Дзве Крывіі: Алесь Мікус расчытвае Ластоўскага

У Менску перавыдадзеная “Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі”, якую ў 1926 г. у Коўне выдрукаваў Вацлаў Ластоўскі. Фаліянт на 775 старонак буйным фарматам выдадзены немалым накладам у тысячу асобнікаў, выданне ажыццёўленае супольнымі высілкамі Нацыянальнай бібліятэкі і выдавецтва “Мастацкая літаратура”.

 

Кніга знойдзе сваё належнае месца на паліцы побач з выдадзенымі выдавецтвам “Arche” залетась “Летапісамі і хронікамі Беларусі” на 900 старонак.

Убаку пакінем разгляд значнасці гэтай падзеі для грамадска-культурнага ландшафту краіны, яе ўплывы на бліжэйшую будучыню і матывацыі з’яўлення кнігі менавіта сёння.

Крыху паглыбімся ў феномен гэтай Властавай кнігі, бо тут ёсць што сказаць дагэтуль не сказанага.

Звычайна, калі кажуць пра творчую спадчыну Ластоўскага, на першы план выходзіць рэдагаваны ім часопіс “Крывіч”, які ён выдаваў у літоўскім Коўне ў 1923-27 гадах.

“Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі” згадваецца больш сціпла, але менавіта яна – галоўны даробак Ластоўскага. Артыкулы з “Крывіча”, калі адкінуць нататкі з нагоды актуалій, у гэтай кнізе кладуцца ў складны і цэльны выклад.

 

І. Ластоўскі-дэміург

Ластоўскі ўспрымаў мінуўшчыну як выхадзец адтуль, адкуль ён выйшаў. З вясковай Дзісеншчыны, з роду, дзе ад бацькі да сына перадавалася знахарскае ўменне (Ластоўскі сам гэта адзначаў).

Рэчаіснасць таму ён успрымаў на архаічны лад: асноўная вартасць – гэта цэнтр, вакол якога ўсё круціцца, а адбывацца павінна ўпарадкаванне хаосу, ператварэнне яго ў парадак.

Што да цэнтру, дык гэтым найлепей тлумачыцца тое, чаму Ластоўскі так заступаўся за крывічоў і “крыўскую” назву для Беларусі.

Не велічыня крывіцкага племя, відаць, мела быць падставай.

На самым пачатку “Гісторыі…” ён піша: крывічы сядзелі “ў Смаленску, у землях якога зыходзяцца вярхі чатырох вялікшых рэк скіраваных на ўсход, поўдзень, захад і поўнач (Волгі, Дняпра, Дзьвіны і Волхава)” (с. 2).

Ластоўскага матываваў цэнтр скрыжавання, пачатак пашырэння парадку ў свеце на чатыры бакі.

(Пазней, заўважым, ужо ў сучасным “крыўскім” мысленні гэтая ўстаноўка з’іначылася, крыху страціўшы гэтую пачаткова закладзеную архетыповасць, – знікла згадка драбнейшага ноўгарадскага Волхава, засталіся толькі “вялікія ўсходнееўрапейскія рэкі Дзвіна, Дняпро і Волга”. Але пра сучаснасць ніжэй.)

Другі момант: хаос Ластоўскі ўпарадкоўваў на космас праз працу з гісторыяй, з фіксаванай пісьмова мінуўшчынай.

Жыццё гэтага Краю, яго жыхароў ён разглядаў неад’емна ад старажытнасці да нашых дзён. (Дарэчная тут гэтая цытата ці не, але нельга не прывесці: “Праўдзівая зямля – толькі тая, на якой жыве крыўскі народ, гэта – крыўская зямля”, с. 57).

Пісаў: “Крывія, Русь, Літва – патройны вузел, трохпаверхі лабірынт, у якім блудзіла і дагэтуль блудзіць нашае націянальнае “я”, наша зборная душа”.

Якраз упільнаванню пераходаў ад перыяду да перыяду прысвечаны разгляд Ластоўскім розных пісьмовых помнікаў, што былі створаныя ў нашым Краі за ўвесь час агляднай гісторыі.

Моцны ўпарадкавальны розум Ластоўкага высунуў канцэпцыю пераадолення гэтага расколу на перыяды: “Напоў містычнаму імені Крывія празначана ў жыцці народу замкнуць круг гісторыі, быць ачышчальным агнём, магічным дарожным знакам, гаючай і жывучай вадой Адраджэньня Народу” (с. 138).

Адсюль бачна, што толькі ў такім кантэксце можна адэкватна ўхапіць разуменне Ластоўскім “Крывіі”.

Ён не меў на ўвазе штучна насунуць назву “Крывія” на “Беларусь”. Як праўдзіваму нашчадку знахароў, Ластоўскаму сунула ў галаву ўжыць знахарскі прынцып лекавання і звярнуцца да першапачаткаў, каб “сабраць” у здаровае цэлае раздзертую сучаснасць.

Зрэшты, сам гэты прынцып Ластоўскі высунуў, але належна ўсё ж не дастасаваў – толькі апісаў, класіфікаваў (“авалодаў” праз называнне, пералічэнне рэчаў) падзеі мінуўшчыны, але ўласна “крыўскае”, архаічна-першапачатковае, як бачыцца, так і не дастасаваў.

Відаць, не знайшоўся як. Бо ўхапіўся, аказалася, за рэалію больш складаную і разгалінаваную (і фундаментальна мазаічную), чым тое, што меў у сябе на малой радзіме.

Што Ластоўскаму галоўным чынам рупіла менавіта гэтая раздзертасць, пра тое сведчаць яго адмысловыя акцэнты на гэтым на працягу ўсёй “Гісторыі…”.

