабольшанняў назваць сэнсацыйнай.  Яе рукапіс быў знойдзены нядаўна ў Горадні сынам пісьменніка.

 

***

З падборкі вершаў Рыгора Барадуліна “Карані цішыні...”  

(падборку цалкам чытайце ў “Дзеяслове” )

 

На вуліцы

– Як вам рэжым?

– Дрыжым…

 

*    *    *

Сорам –

Агонь з бязлітаснымі вачыма.

Пазбегнуць ягоны пагляд

Немагчыма…

 

*    *    *

Пакуль

У вырай сноў не адляцела,

Пакутуе душа

Ў цямніцы цела…

 

*    *    *

Смакуючы зорны акраец,

Ноч

Не баіцца нікога

Апроч

Раніцы…

 

*    *    *

Прасвечваецца наскрозь.

Вісіць уніз галавой.

І плача слязьмі сцюдзёнымі

Свечка ледзяша…

Прэсавая служба СБП