ФЕСТЫВАЛЬ ПАЭЗІІ МІХАСЯ ЯВАРА

Прыхільнікі беларускай культуры на Мастоўшчыне вырашылі аднавіць былыя традыцыі штогадовых літаратурных чытанняў, якія цяпер на Гарадзеншчыне цалкам адсутнічаюць, – як і паўсюдна, за рэдкім выключэннем, на Беларусі. Той асобай, якая будзе сімвалам запланаванага літаратурнага фестывалю, стаў заходне-беларускі паэт Міхась Явар.
Сапраўднае яго прозвішча – Карась. Нарадзіўся паэт у вёсцы Мінявічы Гродзенскага павета Гродзенскай губерніі ў 1903 годзе. Друкаваўся ў беларускамоўных выданнях на пачатку 30-х гадоў мінулага стагоддзя Заходняй Беларусі. Быў актыўным удзельнікам руху за ўз’яднанне Беларусі, за што меў пераслед ад тагачасных польскіх уладаў. Заўчасная смерць у 1933 годзе спыніла яго творчую і грамадскую дзейнасць.
Напачатку красавіча быў створаны камітэт па правядзенні літаратурных чытанняў у гонар Міхася Явара. Яго ўзначаліў заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Алесь Мікалаевіч Белакоз, стваральнік і былы дырэктар дзяржаўнага Гудзевіцкага літаратурна-краязнаўчага музея.
Камітэт мае на мэце правядзенне акцый вяртання з нябыту забытых беларускіх творцаў і запрашае ўсіх жадаючых да супрацоўніцтва.
Фестываль плануецца правесці ў ліпені-жніўні гэтага года. У будучым ён мае стаць традыцыйным.
Зацікаўленыя ў правядзенні мерапрыемства могуць звяртацца ў Саюз беларускіх пісьменнікаў ці непасрэдна ў аргкамітэт фестывалю (8-0291558893, Алесь Зарэмбюк).