Дзмітры Плакс: "Прастора без культуры"

Дзмітры Плакс. Фота Алены Казловай.

Часам здаецца, што Studio Total адкрыла на ўсходзе маленькую дзіўную краіну. Цэль плюшавага бамбавання, месца існавання смешнаватага вар’ята-дыктатара і пагрозлівай, але разгубленай службы бяспекі, якая дагэтуль – толькі падумаць! – носіць назву КГБ. Іншымі словамі – удзячны аб’ект для PR-акцыі: страшны ды забаўны ў дастаткова вялікіх колькасцях і дакладна размеркаваных прапорцыях, да таго ж лёгкі для ўплыву. Ну і, пэўна, так і ёсць. Пэўна ж, ведаюць PR-прафесіяналы сваю працу. Усё ж адкрылі яны тую маленькую краіну, так. Капелюшы далоў.

Бюро піяру ведае, як функцыянуюць мас-медыя. З гэтага гледзішча падзея выйшла амаль дасканалая: заданне на службе дэмакратыі, праведзенае з рызыкай для ўласнага жыцця; адважная акцыя нашых шведскіх піяраўцаў – тых самых, якіх інтэлігенцыя так радасна ненавідзіць... Немагчыма не зразумець і сімволіку: мяккая цацка, з якой усе знаёмыя з дзяцінства; пасланне свабоды, мілае сэрцу практычна кожнага.

«Дагуляліся, спадар дыктатар. Нас не перамагчы. Мы – у спальні ў вашага дзіцяці».

То бок – мэты, можна сказаць, дасягнулі. Выдатна, але мэты памылковай. Не таму, што супрацоўнікі Studio Total недзе так ужо яўна памыліліся, не таму, што іхняя PR-акцыя, як кажуць, прынесла найбольшы плён ім самім, нат не таму, што яны, магчыма, нясуць маральную адказнасць за тых двух хлопцаў, якія месяц правялі ў зняволенні, абвінавачаныя ў тым, што дапамагалі нелегальна перасекчы мяжу.

Мэта памылковая, бо яна не роўнавялікая праблеме. Той жахлівы дыктатар, які ўжо 18 гадоў выпіхвае апазіцыйных дзеячаў з палітычнага (а часам і не толькі) жыцця, які зруйнаваў свабодную прэсу і грамадзянскую супольнасць, які, лічы, сфальшаваў усе выбары, колькі іх было пасля 1994 году, перапісаў законы на свой капыл, знішчыў амаль усе дэмакратычныя інстытуцыі, брутальна душыць спробы пратэсту – ён не праблема. Ён – вынік праблемы.

А праблема называецца – бескультур’е. Ёсць розныя вызначэнні таго, што такое культура, але давайце дапусцім, што культура – гэта тое «нешта», якое ператварае насельніцтва ў народ.

Тая супольная эталонная база, да якой усе, хто жыве ў пэўнай краіне, у канкрэтным грамадстве, маюць магчымасць звярнуцца. Гэтая база дадзеных, сістэма агульных рэферэнцый, павінна ўвесь час вызначацца наноў – толькі так можна падтрымліваць жывы культурны працэс. Гэткую няспынную будоўлю можна, агулам кажучы, весці дваякім чынам: «уключальным» і «выключальным». Калі культура будуецца выключальным шляхам, мэта вядомая загадзя: праца і высілкі скіраваныя да «залатога веку» недзе ў мінулым, калі ўсё было ўтульна, пачуцці былі сапраўдныя, дзяўчаты запляталі коскі і мелі чырвоныя шчокі, а хлопцы – моцны поціск рукі і строгі, але справядлівы позірк. Гэты пошук цнатлівасці ды вытокаў ідзе часцей за ўсё плячо ў плячо з нацыяналістычнымі ідэямі, а імкненне дасягнуць крыніцаў чысціні прыводзіць, раней ці пазней, да тых ці іншых формаў нацызму.

