Факсімільнае выданне Тураўскага Евангелля пабачыла свет

Арыгінал, датаваны сярэдзінай XI стагоддзя, захоўваецца ў Вільні ў Бібліятэцы Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук. Дзякуючы выкарыстанню найноўшых тэхналогій, цяпер копія пісьмовага помніка даступная беларускай публіцы.

Факсімільнае выданне ўтрымлівае не толькі копіі ўласна 10 аркушаў Тураўскага Евангелля, але таксама факсіміле віленскага выдання 1869 года. Старажытны тэкст суправаджаецца нарысам доктара гістарычных навук, прафесара Пятра Лысенкі і кнігазнаўчым даследаваннем культуролага, намесніка дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алеся Сушы.

Злева направа: Пётр Лысенка, Алесь Суша, Раман Матульскі, Аляксандр Швец

— Гэта ўжо другі праект, рэалізаваны ў межах нашага супрацоўніцтва, — расказвае Аляксандр Швец, кіраўнік прадстаўніцтва кампаніі Xerox і Апякунскага савета бібліятэкі. — Першым стала перавыданне віленскага “Лемантара” 1767 года. Галоўнымі мэтамі Савета з’яўляюцца, па-першае, садзеянне набыццю артэфактаў для перадачы ў Нацыянальную бібліятэку, а па-другое, факсімільнае ўзнаўленне помнікаў, найбольш важных для культурнай ідэнтычнасці Беларусі.

Як адзначыў дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі, захаванне кніжнай, дакументальнай і духоўнай спадчыны, безумоўна, няпростая задача, калі ўлічыць, што многія артэфакты знаходзяцца па-за межамі Беларусі і выкупіць іх не ўяўляецца магчымым па шэрагу юрыдычных і тэхнічных прычын. Таму факсіміле — найбольш удалы спосаб вяртання каштоўных пісьмовых помнікаў.

Асобнікі Тураўскага Евангелля ў Дзень ведаў плануецца перадаць установам навукі, адукацыі і культуры.  

Тэкст і фота Віка Трэнас, для lit-bel.org