“Дзеяслоў” раздаў узнагароды

17 сакавіка пры падтрымцы культурніцкай кампаніі "Будзьма беларусамі!" у Дзяржаўным музеі беларускай літаратуры ўжо ў восьмы раз прайшло ўручэнне прэміі “Залаты апостраф” за найлепшую публікацыю ў часопісе “Дзеяслоў” у 2010 годзе. Лаўрэатамі прэмій сталі Вінцэсь Мудроў (проза), Вольга Гапеева (паэзія), Настасся Кухарэнка і Франак Вячорка (дэбют), а таксама Анатоль Вярцінскі – “За высокі творчы ўклад у сучасную беларускую літаратуру”. Яшчэ адной святочнай нагодай для імпрэзы стала святкаванне своеасаблівага юбілею выдання –  выхаду 50-га нумару практычна адзінага недзяржаўнага беларускамоўнага літаратурнага часопіса.

Адкрываючы вечарыну, галоўны рэдактар “Дзеяслова” Барыс Пятровіч адзначыў, што пяцідзясяты нумар – гэта своеасаблівая мяжа, пераход  якой сведчыць пра тое, што часопіс стаў ужо сталым выданнем і набыў папулярнасць сярод шырокага кола беларускіх чытачоў. Аднак ён выказаў шкадаванне, што гэтым літаратурным шляхам “Дзеяслову” трэба ісці аднаму –  часопісу было б значна прасцей існаваць і выходзіць у свет, калі б былі і іншыя незалежныя літаратурныя выданні.

Гаворачы пра сёлетнюю прэмію “Залаты апостраф”, Барыс Пятровіч прызнаўся, што сёлетняе рашэнне, каму ж прысудзіць прэмію, рэдакцыі далося зусім няпроста. Ён падкрэсліў, што ад самага пачатку рэдакцыя заяўляла, што голас інтэрнэту будзе ў большай ступені дарадчым, а зусім не вырашальным.

Першым з гасцей і сталых аўтараў “Дзеяслова” слова ўзяў паэт Генадзь Бураўкін. Ён выказаўся, што публікацыі ў часопісе “Дзеяслоў” – гэта найлепшае з таго, што робіцца ў Беларусі ў галіне мастацкага слова. На яго думку, часопіс трымае ўзровень М. Танка, Я. Брыля, І. Мележа, І. Шамякіна, А. Вялюгіна і іншых беларускіх класікаў.

Першага пераможцу прэміі часопіса “Дзеяслоў” у намінацыі “Проза” абвесціў старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч. Лаўрэатам, паводле рэдакцыі, стаў наваполацкі празаік Вінцэсь Мудроў. На жаль, пераможца сам не змог прыехаць на імпрэзу праз хваробу, таму прэмію для яго атрымаў Уладзімір Арлоў, яго добры сябар, які таксама сказаў колькі цёплых словаў на адрас лаўрэата і часопіса.

Паэт Леанід Дранько-Майсюк, даўні чытач “Дзеяслова”, выявіўся яшчэ і самым адданым падпісчыкам выдання, прадэманстраваўшы на знак доказу квіток з аплатай падпіскі. Таксама ён адзначыў, што, мяркуючы па сваёй нацыянальнай сутнасці і нацыянальным змесце, “Дзеяслоў” – гэта выданне дзяржаўнае…

Намеснік галоўнага рэдактара Эдуард Акулін абвесціў найлепшага аўтара паэтычнай падборкі “Дзеяслова” за 2010 год – Вольгу Гапееву. Па словах паэткі, гэтая прэмія стала для яе поўнай нечаканасцю, а таму да выступу яна не рыхтавалася. Аднак В. Гапеева зачытала свае паэтычныя пераклады з амерыканскай паэткі Сільвіі Плат, які таксама сёлета друкаваліся ў часопісе.
Лепшым дэбютантам у прозе ў 2010 годзе, паводле меркавання часопіса, стаў Франак Вячорка з апавяданнем “Ліза”, а лепшым дэбютантам у паэзіі –  Настасся Кухарэнка. Варта адзначыць, што ў дадзеным выпадку рэдакцыя пайшла насустарач інтэрнэт-карыстальнікам, якія выказалі сваю падтрымку менавіта гэтым літаратарам-пачаткоўцам. Атрымаўшы ўзнагароду з рук паэта Анатоля Івашчанкі, Настасся Кухарэнка зачытала некалькі сваіх вершаў, а Франак Вячорка рассказаў прысутным, у якіх умовах пісаў “Лізу” і адзначыў, што лічыць свой твор не вартым такой узнагароды.

Чацвертую, самую ганаровую намінацыю “Залатога апострафа”, абвяшчаў выдавец і паэт Алесь Усеня, адзін з яе заснавальнікаў. Уладальнікам гэтай прэміі рэдакцыя прызнала Анатоля Вярцінскага, які пераўзышоў усіх папярэдніх лаўрэатаў па колькасці апладысментаў. Мэтр беларускай паэзіі выказаў шчырую падтрымку часопісу “Дзеяслоў” і сцвердзіў, што літаратурны часопіс у Беларусі больш, чым часопіс.

Музычнае аздабленне вечара склалі кампазіцыі ад Юрыя Несцярэнкі (дарэчы, аднаго з празаічных намінантаў) і гурта “Босае сонца”.

Пасля святочнай вечарыны рэдакцыя, а таксама сёлетнія лаўрэаты прымалі віншаванні і цёплыя словы ад сваіх сталых і новых чытачоў.

Прэсавая служба СБП