Феліксу Шкірманкову — 90!
Пісьменнік нарадзіўся ў 1926 годзе ў мястэчку Прапойск (зараз г. Слаўгарад) Магілёўскай вобласці. На пачатку вайны ў пятнаццацігадовым узросце ваяваў у знішчальным батальёне. Пасля заканчэння спецыяльнай падрыхтоўкі быў накіраваны ў варожы тыл, дзе з мая 1942 г. быў байцом партызанскага атрада Б. Саўкова, а потым брыгады Ф. Шляхтунова, якая з 1943 г. насіла імя генерала Л. Даватара.
Двойчы быў паранены. У красавіку 1943 г. пасля цяжкага ранення з Бягомльскага партызанскага аэрадрома вывезены ў савецкі тыл на лячэнне ў шпіталь. У красавіку 1944 г. Беларускім штабам партызанскага руху накіраваны на вучобу ў Маскоўскае Чырвонасцяжнае ваенна-інжынернае вучылішча. Пасля заканчэння вучобы ў студзені 1945 г. накіраваны на 4 Украінскі фронт камандзірам асобнага ўзвода інжынернай разведкі 113-га Станіслаўскага ордэнаў Багдана Хмяльніцкага і Чырвонай Зоркі інжынерна-сапёрнага батальёна. Яшчэ раз паранены ў лютым 1945 г. Вайну закончыў ля Прагі. Узнагародджаны ордэнам Баявога Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Айчыннай вайны І ступені, медалямі “За адвагу”, “Партызану Айчыннай вайны” І ступені і “За перамогу над Германіяй”.
Пасля дэмабілізацыі ў маі 1951 г. па працоўнаму дагавору паехаў у Магадан, дзе пасля заканчэння курсаў тэхнікаў-геолагаў працаваў геолагам, начальнікам геолагаразведвальнай партыі на пошуках радовішч урана, а потым золата на Калыме, паўвостраве Чукотка, узбярэжжы Ахоцкага мора. Закончыў горны факультэт Усесаюзнага завочнага палітэхнічнага інстытута і атрымаў кваліфікацыю горнага інжынера-геолага.
З Генадзем Бураўкіным
Пасля выхаду на пенсію вярнуўся ў 1979 г. на радзіму ў Слаўгарад, дзе быў абраны дэпутатам і старшынёй гарадскога Савета дэпутатаў. На гэтай пасадзе адпрацаваў чатыры гады.
Друкавацца пачаў з 1993 года ў часопісах “Полымя” і “Нёман”. Выдаў больш за 20 кніг прозы і паэзіі.
Мы віншуем шаноўнага Фелікса Уладзіміравіча з юбілеем, жадаем яму моцнага здароўя, творчага натхнення і новых высокіх узлётаў у літаратурнай неабсяжнасці нашай Бацькаўшчыны!
ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"