«Дзеяслоў» на Дні роднай мовы ў ляхавіцкай гімназіі

Адкрыццё святкаванняў пачалося з канцэрту да Дня роднай мовы, які падрыхтавалі навучэнцы гімназіі. Прагучалі песні, прысвечаныя роднаму краю, гімназісты і гімназісткі выдатна чыталі на памяць творы Алеся Разанава, не абмінуўшы, дарэчы, ніводнага аўтарскага жанру, вынайдзенага паэтам. Да ўшанавання свайго вядомага земляка далучылася і дырэктар гімназіі Таісія Шыбун, якая прачытала верш Разанава "Дрэвы".

У гэты раз Берасцейшчыну наведалі мінскія госці — празаік, галоўны рэдактар часопіса "Дзеяслоў", старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч, найвядомейшы беларускі паэт Алесь Разанаў (які зусім нядаўна адзначыў свой 70-ты дзень народзінаў), а таксама паэт і празаік, адказны сакратар часопіса "Дзеяслоў" Анатоль Івашчанка. Зразумела, што ў такі дзень гаворка перадусім ішла пра беларускую мову і стан беларускай літаратуры: менчукі прачыталі свае творы і, канечне, павіншавалі чытачоў са святам. Анатоль Івашчанка праспяваў пад гітару некалькі перакладаў з памятнай анталогіі рускай рок-паэзіі, якая з'явілася ў "Дзеяслове" некалькі гадоў назад.

Выступае Анатоль Івашчанка

Наведнікі вечарыны доўга не адпускалі літаратурны дэсант з Мінску, было зададзена шмат пытанняў, найцікавейшыя з якіх былі адзначаныя прызамі -- кнігамі і выданнямі Саюза беларускіх пісьменнікаў. У бібліятэку ляхавіцкай гімназіі таксама быў урачыста перададзены камплект самых разнастайных выданняў СБП.

Алесь Разанаў "Палёт"

Чытае Барыс Пятровіч

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў", фота: gymn.lyahovichi.edu.by