Уключальны шлях спрабуе знайсці месца і кантэкст для новых праяваў, абагульніць усе магчымыя ўплывы, пункты гледжання і пабудаваць сістэму рэферэнцыяў, якая давала б розным групам у грамадстве ўсведамленне нязмушанай супольнасці з іншымі. Такая будоўля стварае месца для ўсіх і кожнага. Цяжка сказаць, куды прывядзе ўключальны шлях – культурны працэс будучыні такі ж праблематычны, як і сама будучыня. Але найбольш верагодна, што той, хто мае не адну дамінантную ідэнтычнасць (нацыянальную), а некалькі, – гэта і будаўнік, і носьбіт уключальнай культуры. І можна з вялікай доляй упэўненасці сказаць, што да нацызму ці іншых недэмакратычных ідэалогій такі шлях наўрад ці прывядзе, бо культуру разнастайную, якая не злучаецца ў ідэалагічнае цэлае, надта цяжка кантраляваць, таталітарызм не дае тут рады.

Абодва гэтыя шляхі маюць, аднак, акрамя аднолькавага метаду – перавызначэння, няспыннай будоўлі (хоць і ў дыяметральна супрацьлеглыя бакі) – яшчэ нешта супольнае. А менавіта – уяўленне пра традыцыю, унармаваную нацыянальную ідэнтычнасць, да якой трэба вярнуцца – ці ад якой, наадварот, адысці; якую трэба абараніць ад любога «чужога» ўплыву – ці будаваць далей з ягонай дапамогай. Трохі спрашчаючы, можна сказаць: ніхто не ведае, што такое «шведскасць», але ўсе маюць да гэтага няпэўнага паняцця нейкае стаўленне.

І калі нехта кажа: «Я – швед», дык гэта можа азначаць даволі розныя і нават супрацьлеглыя рэчы, але адначасова будзе цалкам зразумелым.

Нават адмаўленне шведскасці азначае, што яна, пэўна ж, ёсць. Як казаў паэт: «Я не дома ў гэтай краіне, але гэтая краіна паводзіць сябе як дома ўва мне!» Культура, такім чынам, дапамагае індывіду стварыць сваю ідэнтычнасць – ці то разам з паноўнай нормай, ці то насуперак ёй, але заўжды ў сугуччы з той несканчонай будоўляй, заўжды ў пераасэнсаванні паняццяў, у пытаннях, дыскусіях пра агульнапрынятыя ўяўленні, у няспынным руху.

Сказаўшы ўсё гэта і маючы ў галаве вышэйназваныя дапушчэнні, можна паспрабаваць зноў прыгледзецца да мэты плюшавага бамбавання на ўсходзе. Бо гэтая ўсходняя дзяржава – страшны прыклад таго, што адбываецца з краінай і народам, якіх пазбаўляюць сваёй культуры, дзе культурны працэс гвалтоўна спыняецца і агульная сістэма рэферэнцый змываецца ў мора пустых лозунгаў і татальнай адсутнасці гісторыі.

І тут мы набліжаемся да праблемаў, якім не дадуць рады ўсе мядзведзікі, колькі іх ні ёсць на свеце, да балючых і супярэчлівых пытанняў, пра якія трэба гаварыць і дыскутаваць. Калі ты не можаш растлумачыць, хто ты такі, гэта вызначыць нехта іншы. Калі ты не можаш паказаць сваю культуру, ты знікаеш у іншай. Калі ты не маеш права на матчыну мову, ты будзеш размаўляць на іншай. Калі ты не здолееш сказаць, як цябе завуць, цябе будуць клікаць па-іншаму.

Усяму гэтаму мы маем прыклад. Маленькая краіна за 800 кіламетраў адгэтуль на ўсход. Спадзяюся, вы ведаеце, як тая краіна завецца.

Дзмітры Плакс,

Пераклад аўтара.

n-europe.eu