Дзмітры Плакс: "НІХТО не разумее напоўніцу, што кажа паэт"

Дзмітры Плакс – мастак, пісьменнік, перакладчык. Нарадзіўся ў 1970 г. у Мінску. Жыве і працуе ў Стакгольме.
Не так даўно ў Бібліятэчцы часопіса "Дзеяслоў" выйшаў зборнік вершаваных перакладаў адной з самых вядомых шведскіх паэтак Катарыны Фростэнсан "Чыстая краіна". На беларускую мову паэзію аўтаркі перастварыў Дзмітры Плакс, які таксама аздобіў кнігу сваімі фотаздымкамі.

— Дзмітры, раскажыце, чаму для перакладу Вы абралі менавіта вершы Катарыны Фростэнсан?

— Не ведаю. Напэўна, таму, што я падзяляю ўсё, што чытаю, на дзве вялікія катэгорыі… Як бы гэта лепш сфармуляваць… Ну, скажам, "разумею-не разумею". І, адпаведна, "магу-не магу". Я да канца не разумею, як піша Катарына Фростэнсан і, вядома, не магу пісаць так сам. Што вельмі цікава.

— То бок за пераклады Катарыны Фростэнсан Вы ўзяліся, каб выпрабаваць сябе? Паспрабаваць самому, рухаючыся за словам Катарыны, пісаць, як яна?

— Не, пісаць, як яна, я намеру не маю, гэта наўрад ці магчыма дый папросту не трэба. А вось перакладаць такую літаратуру — занятак захапляльны, тут ёсць элемент выпрабавання, тэст на адчуванне тых моваў, якімі ты карыстаешся.

— У прадмове да кнігі Вы адзначылі: "Насамрэч перакласці такую паэзію немагчыма. Але спакуса для перакладчыка тут вельмі вялікая, і я патраціў шмат часу на тое, каб выбраць патрэбнае слова, паспрабаваць пакінуць, хаця б дзе-нідзе, цудоўную шматсэнсоўнасць, выкрыць за гравійным пылам баразну вужакі і бляск карабельнага срэбра…" Як Вам падаецца, наколькі поўна Вы здолелі перадаць па-беларуску сэнсы і гучанне вершаў Катарыны Фростэнсан?

— У найлепшым выпадку — адсоткаў на пятнаццаць.

— А як быць у такім выпадку з чытачом? Калі Вам удалося перадаць усяго пятнаццаць адсоткаў арыгінальнага тэксту і задумы, наколькі ж, на Вашую думку, адчуе Катарыну ў Вашых перакладах чытач?

— Вы задаяце мне пытанне пра ацэнку маёй уласнай працы, гэта ад пачатку, на маю думку, не зусім карэктны падыход, бо ацэньваць працу, асабліва творчую, аднаго чалавека мусяць іншыя, а не ён сам. Але, вядома, Вы маеце права задаваць тыя пытанні, якія Вам падаюцца істотнымі, а я ўжо адказваю, як здольны. Я не магу аб’ектыўна ацэньваць вынікі сваёй працы і не належу да той катэгорыі перакладчыкаў, якія могуць заявіць нешта кшталту таго, што той ці іншы аўтар гучыць лепш у іх перакладзе, чым у арыгінале, хаця такое мне даводзілася чуць. Мне здаецца, што пераклад заўжды горшы за арыгінал, бо ёсць працай апасродкаванай, якая не зыходзіць з першаснай задумы. Груба кажучы, арыгінал — гэта ўвасабленне ідэі, пераклад — ілюстрацыя.

Але трэба разумець і іншае. Тыя ўмоўныя "пятнаццаць адсоткаў", якія даходзяць да чытача праз пераклад, дапусцім, Лоркі, будуць усё роўна лепшымі за стоадсоткавую "арыгінальнасць" якога-небудзь айчыннага "генерала ад літаратуры". Я ўпэўнены, што пятнаццаць адсоткаў Катарыны Фростэнсан даюць чытачу нашмат больш, чым сто адсоткаў, ну, скажам… Добра, не будзем пераходзіць на асобы.

