Дзверы ў "Вусцішны пакой" адчыняюцца — "ПрайдзіСвет" выдаў новую кнігу

Адчуванне хісткасці рэчаіснасці, трывожная і заваблівая прысутнасць чагосьці тагасветнага напаткае кожнага, хто зазірне ў “Вусцішны пакой”. Так называецца новы зборнік містычнага і гатычнага апавядання ад часопіса “ПрайдзіСвет”.

Кніга, у якую ўвайшлі 29 вусцішных апавяданняў у перакладзе на беларускую з англійскай, французскай, нямецкай, партугальскай, украінскай, польскай і шведскай моваў, выйшла ў серыях Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў “Кнігарня пісьменніка” і Бібліятэкі часопіса “ПрайдзіСвет” “PostScriptum”. Для перакладу былі абраныя як класікі гатычнага жанру, такія як Эдгар Алан По іЖэрар дэ Нэрваль, так і, напрыклад, наш сучаснік Юрый Вінічук.

Кацярына Маціеўская, рэдактар зборніка, расказала, якія з апавяданняў уразілі яе найбольш:

“Мой фаварыт – апавяданне “Энох Сомс” англійскага пісьменніка і мастака-карыкатурыста Макса Бірбама (пераклад Юлі Цімафеевай), якое Борхес уключыў у сваю Анталогію фантастычнай літаратуры. А ў плане мовы ўражвае “Ян Таемнік”Баляслава Лесьмяна (пераклад Ганны Янкуты), які найперш знакаміты як паэт. Пры слабаватых сюжэтах Лесьмян робіць з мовай нешта неверагоднае, можна цытаваць з любога абзаца і проста атрымліваць асалоду. Яшчэ адзін мой улюбёны аўтар у зборніку – Мантэгю Родс Джэймс, якога хутчэй за ўсё добра ведаюць аматары гатычнага апавядання і які выдатна ўмее ствараць атмасферу жаху. У зборнік увайшлі два апавяданні гэтага аўтара: “Студня Стогнаў” у перакладзе Веры Бурлак і “Нататкі каноніка Альберыка” ў перакладзе Лаўрэна Юрагі”.

Апавяданні з “Вусцішнага пакоя” маюць розную напругу – некаторыя нагнятаюць жах і здольныя змусіць кроў стынуць у жылах, а ў некаторых аўтары іранізуюць і кпяць з самой готыкі. Але адчуванне лёгкай іррэальнасці, хуткага прывіднага ценю, скразняку з тагасветнасці не пакіне да апошняй старонкі.

 

Аляксандра Дорская

budzma.org