Еўрапейская пісьменніцкая рада выступіла супраць пераследу пісьменнікаў у Беларусі

На Генеральным паседжанні Еўрапейская пісьменніцкай рады, якая прайшла 27 мая 2011 года ў фінскім горадзе Турку, быў прыняты зварот да беларускіх уладаў з нагоды пераследу пісьменнікаў у Рэспубліцы Беларусь. Друкуем тэкст звароту.

 

 

Зварот Еўрапейска пісьменніцкай рады да беларускіх уладаў

Турку, Фінляндыя

27 мая 2011

Еўрапейская пісьменніцкая рада –  федэрацыя нацыянальных саюзаў пісьменнікаў і літаратурных перакладчыкаў з трыццаці дзвюх краінаў Еўропы.

На Генерэальнай Асамблеі 2011 года дэлегаты Еўрапейскай пісьменніцкай рады выказалі глыбокую заклапочанасць з нагоды сітуацыі ў Беларусі з пераследам сябраў Саюзу беларускіх пісьменнікаў і парушэннем свабоды слова, свабоды самавыражэння і свабоды сходаў.

У студзені 2011 года сябра СБП і былы кандыдат у прэзыдэнты Уладзімір Някляеў быў пераведзены з турмы пад хатні арышт і ў маі 2011 года быў асуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай пакарання на два гады. Яшчэ два сябры СБП пісьменнік Павал Севярынец і літаратурны крытык, эсэіст Аляксандр Фядута былі пакараныя ўладамі. Павал Севярынец атрымаў тры гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Аляксандра Фядуту прыгаварылі да двух гадоў пазбаўлення волі ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам два гады. Іх усіх прызналі вінаватымі ў “арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія грубым чынам парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх”.

Беручы пад увагу, што парушэнне правоў чалавека і аказанне ціску працягваюцца ў Беларусі дагэтуль, Еўрапейская пісьменніцкая рада настойліва патрабуе ад беларускіх уладаў спыніць пераслед пісьменнікаў у краіне, а таксама выконваць і паважаць правы, гарантаваныя Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і засведчаныя ў Дэкларацыі правоў чалавека ААН.

 

Пір’ё Хіідзенмаа,

Старшыня Еўрапейскай пісьменніцкай рады,

Прэсавая служба СБП