Да таго ж, на маю думку, паэзія не ў словах. То бок не ў тых паверхневых сэнсах, якія мы прывыклі ўкладаць у тое ці іншае слова ці ў спалучэнні словаў. Асабліва паэзія найвышэйшага кшталту, заснаваная на вытоках мыслення, на тым механізме, які выкрывае шлях слова ад узнікнення ў мозгу да прамаўлення ў роце…

Я не маю на ўвазе, што я нібыта разумею нешта, чаго іншы не разумее. Я хачу сказаць, што НІХТО не разумее напоўніцу, што кажа паэт. Калі запісаць у радок словы, з якіх складаецца які-небудзь верш, ну, напрыклад, Мандэльштама, то атрымаецца бязглуздзіца. Але калі ты чытаеш верш…

У гэтым сэнсе пятнаццаць-дваццаць адсоткаў — гэта, верагодна, і ёсць лічба, што адпавядае разуменню і падлягае перадачы. Космас, даруйце за банальнасць…


Катарына Фростэнсан

 

— З якімі цяжкасцямі Вы сутыкнуліся, працуючы над перакладамі?

— Цяжкасці, здаецца, даволі відавочныя і выцякаюць з вышэйапісанай няздольнасці да канца зразумець і, як вынік, перадаць механізм пісьма. Плюс, канечне, катастрафічная нястача часу на паўнавартасную працу нават над тым, што разумееш. Бо каб цалкам перадаць хаця б тое, што магчыма перадаць, трэба патраціць вельмі шмат часу, прыдумваючы паралельную арыгінальнай моўную прастору. Як гэта, прыкладам, зрабіў Алесь Разанаў, перакладаючы Веліміра Хлебнікава. Я таксама паспрабаваў зрабіць падобнае з паэзіяй Катарыны Фростэнсан, але мяне пакуль што хапіла толькі на дзесяць тэкстаў. У дужках адзначу, што я, вядома, не параўноўваю сябе з класікам.

— Ці ўзнікала ў Вас патрэба звяртацца па кансультацыі да самой паэткі? У Вас, у адрозненне ад Разанава, такая магчымасць была. І наогул, ці часта Вы раіцеся з тымі аўтарамі, якіх перакладаеце?

— Была і магчымасць, і патрэба і некалькі разоў звяртаўся. Раюся нячаста, але амаль заўжды сустракаюся і размаўляю — доўга і дэтальна — пра тое, што рухае аўтарам у яго працы, у чым ён сам бачыць аснову сваёй творчасці, што для яго ёсць найважнейшым ва ўласных тэкстах, на якія кампрамісы і страты — неабходныя падчас мастацкага перакладу — ён гатовы пайсці і так далей. Гэта папярэдне. Пасля таго як пераклад зроблены, сустракаюся другі раз, каб расказаць, што, на маю думку, удалося данесці, чым давялося ахвяраваць, і прачытаць уголас тое, што атрымалася. Адпаведнасць гукавой карцінкі перакладу арыгіналу вельмі важная як для мяне самога, так і для пераважнай большасці паэтаў, з якімі мне пашанцавала працаваць.

— Ці верыце Вы ў тое, што паэзію наагул магчыма перакласці на іншую мову? Да якой ступені гэта будзе тая самая паэзія?

— Думаю, магчыма: менавіта ў тым сэнсе, пра які я казаў у адказе на адно з папярэдніх пытанняў. У такім выпадку гэта будзе "тая самая" паэзія — пры ўмове, што калібр перакладчыка супадае з калібрам паэта. Ну, да прыкладу, калі я чытаю Шэкспіра ў перакладзе Пастарнака, я разумею, што чытаю Пастарнака. Але паколькі ўзровень паэтычнага таленту, як мне падаецца, тут больш ці менш супадае, то пераклад атрымліваецца адэкватны. То бок калі б Шэкспір пісаў па-руску, ён бы пісаў неяк так… Гэта, вядома, трохі спрошчаная трактоўка, бо не ўсе вялікія паэты такія ж вялікія перакладчыкі (праца перакладчыка патрабуе і толькі ёй самой уласцівых талентаў), але сэнс таго, што я хачу тут давесці, я думаю, зразумелы.

— Апошнім часам па-беларуску выходзіць даволі шмат перакладных кніг са шведскай мовы. Але паэтычных зборнікаў сярод іх вельмі мала. Ці плануецца выданне іншых перакладных кніг шведскай паэзіі ў хуткім часе? Каго са шведскіх паэтаў Вы цяпер перакладаеце?

