Дзённікі «Экслібрыса»: Зміцер Колас пра сваю працу ў Сірыі і «падводныя камяні» перакладу

УМОВЫ КОНКУРСУ ТУТ

- Чаму вам цікава займацца перакладамі? Якім з сваіх перакладаў вы ганарыцеся?

- Чаму - не ведаю. З дзяцінства было цікава разбірацца з літарамі, словамі, сказамі. Падазраю, што прычына ў тым асяроддзі, у якім я выхоўваўся, гадаваўся і рос. Дзед з бабкай, бацькі, сябры... Спачатку была гульня - менавіта проста гульня (мы ў сям'і любілі гуляць у "Словы"), а потым неўпрыкмет гэта стала захапленнем і прафесіяй.

Але ніякім сваім перакладам я не ганаруся, бо заўсёды застаецца месца на тое, каб нешта ўдасканаліць, пашукаць лепшага варыянту. Але час прымушае ставіць кропку і аддаваць пераклад чытачу. Пасля гэтага тэкст перастае быць маім, і я пачынаю глядзець на яго адасоблена: бачу яго заганы і ўдалыя месцы. Вось якраз нейкія асобныя ўдалыя месцы мяне і суцяшаюць у тым, чым я люблю займацца.

Падабаецца, напрыклад, пераклад адной фразы з "Падзення" Камю. У сваіх разважаннях пра свабоду і зняволенне Камю кажа пра тое, што сучаснае чалавецтва вельмі любіць караць, абмяжоўваць чалавечую волю, садзіць людзей у камеры, у турмы, і ён іранічна называе гэта "lyrique des prisons" - "турэмнаю лірыкай", якая ў маім перакладзе стала "камернай лірыкай", што, па-мойму, яшчэ выразней падкрэслівае аўтарскую іронію.

Зміцер Колас і Лявон Баршчэўскі на прэзентацыі анталогіі перакладаў «І боль, і прыгажосць...». 2016

- Распавядзіце, калі ласка, пра сваю працу ў Алжыры і Сірыі. Колькі моваў вы ведаеце? Чым беларуская істотная для вас?

- У Сірыю я паехаў працаваць па інстытуцкім размеркаванні - не прайшло і месяца пасля абароны дыплома. Краіна неверагодна прыгожая, з працавітымі і разумнымі людзьмі. З гісторыяй, якая сягае ў біблійныя паданні. Дамаск - найстаражытнейшы горад на зямлі з тых, што пасля свайго ўзнікнення існуюць дагэтуль - у ім захаваліся вуліцы, якія згадваюцца ў Бібліі і па якіх я хадзіў!

Як перакладчыку мне выпала шмат дзе па Сірыі ездзіць, праехаў я, у тым ліку, і ўздоўж усяго рэчышча Эўфрата - ад Турэцкай мяжы да Ірацкай. Балюча цяпер чытаць пра тое, што робіцца сёння ў тых месцах, дзе я быў, дзе жыў (Алепа, Мэмбідж). Я працаваў перакладчыкам спачатку на будаўніцтве мастоў праз Еўфрат, потым у дырэкцыі Сірыйскай чыгункі. Ці стаяць дагэтуль тыя масты, ці ездзяць яшчэ цягнікі па тых рэйках?..

У Алжыры я працаваў перакладчыкам па кантракце з геалагічнай кампаніяй, і таксама нямала паездзіў, быў і на Міжземнаморскім узбярэжжы, і на Высокіх Плато, і ў Сахары. Даводзілася і забірацца ў горы, і спускацца ў глыбокія шахты. Успамінаў шмат, пра ўражанні можна распавядаць гадзінамі. Асабліва важным для мяне было пабываць у мясцінах, звязаных з жыццём і творчасцю Альбэра Камю - Тыпаза, Тызі-Узу, Аран...

Колькі моваў я ведаю - не скажу, бо ведаць можна па-рознаму. А калі казаць, з колькіх моваў я перакладаў, то, здаецца, з сямі. У Сірыі, дарэчы, вывучыў і арабскую - на побытавым узроўні, але без практыкі яна, на жаль, забылася.

Што да беларускай, то пытанне гучыць дзіўнавата. Чым яна для мяне істотная?.. Бадай што ўсім. Напэўна, без яе мяне не было б - быў бы нехта іншы.

Зміцер Колас прэзентуе перакладную кніжную серыю "Паэты планеты" . 2016

- Як вы ацэньваеце якасць перакладаў сёння, сітуацыю ў гэтай сферы ўвогуле? Якія пераклады, на вашу думку, зараз патрэбны беларускаму чытачу?

- Думаю, сітуацыя ў гэтай сферы цяпер параўнальна лепшая, чым была раней, скажам, гадоў яшчэ дваццаць назад. І якасць перакладаў павысілася, узнікла шмат творцаў, якія ставяцца да перакладу прафесійна. Раней такіх былі адзінкі, цяпер дзясяткі. Але патрэбны сотні! А калі казаць не толькі пра мастацкі пераклад, то патрэбны тысячы!

Пераклад выконвае ахоўную функцыю адносна матчынай мовы нацыі. Любая культурная супольнасць, каб быць жывой і заставацца на сучасным узроўні, мае патрэбу спажываць і ствараць інфармацыю. Калі гэтай інфармацыі, "закадаванай" на матчынай мове няма, супольнасць (і яе асобныя адзінкі) вымушаная/вымушаныя спажываць яе на іншых мовах. Таму беларусам (як і любым іншым народам) сёння і заўсёды трэба шмат розных добрых перакладаў.

