“Дзеяслоўскую” рок-анталогію прэзентавалі ў Маладзечне (ФОТА)

Нагадаем, што ў выданні апублікаваныя тэксты 12 расійскіх выканаўцаў, пераствораныя па-беларуску 13 перакладчыкамі. Сярод “зоркавых” імёнаў — Андрэй Макарэвіч, Барыс Грэбеншчыкоў, Юрый Шаўчук, Віктар Цой, Эдмунд Шклярскі ды іншыя. Перакладчыкамі выступілі такія беларускія творцы, як Сяргей Балахонаў, Вольга Гронская, Марыя Мартысевіч, Макс Шчур, Андрэй Хадановіч…   

Маладзечанскай публіцы даспадобы расійскі рок па-беларуску

Анатоль Івашчанка прадстаўляе "Дзеяслоў" 

Вечарыну адкрыў Анатоль Івашчанка — паэт, перакладчык, адказны сакратар “Дзеяслова”, адзін з ініцыятараў праекта, які распавёў і пра само выданне, і ўласна пра тое, як была рэалізаваная Анталогія. Як вядома, “Дзеяслоў” — тоўсты літаратурны часопіс, на старонках якога з першых дзён заснавання друкуюцца творы самых аўтарытэтных і самых таленавітых прадстаўнікоў сучаснага літаратурнага працэсу. Таму не дзіва, што з “Дзеясловам” звязаныя найбольш актуальныя праекты, у тым ліку рок-анталогія.

Анатоль Івашчанка

Раман Яраш сярод гледачоў

З лёгкай рукі спадара Івашчанкі па-беларуску загучалі песні Аляксандра Башлачова, Барыса Грэбеншчыкова, Канстанціна Кінчава, Віктара Цоя. Некаторыя са сваіх перакладаў Анатоль выканаў для маладзечанскай публікі.

Спявае Юры Несцярэнка

Музыкант Юры Несцярэнка перастварыў на беларускую мову тэксты песень Андрэя Макарэвіча і склаў з іх паўнавартасную праграму. Лідар “Машыны часу” адобрыў работу Юрыя, дазволіў публікаваць і выконваць пераклады. Дарэчы, менавіта Юрыю першасна належыць ідэя Анталогіі, але, як прызнаецца музыкант, “задума гэтага праекта літаральна “насілася ў паветры”, таму была горача падтрыманая калектывам часопіса і многімі таленавітымі беларускімі літаратарамі.

“Засталося толькі ўгаварыць спадароў Андрэя Вадзімавіча, Барыса Барысавіча, Юрыя Юліянавіча праспяваць па-беларуску — тады народзіцца ўнікальны дыск!” — жартавалі выступоўцы і гледачы.

Арцём Сітнікаў

Арцём Сітнікаў і Вікторыя Букоўская

Арцём Сітнікаў (гітара) і Вікторыя Букоўская (скрыпка) выканалі некалькі кампазіцый Барыса Грэбеншчыкова — іх версіі вельмі “асвяжылі” класічныя тэмы “Акварыума”. Прыемнай нечаканкай стаў пераклад-пераспеў Талькова - "Памяці Рыгора Барадуліна".

 

Раман Яраш

Музыкант Раман Яраш, вядомы як заснавальнік і ўдзельнік многіх праектаў па папулярызацыі нацыянальнай культуры, у прыватнасці, фолькавых, з цікавасцю далучыўся да “абеларушвання” расійскай рок-паэзіі. У выкананнні Рамана прагучалі песні Барыса Грэбеншчыкова (у матыў “Горада залатога” былі па-майстэрску ўплеценыя адгалоскі гімна “Магутны Божа”), а ў даважак — аўтарскія кампазіцыі і пераклады з Боба Дылана.

Анатоль Івашчанка (гітара) і Раман Яраш (губны гармонік)

Аўтограф-сесія Юрыя Несцярэнкі

Публіка доўга не адпускала гасцей — канцэрт доўжыўся больш за дзве гадзіны. Напрыканцы гледачы атрымалі ў падарунак нумары “Дзеяслова”, “Літаратурнай Беларусі” і прызы ад кампаніі “Будзьма!”.

Чытайце таксама рэпартажы з прэзентацый Анталогіі ў Мінску і Магілёве. 

Тэкст і фота: ВТ, для lit-bel.org