— Я, на жаль, ведаю вельмі мала пра планы беларускіх выдаўцоў. Я не разглядаю перакладчыцкую дзейнасць як асноўную галіну сваёй працы і таму перакладаю часцей за ўсё "на замову" (выпадак з Катарынай Фростэнсан — нешта кшталту выключэння з правіл). Апошнім часам такія замовы паступаюць толькі на пераклады ў адваротны бок — з беларускай на шведскую.

— А якое стаўленне да паэзіі ў Швецыі? Наколькі я ведаю, зборнікі паэзіі выходзяць даволі малымі накладамі. Але чым адметная сучасная паэтычная сцэна Швецыі, калі можна так сказаць? Хто піша і чытае паэзію ў Швецыі цяпер?

— Я заўжды трохі губляюся, калі мне даводзіцца адказваць на пытанні агульнага характару, то бок "за ўсіх". Якое стаўленне да паэзіі — у каго? Я не ведаю, хто такі "сярэдні швед", ніколі яго не бачыў. Людзі, з якімі я маю кантакт, чытаюць шмат паэзіі. Хаця кніжкі сапраўды выходзяць адносна невялікімі накладамі. У той жа Катарыны Фростэнсан гэта недзе, калі не памыляюся, дзве-тры тысячы асобнікаў, а яна вельмі вядомы паэт.

Адметнасць, на маю сціплую думку, — у вельмі высокім узроўні эксперыменту. Сучасныя шведскія паэты часта выпрацоўваюць не толькі ўласную вобразнасць і інтанацыю, але — літаральна — уласную мову. І гэта неверагодна цікава мне як чытачу. Кніжкі Катарыны Фростэнсан, Ёрана Сонэві і, скажам, Ёргена Гасілеўскага напісаныя, я лічу, на трох розных шведскіх мовах. Сама па сабе патрэба ў выпрацоўцы сваёй мовы не ёсць нечым унікальным — усе буйныя пісьменнікі так ці інакш гэтым займаюцца, але ў сучаснай шведскай літаратуры паэтаў, якім гэта ўдаецца, вельмі шмат, а вось празаікаў амаль няма. Такі вось "паэтычны" перакос…

Не ўспрыміце за амікашонства і фанабэрыю, але найлепшым адказам на Вашае апошняе пытанне мне падаецца наступны: пішуць — паэты, а чытаюць — чытачы. Як заўжды і паўсюль…

— Чым абумоўленае, на Вашую думку, аслабленне цікавасці да паэзіі з боку айчыннага і еўрапейскага чытача ў параўнанні з мінулым? Якім Вам бачыцца лёс паэтычнага слова ў кампутарызаваную эпоху?

— Пра беларускага чытача, як і пра выдаўцоў, я ведаю вельмі мала, таму ад нейкага выказвання ўстрымаюся. Пэўнае ж аслабленне цікавасці да паэзіі сучаснага шведскага чытача (пра ўсю Еўропу зноў жа казаць не наважуся) у параўнанні, напрыклад, з нацыянальна-рамантычным перыядам, абумоўленае натуральным развіццём паэзіі.

Пафасныя, напісаныя "звонкім ямбам" вершы пра нейкую наканаваную адметнасць радзімы і народа, якія ў перыяд нацыянальнага рамантызму чытаюцца і ўспрымаюцца "шырокімі масамі" як найвышэйшая ісціна і спараджаюць "нацыянальных скальдаў", папросту немагчымыя сёння, бо ўспрымаюцца як чысты анахранізм — і гэта ў найлепшым выпадку. Сучасная паэзія вырашае іншыя, як мне падаецца, менш публічныя і больш складаныя задачы, і таму патрабуе іншага чытання, калі хочаце, больш падрыхтаванага, глыбокага, прафесійнага. А прафесіяналаў паводле азначэння не бывае гэтак жа шмат, як аматараў.

Я не ведаю, як дакладна залежыць лёс слова ад носьбіта інфармацыі. Розніца ў перцэпцыі паміж вусным і друкаваным словам для мяне відавочная, але як розняцца словы, надрукаваныя на паперы, ад словаў на экране, я пакуль што да канца не разабраўся.

Фота – Maria Söderberg і Аляксандр “Tarantino” Ждановіч

Юля Цімафеева, budzma.org