Еўраслоўнік як разбуральнік моўных стэрэатыпаў

Дзень 20 траўня 2008 году дакладна ўвойдзе ў гісторыю. І не толькі беларускую, але и сусветную. Менавіта ў гэты дзень у Минску прэзентаваўся Еўраслоўнік, які змясціў 100 000 словаў на 28 мовах. Ягоны ўкладальнік – філолаг, перакладчык Лявон Баршчэўскі.

 

– Напрыканцы 2003 году я быў у Чэхіі, – распавядае Л. Башчэўскі, – зайшоў у кнігарню, у якой цэлы паверх аддадзены мовазнаўчай літаратуры. Стала крыўдна за сваю краіну, калі пабачыў на паліцах чэшска-партугальскія, чэшска-гішпанскія, чэшска-румынскія і іншыя слоўнікі. У нас на той момант слоўнікі выходзілі з вялікай цяжкасцю.

У 1985 годзе я напісаў артыкул – падбор выказванняў вядомых людзей пра тое, як нам патрэбныя міжмоўныя кантакты без іншага пасрэдніцтва. Час перабудовы скрануў з месца гэтую праблему – пачаліся выдавацца невялікія слоўнікі для школьнікаў. Потым, цягам некалькіх гадоў, мне давялося рэдагаваць беларуска-нямецкі, нямецка-беларускі слоўнікі. Стала зразумела: калі мы такімі тэмпамі будзем рыхтаваць і выдаваць слоўнікі, ніводнага жыцця на гэта не хопіць.

І вось у мяне ўзнікла фантастычная ідэя: зрабіць слоўнік з многімі мовамі. Палічыў афіцыйныя мовы Еўразвязу – 23, прыкінуў, што нельга абмінуць нарвежскую, ісландскую, харвацкую мовы: гэтыя краіны – найбліжэйшыя кандыдаты на ўступленне ў Еўразвяз. Таксама вырашыў, што і лацінская мова павінна прысутнічаць, бо гэта нашая агульнаеўрапейская спадчына. Вось так узнік гэты слоўнік…

Прафесар, перакладчык Адам Мальдзіс у віншавальнай прамове адзначыў:

– Я б назваў гэтую кнігу лекамі ад нашай нацыянальнай хваробы – комплексу непаўнавартаснасці. Шмат дзе можна сустрэць выразы, што талерантнасць – нашая сіла. Мне здаецца, што талерантнасць была сілай у той час, калі мы былі моцнымі, – у часы ВКЛ. Цяперашняя талерантнасць мне падаецца нашай слабасцю. Гэты слоўнік сведчыць якраз пра нашую паўнавартаснасць. Маладзейшым трэба скласці даведнік: дзе, калі, што на Беларусі было ўпершыню? Безумоўна, туды ўвойдзе і сённяшні дзень.

Напрыканцы прэзентацыі Лявон Баршчэўскі шчыра падзякаваў сааўтарам, рэдактарам слоўніка: Васілю Сёмуху – рэдактару латышскай часткі, Сяргею Шупу – ірландскай, мальтыйскай, харвацкай, літоўскай, эстонскай частак. Дапамагалі выхаду слоўніка не толькі перакладчыкі з Мінску. Так, вугорскую ды венгерскую часткі рэдагаваў палачанін Мікола Ермалаеў. За правільнасць фінскай мовы адказваў Ягор Лапатка, які жыве ў Хельсінкі.

Ася Паплаўская.

Паводле  UFF-by.org