Дзве зямлі – дзве песні

2017-07-19_kauniarovicz_snarskaja_fota1

У яе лёсе і жыцці спляліся Украіна і Беларусь, украінская і родная, беларуская, мова. А прафесія інжынера-будаўніка спалучылася з журналістыкай, літаратурнай творчасцю. Сімвалічна, што прэзентацыя кнігі “Вогнепаклонніца” прайшла акурат па заканчэнні VII З’езду беларусаў свету, таму яе гасцямі і ўдзельнікамі змаглі стаць прадстаўнікі зямляцтваў і беларускай дыяспары ў замежжы.

– Сёння мы пракладаем масток ад Украіны да Беларусі і ад Беларусі да Украіны, – падкрэсліла прадстаўніца пасольства Украіны ў Беларусі Марыя Гуцала. – Паэтка Іна Снарская, чыю новую кнігу мы прэзентуем сёння, нарадзілася ў Полацку, тут атрымала адукацыю, а потым пераехала ва Украіну і таксама паяднала сваё сэрца з гэтай зямлёй. Ужо 25 гадоў яна жыве і творыць у Палтаве, але не забываецца і сваю матчыну мову.

Сама Іна Снарская прызналася, што ў яе душы вельмі цяжка знайсці дакладную мяжу, водападзел паміж мовамі: вось піша вершы па-ўкраінску, а праз некалькі хвілінаў – па-беларуску.

Той, хто будзе мець на сваёй палічцы “Вогнепаклонніцу”, па сутнасці атрымае і частачкі сямі папярэдніх кніг паэткі: яе склалі выбраныя вершы з кожнага зборніка, а таксама новыя творы па-беларуску і па-ўкраінску.

– Серыі “Бібліятэчка часопіса “Дзяслоў” 10 гадоў, і за гэты час у межах праекта выйшла ўсяго два дзясяткі кніг, – распавёў старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч. – Мы вельмі строга ставімся да выбару аўтараў. Сярод іх – самыя вядомыя паэты, празаікі, якія жывуць у Беларусі і за мяжой.

Пра значэнне “Вогнепаклонніцы” ў шэрагу іншых сваіх кніг разважала і сама аўтарка:

– Кожная кніга для творцы – вынік барацьбы з небыццём, яна па важнасці раўназначная хіба толькі нараджэнню дзяцей. У кнізе ажываюць нашы думкі, пачуцці, нашы родныя людзі, каго мы заўсёды памятаем, якія далі крылы.

Так, паэтка згадала свайго дзеда па кудзелі, які быў кавалём, і Іосіфа Снарскага, дзеда па мячы, якога спадарыня Іна ніколі не бачыла: ён быў арыштаваны і расстраляны ў 1937 годзе па абвінавачванні ва ўдзеле ў контррэвалюцыйнай Польскай вайсковай арганізацыі. Пасля Іосіф Снарскі быў рэабілітаваны, але сваякі дагэтуль не ведаюць, дзе знаходзіцца яго магіла. Важную ролю ў творчым станаўленні будучай паэткі адыграла і бабуля. Яна размаўляла па-беларуску, ведала назвы траваў, спявала калыханкі маленькай Іне. Мама паэткі была настаўніцай беларускай мовы і літаратуры.

Прэзентацыя новай кнігі сталася і магчымасцю сустрэцца, пагутарыць, згадаць даўнія часы для творцаў-палачан, якія некалі ўваходзілі ў наваполацкае літаб’яднанне “Крыніцы”. Так, Уладзімір Арлоў падзяліўся ўспамінамі:

– “Крыніцы” былі не толькі літаратурным феноменам 1980-х. З нашага літаб’яднання выйшла больш як 20 сяброў Саюза беларускіх пісьменнікаў, Беларускага ПЭН-цэнтра, проста таленавітых літаратараў. Мы неяк паспрабавалі падлічыць, колькі кніг выдалі былыя ўдзельнікі суполкі, і налічылі больш за 200. Іх аўтары – Лявон Баршчэўскі, Вінцэсь Мудроў, Ірына Жарнасек, Сяржук Сокалаў-Воюш, Алесь Аркуш, і гэты спіс можна доўжыць. Час, калі існавалі “Крыніцы”, быў набрынялы чаканнем зменаў, і наша суполка ператварыліся ў сапраўдны дыскусійны клуб, дзе віравала жыццё. Прыходзілі рокеры з гурта “Мясцовы час”, мастакі Сяргей Цімохаў, Рыта Цімохава, Таццяна Козік, прыязджаў археолаг Сяргей Тарасаў. Гэта, безумоўна, давала зарад усім нам. Нам нават прапаноўвалі ўступіць у таварыства “Тутэйшыя”, на што мы адказвалі запрашэннем у нашы “Крыніцы”.

Удзельнікі імпрэзы адзначалі, што і Іна Снарская была ў той час “знаходкай” суполкі. Маладая паэтка, якая спачатку пісала па-руску, вельмі хутка перайшла на беларускую. Згадвалі, што нават яе першыя вершы здзіўлялі экспрэсіўнасцю, хлёсткасцю, неверагоднай адкрытасцю, спавядальнасцю, шчырасцю. Яна і сёння захавала ўсе найлепшыя рысы сваёй творчасці, але да іх дадаліся жыццёвы досвед, мудрасць. Так, перакладчык, літаратуразнаўца Лявон Баршчэўскі падкрэсліў, што пісаць вершы такога высокага палёту, такога высокага кшталту, але лаканічна, па-японску, мала каму дадзена. І нездарма Рыгор Барадулін заўважыў і падтрымаў першы сталы зборнік паэткі. Адзначалі таксама, што Іна Снарская працягвае скарынаўскую, полацкую традыцыю: быць адметным дзеячам не толькі ў адной сферы, але ўмець многае.

Паэт, журналіст, даследчык Міхась Скобла зазначыў, што самым частым словам у вершах паэткі з’яўляецца “апантанасць”, і любая стыхія ў яе творах прадстаўлена ў сваім максімуме. Калі гэта дождж, то абавязкова залева, навальніца. Калі снег – то завея, мяцеліца. Калі вецер – то бура, шторм. Нястрымны шал пачуццяў трапляе ў самае спакойнае, зачыненае на ўсе дзверы сэрца. Яе радкі вельмі трапныя, афарыстычныя. Напрыклад, вось такі: “Адной слязой не дазавешся шчасця”.

Дарэчы, не так даўно Іна Снарская паўстала перад чытачом у новай ролі празаіка: у адным з апошніх нумароў часопіса “Дзеяслоў” была надрукаваная падборка яе кароткіх апавяданняў з агульнай назвай “Таямніца самаробнай шафы”.

Таксама падчас імпрэзы быў прадстаўлены дакументальны фільм “Сцежкамі Лесі Украінкі”, які нядаўна стаў лаўрэатам Літаратурна-мастацкай прэміі імя Алены Пчылкі. Іна Снарская выступіла як аўтар яго сцэнарыя і рэжысёр. Распавядаючы пра гэты праект, яна адзначыла:

– Працуючы над гэтым фільмам, я хацела намаляваць жывы вобраз, каб ён не быў акадэмічным. Таму падчас яго падрыхтоўкі чытала не толькі творы Лесі Украінкі, але і яе лісты. Распавяла пра яе барацьбу, адносіны з мамай, мужчынамі, мужам Кліментам Квіткам. Хацела паказаць яе душу.

Марына Весялуха, budzma.by

Фота Максіма Каўняровіча. Беларускае Радыё Рацыя.