Ніводная моўная супольнасць не ўтварае інфармацыі больш, чым усе астатнія ў сукупнасці. У такой сітуацыі чалавецтву, калі яно хоча захаваць сваю разнастайнасць, без перакладаў не абысціся. Людзі дажылі да разумення важнасці захавання экалогіі прыроды. Хацелася б, каб зразумелі і важнасць захавання лінгвістычнай экалогіі.

Злева направа: Вольга Гапеева, Зміцер Колас, Алена Пятровіч, Аксана Спрынчан. 2015

- Што б вы параілі перакладчыкам-пачаткоўцам? Аб якіх "падводных камянях" папярэдзілі б?

- Магу параіць хіба толькі ніколі не задавальняцца ўзроўнем свайго ведання моваў і сваімі перакладамі, заўсёды шукаць, дасканаліць тое, што здаецца ўжо дасканалым. Вучыцца, вучыцца, вучыцца. І да кожнага перакладу, напэўна, варта падыходзіць з уважлівасцю і насцярожанасцю пачаткоўца. Бо ўсе камяні толькі падводныя - над вадой яны не плаваюць. І можна спатыкнуцца там, дзе зусім не чакаеш. Як і ва ўсім астатнім у жыцці, у перакладзе важна, не "што" і "колькі", а "як".

- Ці можаце ўспомніць адну з цікавых гісторый, звязаных з вашай перакладчыцкай дзейнасцю?

- Напрыклад, была такая гісторыя. Калі перакладаў Сартра, сутыкнуўся ў тэксце з фразаю, дзе сяброўка не раіла гераіні апавядання ісці на скрыжаванне пэўных вуліц, каб не сутыкнуцца з мужам (ад якога гераіня сышла), бо звычайна той якраз у гэтым месцы чакае АЕ.

Што такое АЕ, было няясна, ніводзін слоўнік не даваў ніякага варыянту, інтэрнэту тады не было (а пераклад рабіўся, калі я працаваў у Алжыры). Неўзабаве на ўчастак палявых даследаванняў, дзе я быў з геолагамі ў той момант, калі натрапіў на дзівакаватае АЕ, прыехаў тэхнік-француз па абслугоўванні свідравальных машынаў. Я звярнуўся да яго як да носьбіта мовы. Ён прачытаў тэкст, пачухаў патыліцу і сказаў: "Не ведаю, што гэта. Гэтыя пісьменнікі часам пішуць абы-што!"

Калі я вярнуўся з поля, пайшоў у французскі ліцэй, што быў у нашым горадзе і дзе працаваў мой знаёмы француз-выкладчык літаратуры. На маё пытанне, ці можа быць АЕ нейкім аўтобусам, ён адказаў, што, відаць, так і ёсць: А = аўтобус, autobus, а вось што такое Е - няясна, можа быць "extraurbain", то бок "пазагародні", на маё сумненне, што, маўляў, увогуле такія аўтобусы называюць "de banlieu" - "прыгарадны", ён пагадзіўся, але выказаў здагадку, што, можа быць, у 30-я гады ХХ ст. іх называлі іначай.

Словам, на аўтобусе ўсё і спынілася - гэтага было дастаткова для апісання сітуацыі. Але АЕ засталося загадкай. Прыкладна праз пару тыдняў мяне раптам накіравалі ў камандзіроўку ў Бешар (у Сахару), з якой мэтай - не было вядома ні мне, ні дырэктару нашага аддзялення геалагічнай кампаніі (загад прыйшоў па тэлексе са сталіцы).

Інтэрв'ю для канала БелСАТ. 2016

Прыляцеўшы ў Бешар, я высветліў, што ніхто мяне там не чакае, дырэктар тамтэйшага аддзялення не ведаў, навошта мяне да іх прыслалі, ніводнага геолага з СССР на той момант у Бешары не было. Пачалі спрабаваць звязацца са сталічнай дырэкцыяй, але ж... Сахара, сувязь толькі па тэлексе і вельмі кепская, а дакладней - пару дзён увогуле ніякай сувязі. Я бавіў час у кампаніі з двума геолагамі-палякамі, якія скончылі свае даследаванні і пісалі справаздачу. Урэшце з цэнтра прыйшла інфармацыя, што адбылася памылка: мяне пераблыталі з польскім перакладчыкам...

Я ўзяў білет на самалёт, але пачаўся самум (пясчаная бура), і ўсе рэйсы былі адмененыя. Праз пару гадзін, ратуючыся ад пясчанай навалы, з поля ў Бешар вярнулася невялічкая геалагічная партыя на чале са 80-гадовым прафесарам-французам. Усіх засялілі ў тую кватэру, дзе жыў я, і стары геолаг аказаўся са мной у адным пакоі. У размовах, якія мы вялі ледзь не ўсю ноч, я не змог не задаць яму пытання, якое мяне не адпускала: "Чым усё-ткі можа быць АЕ?" Бо ён чалавек сталага ўзросту, жыў у тым самым Парыжы ў тыя самыя 30-я гады.

Стары геолаг пахітаў галавою: "АЕ - гэта сапраўды аўтобус, але зусім не "extraurbain", не "пазагародні", а звычайны гарадскі маршрут, проста ў 30-я гады маршруты пазначаліся не лічбамі, а літарамі: А, В, С... а калі алфавіт скончыўся, пайшлі падвойныя: АА, АВ, АС... Так што АЕ - аўтобус маршруту АЕ. Патрэбна было супасці столькім абставінам і непаразуменням, каб звесці перакладчыка і носьбіта патрэбнай інфармацыі ва ўзбунтаванай пясчанаю бурай Сахары і паставіць кропку ў гэтай гісторыі.

А ў тэксце перакладу так і застаўся проста "аўтобус".

Гутарыла Алена Босава, фота: Віка Трэнас, для lit-bel.org