“Дзеяслоў” № 71: раннія вершы Таццяны Сапач, спадчына Васіля Быкава, студэнцкія запісы Рыгора Барадуліна

Таксама ў часопісе — заканчэнне дэкаданснага рамана Людмілы Рублеўскай “Дагератып”, мемуары Ніла Гілевіча, студэнцкі дзённік Рыгора Барадуліна і многае іншае.

Прозу “Дзеяслова” таксама складаюць творы Сяргея Дубаўца, Лідзіі Арабей, Уладзіміра Міхно, Алеся Емяльянава.

Нумар адметны сваёй паэтычнай рубрыкай: тут можна прачытаць новыя вершы Галіны Дубянецкай, Зянона Пазняка, а таксама падборкі двух Віктараў — Жыбуля і Слінкі.

Дэбютуе ў № 71 празаік Андрэй Захарэўскі з навелай “Край”.

Як заўсёды, даволі важкае месца ў “Дзеяслове” адводзіцца перакладам. Выданне змяшчае вершы сучаснай шведскай паэткі Атэны Фарухсад (перастварыў на беларускую Дзмітры Плакс) і апавяданне Артура Конан Дойля (пераклала Алена Казлова).

Эпісталярная спадчына ў часопісе прадстаўлена заканчэннем публікацыі “Лістоў з Гародні” Васіля Быкава і пісьмамі да жонкі Вячаслава Адамчыка.

Валеры Дубоўскі згадвае пра апошнюю сустрэчу з Рыгорам Барадуліным, а Ева Лявонава піша пра творчую спадчыну Якуба Коласа і Янкі Купалы ў прачытанні Алеся Разанава.

Таксама ў нумары можна знайсці згадкі Уладзіміра Мароза, эсэ Сержука Сыса. У рубрыцы “Палата № 6” — матэрыял Яўгена Рагіна.

Завяршаецца “Дзеяслоў” традыцыйным аглядам кніжных навінак.

Запрашаем на сайт часопіса dziejaslou.by    

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"