Напрыклад: “Збудаванае высілкамі Міндаўга, Альгерда і Вітаўта в.кн. Літоўскае было фізычна вялікім і, ў выпадках аднадушнасці, грозным для суседзяў, але ў грунце слабым духова, бо ня мела ні супольнай гістарычнай традыціі, якая творыць націянальную культуру, ні адзінага веравызнаньня, ані аднастайнай жывой мовы” (с. 244).

У іншых месцах ён наракае, што нашая мінуўшчына – гэта “награмаджаньне супярэчнасьцяў”, “памяшаньне паняцьцяў”, “бязвыходны круг супярэчнасьцяў” (апошні выраз паўтараецца ажно чатыры разы).

Адсюль, дарэчы, можна выказацца і наконт вытокаў пазнейшай грамадска-палітычнай эвалюцыі Ластоўскага (неўзабаве перабраўся ў падсавецкі Менск).

Асаблівасць тыпу розуму, які мы можам назваць “знахарскім” (або ў гэтым выпадку нават хутчэй – “пост-знахарскім”) і які, відаць, меў і Ластоўкі, – ён не мае інтэнцыі змагацца з сістэмай, што ўстаялася, з праяўленым парадкам. Тое хутчэй уласціва людзям “ваярскага” тыпу.

Што ёсць тут, дык гэта прыродная інтэнцыя тварыць парадак з хаосу, здабываць гліну з каламуці.

Час адкрытых магчымасцяў (разяўленых “шчылінаў” паміж светамі) пры канцы 1920-х гадоў мінуў, перыяд нацыятварэння скончыўся, парадкі ўстаяліся.

Трэба было або будаваць парадак меншага ўзроўню (унутры ўжо створанага большага), або ствараць такую мадэль, у якую існы парадак убудоўваўся б як цаглінка.

Ластоўскі выбраў першае, бо для другога трэба было знаходзіцца ў “міфалагічным цэнтры”, маючы яго моц.

 

ІІ. Крыўя ў мінуласьці і сучаснасьці

Грунтам для Ластоўскага ў плане стварэння цэльнасці, цэльнага вобразу быў моўны фактар. Тым, што скрапляла ўсё, была для Ластоўскага “жывая крыўская мова”.

Мова меркавалася нязменнай (прынамсі, ядрава) ад стара-крывіцкіх часоў (калі крывічы сядзелі на вярхах рэк) і да нашых дзён, захаваная вясковым маўленнем.

Гэта значыць – славянская збольшага мова, уходнеславянская. Цэльнасць, якою так рупіўся Ластоўскі, распадаецца, калі абвяргаецца моўная “славяна-крыўскасць”.

Такім чынам, “крыўскае” для Ластоўскага – гэта было не гэтулькі вяртанне да вытокаў ці пачатак новага цыклу.

“Крыўскім” для яго была адно мова, нібыта адвечная ды спракаветная, чырвоная нітка, што праходзіць праз усе перыяды і злучае ўсё ад няпамятнай старажытнасці да сучаснасці.

Ці такім ужо прыхільным быў Ластоўскі да архаікі? Думаецца, архаіку ён не абагаўляў. Яна была пачаткам нашай гісторыі, але не была для яго самамэтай, безумоўнай каштоўнасцю.

Аджа, такою была для Власта “народная крыўская мова”.

Сучасная крыўская ідэя (пра такую можна казаць з пачатку 1990-х гадоў) у гэтым сэнсе, наадварот, абрынула гмах Властавай Крывіі.

Скарыстаўшы найноўшыя (другая палова ХХ ст.) навуковыя звесткі пра балцкасць і балцкамоўнасць першапродкаў беларусаў, размылі галоўнае Властава апірышча – тэзіс пра адвечнасць беларускай, крыўскай мовы.

Замест гэтага сучасная крыўская ідэя за кутні камень паставіла архаіку, даўнейшасць. Балцкую спадчыну беларусаў (што казаць, калі нават назва Крывіі, калі верыць навуцы, паходзіць ад балцкага krivis ‘жрэц, крэў’).

І гэтым – што найбольш істотна – падкрэслілі мазаічнасць вобразу нашай мінуўшчыны. Выкасавалі пазнейшае (дакладней, талеруецца толькі тое, што так ці іначай суадносіцца з пярвейшым, з архаічным, з балцка-крыўскім).

Як бы там ні было, але крыўская ідэя Ластоўскага ды цяперашняя крыўская ідэя адрозніваюцца.

Першая ўсё, што было тут раней, прызнавала і ўзвышала на п’едэстал. Другая – сегрэгуе і суадносіць з найдаўнейшай архаікай, з пачаткамі чалавечай супольнасці, дыферэнцыяванай этнічна.

Нарэшце, яшчэ адна думка.

Няма, відаць, дзе паблізу яшчэ аднаго такога народу, як наш, які на працягу сваёй агляднай гісторыі так падзяляўся, паколваўся, размяжоўваўся.

Але гэта, як вядома, – асаблівасць такога міфалагічнага персанажа, як Змей (громападобны герой у міфах расчляняе яго).

Пра асабліва блізкае дачыненне старажытных балтаў, у тым ліку продкаў беларусаў, з міфалагічнымі Змяямі таксама не менш вядома. Вужоў у Вішнёва трымаюць і пагэтуль.

Тады пытанне: мо’ такая паколатасць на працягу мінуўшчыны была гэтым запраграмаваная?.. Пытанне з галіны тутэйшай гістарыясофіі.

А Вацлаў Ластоўскі надзвычай чуйна вызначыў, адкрыў гэты нэрвус нашай этна-нацыянальнай экзістэнцыі. І па-свойму досыць умела з гэтым даваў рады.

Пытанне толькі як даваць з гэтым рады сёння.

 

Алесь Мікус, svajksta.by

Чытайце таксама ў "Літаратурнай Беларусі" № 77