Дзмітры Плакс: Трэба сістэмна перакладаць сучасную беларускую літаратуру

Пісьменнік, перакладчык, журналіст Дзмітры Плакс ужо даўно жыве ў Швецыі, аднак ягонае жыццё непарыўна звязанае з Беларуссю. З 2004 па 2009 год Дзмітры быў кіраўніком беларускай службы Шведскага радыё.

Дзмітры Плакс са сваёй кнігай на кніжным кірмашы ў Гётэборгу (Швецыя). Фота Алены Казловай

Спадар Плакс распавёў, як і чым жыве на сённяшні дзень беларуская нацыянальная меншасць у Швецыі:

- У Швецыі беларусаў не вельмі шмат. Ёсць арганізацыя "Беларуская суполка". Як і ўсе такога кшталту арганізацыі, дыяспары, яна займаецца захаваннем пэўных традыцый, людзі там збіраюцца дзеля таго, каб пагутарыць па-беларуску, каб разам адзначаць святы, напрыклад, Дзень Волі ці Каляды, то бок звычайная праца для арганізацыі дыяспары. Вось зараз была гэтая справа з бел-чырвона-белым сцягам на Чэмпіянаце свету, то таксама ўдзельнічалі там у маніфестацыях.

РР: Беларусы ў Швецыі, напэўна, інтэгруюцца ў шведскую культуру. Што агульнага і што рознага ў шведскай і беларускай культурах? 

- Тут ёсць вельмі шмат аспектаў. Калі казаць агулам, то пэўная праблематыка супольная. Бо беларуская культура – маленькая, лакальная, перыферыйная культура, як і шведская. Ёсць праблематыка і моўная, безумоўна, не такая, як у Беларусі канечне ж, але шведская мова таксама маленькая мова, лакальная мова.

РР: На Вашую думку, ці вялікае значэнне мела беларуская служба Шведскага радыё для нацыянальнай меншасці беларусаў у Швецыі?

- У той час гэта было вельмі важна. Мне так падаецца, бо беларуская служба радыё Швецыя была такім цэнтрам беларускага жыцця. Да нас прыходзілі з рознымі праблемамі. Можна сказаць, што гэта было кшталту альтэрнатыўнай амбасады. Бо калі ў Швецыю прыязджалі тыя ж дзеячы беларускай культуры не па лініі амбасады, то яны, вядома, ішлі да нас. Яны мелі магчымасць быць пачутымі аўдыторыяй і ў Беларусі. Трэба адзначыць, што ніякай заангажаванасці палітычнай у беларускай службы не было. 

РР: Ці бачыце Вы нейкі варыянт аднаўлення такой службы ў Швецыі? 

- Іншамоўнае замежнае вяшчанне перажывае цяпер не самы лепшы час, як Вы, напэўна, ведаеце. Увогуле пытанне пра тое, ці патрэбна захаваць вяшчанне на кароткіх хвалях, стаіць вельмі востра, наколькі я разумею, на іншых радыёстанцыях таксама. У Швецыі вяшчанне на кароткіх хвалях у 2009 годзе было скасавана цалкам. То бок гэта не толькі беларускую службу закрылі. З гэтага вынікае: я не думаю, што можна аднавіць такое вяшчанне, бо няма перадумоваў агульных, справа не ў беларускай мове як такой. 

РР: Вы займаецеся таксама перакладамі. На Вашую думку, што варта было б перакласці з беларускай на шведскую мову?

- Паколькі гэтых перакладаў існуе вельмі мала на сённяшні дзень, то варта ўвогуле павялічыць колькасць перакладаў, пазнаёміць шведскага чытача з беларускай літаратурай, бо існуюць літаральна толькі адзінкі такіх кніг. Трэба сістэмна перакладаць сучасную беларускую літаратуру, каб паказаць, што яна ёсць, што яна жывая.

РР: Вы амаль 20 гадоў за мяжой, а што для Вас Радзіма?

- Ведаеце, я такімі катэгорыямі не думаю. Для мяне як для чалавека, які нарадзіўся за савецкім часам, гэта такія высокія словы... яны ў пэўны момант страцілі сэнс, і да цяперашняга часу яны сэнсу яшчэ не набылі. Той Беларусі, якую я пакінуў у свой час, няма. Мне, па вялікім рахунку, няма куды вяртацца. Сённяшняя краіна - гэта цалкам іншая краіна. Гэта тое, што выгнанне робіць з людзьмі такога кшталту, як я, - страчваецца пачуццё дому. Я не адчуваю сябе дома ў Беларусі, калі я там бываю, і не адчуваю сабе дома ў Швецыі, нягледзячы на тое, што я там пражыў так шмат гадоў.

Дзякуючы Дзмітрыю Плаксу ў Швецыі выйшлі кнігі Барыса Пятровіча - "Фрэскі" і "Плошча", паэтычны зборнік Андрэя Хадановіча "Вольныя вершы", кніга шведскай пісьменніцы Астрыд Ліндгрэн "Піпі Доўгаяпанчоха" была перакладзена на беларускую мову. Таксама ён з’яўляецца аўтарам кароткай п'есы пра беларускага вязня сумлення Алеся Бяляцкага на Першым канале нацыянальнага радыё Швецыі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Алены Казловай

racyja.eu