Дзве прэзентацыі альманаха “Справа” ў Кобрыне
Сустрэчы з чытачамі арганізаваў добры сябар і ўдзельнік Таварыства, пісьменнік, выдавец і трэнер па шахматах Сцяпан Іосіфавіч Давыдзюк.
Першая прэзентацыя праходзіла ў гарадской гімназіі, на сустрэчы прысутнічалі будучыя і патэнцыйныя аўтары другога нумару “Справы” – вучні 8-10 класаў і іх настаўнікі.
На прэзентацыі выступілі галоўны рэдактар “Справы” Алесь Наварыч, старшыня Таварыства Наталка Бабіна, кобрынскі інтэлектуал, сябра Таварыства Сцяпан Давыдзюк.
Вершы ўкраінскага класіка з Кобрына Дмытра Фалькіўскага прачытаў берасцейскі грамадскі дзеяч пан Міхайла Петруковіч. Вучні таксама ладна падрыхтаваліся да сустрэчы: шэсць маладых аўтараў прачыталі свае вершы, а таксама вельмі кранальную літаратурна-мастацкую замалёўку пра вернага сабаку Хаціко. Пасля адбыўся выступ народнага хору кобрынскага дома культуры “Поліські передзвони”, які выканаў шэраг народных украінскіх песень, а таксама – песню на словы знакамітага кобрынскага паэта Володимира Мурашкевича. Музыку напісала кіраўніца хору пані Зоя Ястрэмская.
Апошняя песня “Варэнікі” расцвяліла душы і страўнікі ўдзельнікаў прэзентацыі.
Сустрэча атрымалася кароткая, але, спадзяёмся, плённая – а знаёмства працягнецца пасля выпуску другога нумару “Справы”, на прэзентацыі якога будзе яшчэ больш вершаў і твораў.
У гэты ж дзень адбылася і другая прэзентацыя – ва ўстанове адукацыі “Кобрынскі дзяржаўны політэхнічны каледж”.
Удзячнай аўдыторыяй былі зусім не гуманітарыі, а будучыя рамеснікі, мастакі, сталяры, муляры і прадстаўнікі іншых карысных у свеце прафесій, а таксама іх выкладчыкі.
Але цікавасць аўдыторыі паказала: чым бы мы ні займаліся, а культура і радзіма нас яднае. Спадзяёмся, маладым людзям на сустрэчы было гэтак жа цікава і натхняльна, як і нашым пісьменнікам.
На развітанне студэнты каледжа зладзілі невялікі канцэрт. Моцна закранула неймавернае выкананне песень украінскіх гуртоў “С.К.А.Й.” і “Океан Ельзи”.
Сябры Таварыства нават сталі пераймацца, што выпускаюць альманахі, а не музычныя альбомы.
Шчыра дзякуем адміністрацыі гімназіі і каледжа за спагаду, а вучням і студэнтам – за цікавасць і натхняльныя зносіны. Спадзяёмся на наступную сустрэчу! І запрашаем дасылаць нам творы і лісты на адрас druzi.by@gmail.com для публікацыі ў другім нумары альманаха.
Таварыства выказвае агромністую падзяку Сцяпану Іосіфавічу Давыдзюку за арганізацыю прэзентацый і няменшую падзяку – дарагому сябру, Міхайлу Петруковічу, які на сваёй машыне даставіў удзельнікаў прэзентацыі “ад парога да парога” па маршруце Брэст-Кобрын-Брэст.
Дарагія сябры, запрашайце нас да сябе на прэзентацыю беларуска-ўкраінскага альманаха “Справа” і чытацкія сустрэчы! З радасцю прыедзем!