Дзівосы перакладу: Паланюк, Букоўскі, Этвуд, Вонегут. Працягваецца збор сродкаў на кніжную серыю «Амерыканка»

Падводзячы вынікі кніжнага году, эксперты і чытачы згадвалі беларускамоўны “Палёт…” сярод найлепшых кніг, якія выйшлі ў 2017 годзе ў Беларусі. Што ўжо само па сабе дзіва, бо зазвычай увагу крытыкаў прыцягваюць творы, напісаныя айчыннымі аўтарамі.

Стваральнікі “Амерыканкі” аднак не спыняюцца на дасягнутым і працягваюць змагацца за выданне кніг серыі праз краўдфандынг. Бо пакуль выдавецкі план “Амерыканкі” на 2017 – 2018 гады ажыццявіўся на 20%. На платформе talaka.by праходзіць кампанія “Каляды з “Амерыканкай”, дзе з канца снежня і ўвесь студзень можна перадзамовіць наступныя чатыры кнігі серыі. Усім, хто паверыць у серыю ўжо сёння, добры Санта-Клаўс беларускага перакладу цягам 2018 года адгрузіць любую з кніжак серыі ў абмен на ахвяраванне ў 10 рублёў.

“Амерыканцы” запрашаюць замовіць паасобку або разам такія кнігі:

Чак Паланюк. Байцоўскі клуб. Пераклад з англійскай Сяржа Мядзведзева.

Чарлз Букоўскі. Чытво. Пераклад з англійскай Ігара Кулікова.

Маргарэт Этвуд. Пенелапіяда. Пераклад з англійскай Вольгі Калацкай і Марыі Мартысевіч.

Курт Вонэгут. Бойня нумар пяць, або Крыжовы паход дзетак. Пераклад з англійскай Паўла Касцюкевіча.

Кнігі будуць выдадзеныя ў кішэнным фармаце (11 х 14 см). Гэта больш-менш памер далані дарослага чалавека.

Як і ранейшыя кампаніі і імпрэзы серыі “Амерыканка”, “калядная” будзе мець шмат цікавостак. Пра адну з іх стала вядома сёння. Намякаючы на змест кнігі “Байцоўскі клуб”, перакладчык Сярж Мядзведзеў дадаў у кампанію лот, выбраўшы які, спонсары атрымаюць у падарунак кавалак зробленага ўручную мыла з выцісненым аўтографам Чака Паланюка – копіяй таго, што перакладчык аднойчы атрымаў ад аўтара.

Падтрымаць “Байцоўскі клуб” можна таксама, набыўшы “Палёт над гняздом зязюлі”. Прыбытак ад продажу раману Кізі пойдзе на друк кнігі Паланюка.

Запрашаем далучацца да кола сяброў “Амерыканкі”, спрычыніўшыся да цуду беларускага перакладу.

Паводле прэс-рэлізу