Дзве прэміі на сёмым Стральцоўскім фэсце (+ФОТА)

Арганізатары — ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» і ГА «Беларускі ПЭН-цэнтр». Партнёры: Шведскі саюз пісьменнікаў, Амбасада Каралеўства Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь, грамадская культурніцкая кампанія "Будзьма беларусамі!", галерэя TUT.BY.

Вечар быў адкрыты традыцыйна -- чытаннем вершаў Міхася Стральцова, патрона фестывалю, і ўзгадкамі пра яго.

Старшыня ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Барыс Пятровіч (Сачанка)

-- Верш, які зараз прагучаў, называецца "Бацькаўшчына", ён напісаны Міхасём Лявонавічам. Яго спадчына -- гэта і проза, і паэзія, і крытычныя артыкулы, літаратуразнаўчыя эсэ -- вяршыня нашага прыгожага пісьменства. Кожны яго твор -- гэта своеасаблівы дыямент у карону сучаснай беларускай літаратуры. Сем гадоў таму, калі толькі з'явілася задума правядзення міжнароднага паэтычнага фестывалю, ніхто не сумняваўся, чыё імя ён будзе насіць, тым больш, што гэта было напярэдадні 70-годдзя з дня нараджэння Міхася Стральцова. Геаграфія мерапрыемства пастаянна пашыралася, і пару год таму нават дасягнула Новай Зеландыі, -- распавядае Барыс Пятровіч. Далучылася да прывітанняў публіцы старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Таццяна Нядбай.

Галоўны рэдактар выдавецтва "Мастацкая літаратура" Віктар Шніп прадставіў нядаўна выдадзеную кнігу Міхася Стральцова «Я зноўку тут».

Адметнасць гэтага фестывалю -- Прэмія імя Міхася Стральцова, заснаваная ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" па ініцыятыве Алены Стральцовай. Прэмія адметная сваёй універсальнасцю і будзе ўручацца за творы розных жанраў, не толькі за паэзію. Акрамя звычайных у такіх выпадках дыплома і кветак -- выхад кнігі лаўрэата да дня адкрыцця фэсту, прычым так, каб імя пераможцы захоўвалася ў таямніцы непасрэдна да цырымоніі ўганаравання.

Алена Стральцова, удава Міхася Стральцова

Інтрыга ўдалася: віленскі беларус, паэт, празаік і перакладчык Алег Мінкін пабачыў сваю ўласную кнігу, выдадзеную адмыслова да прэміі Стральцова, упершыню толькі на вечарыне. Зборнік быў падрыхтаваны да друку без удзелу аўтара. Укладальнікам стаў Міхась Скобла, рэдактары -- Барыс Пятровіч і Алесь Пашкевіч, дызайн вокладкі Уладзімір Вішнеўскі.

Алег Мінкін

Журы прэміі Стральцова, куды ўвайшлі Алена Стральцова, Уладзімір Някляеў, Барыс Пятровіч, Міхась Скобла і Аксана Спрынчан, уганаравалі Алега Мінкіна "за метафарычнае багацце паэтычнай мовы, за тэматычную і метрычную разнастайнасць радка, за захаванне чысціні стылю і класічных традыцый літаратуры".

Другая не менш важная падзея ў межах Стральцоўскага фэсту -- узнагароджанне лаўрэатаў прэміі "Залаты апостраф" часопіса "Дзеяслоў". Пераможцамі сталі: у прозе Андрэй Федарэнка, у паэзіі Анатоль Брусевіч, у дэбюце Марына Булатоўская. Спецыяльную прэмію за ўнёсак у развіццё сучаснай беларускай літаратуры атрымаў Алесь Разанаў.

Урачыстасць працягнулася міні-канцэртам памяці Міхала Анемпадыстава. Песні на яго вершы выканала Кася Камоцкая.

Гл. таксама: Праграма другога дня фестывалю

Тэкст і фота: Віка Трэнас, для lit-bel.org