«Дзікая сліва» — новая кніга Валянціны Аксак

«“Дзікая сліва” — гэта свет несвядомай прыроды, першароднага граху і безабароннай душы. Свет, у якім згубіліся словы і знайшоўся сэнс», — паведамляе анатацыя, і такім чынам дае чытачам ключ ад брамы, за якой знаходзіцца паэтычны сад спадарыні Валянціны.

Праўда, адкрыецца гэтая брама не перад кожным, а перад тым, хто здольны ўспрыняць найтанчэйшыя рухі душы лірычнай гераіні, таму, хто любіць і цэніць паэзію філасофскую і гатовы правесці прыемны зімовы вечар ля каміна, накрыўшыся цёплым пледам, са зборнікам вершаў у адной руцэ і келіхам дарагога віна ў другой. Як вядома, добрыя напоі з часам толькі паляпшаюцца і мацнеюць, набываюць унікальны смак. Так сама, як і добрыя вершы.  

Вытанчаная жаноцкасць, шляхетная інтэлігентнасць і ўменне проста і карэктна распавесці пра складаныя сітуацыі і пра сэнс самога жыцця, безумоўна, прывабліваюць у гэтай кнізе. Эмоцыі, вытрыманыя часам, думкі, спраўджаныя на ўласным досведзе — sapienti sat. Сказанага дастаткова.

Разумее

Уваходзячы ў сад,

нізка голаў схіляю,

кланяюся і прашу,

каб дазволіў пабыць

у ягоных шатах.

Гладзіць галінамі рукі,

казыча карэннямі ногі,

упрыгожвае лістотай валасы,

атуляе водарам сэрца,

наталяе цішшу душу.

Разумее.

Валянціна Аксак        

 

Віка Трэнас, для lit-bel.org