Фестываль “Вялікае Княства Паэзіі” прайшоў у Мінску

Вандроўны фестываль, які з розным размахам праходзіць ажно з 2006 года і прадугледжвае чытанні на мовах дзяржаваў-спадкаемцаў ВКЛ, сёлета абмежаваўся сустрэчай толькі з літоўскімі паэтамі.

Антанас А. Ёнінас і Алесь Разанаў

На пачатку імпрэзы госці прахаджваліся ў галерэйнай прасторы сярод чорна-белых фотаздымкаў беларускіх замкаў, сядзібаў ды храмаў, зробленых Альгімантасам Александравічусам. Фатограф расказаў, што перад гэтай працай ён паўгода здымаў зорак расійскага кіно. Калі ж яго запрасілі ў Беларусь, спачатку ён думаў фатаграфаваць міцкевічаўскія мясціны, але нечакана для сябе зацікавіўся нашай агульнай гісторыяй часоў ВКЛ. “Я нічога не ўжываю падчас працы, але бывала, што, спыняючыся ля замкаў гадзін у 5 раніцы, я чуў грукат зброі, уяўляў сабе старадаўнія падзеі, якія тут адбываліся”, — прызнаецца Александравічус.

Першым выступіў паэт, перакладчык і вядомы ў Літве фатограф Уладас Бразюнас. Як удакладніў вядоўца Андрэй Хадановіч, большасць перакладаў паэзіі з беларускай, якія з’яўляюцца ў Літве, зробленыя ім. Бразюнас зачытаў уласныя вершы, а Хадановіч — іх жа па-беларуску ў сваім перастварэнні.

Галіна Дубянецкая, Барыс Пятровіч, Серж Мінскевіч.

Паэтка Галіна Дубянецкая выступіла са сваімі купальскімі вершамі. Гук у залі ніяк не мог наладзіцца, таму выступы ператвараліся ў спалучэнне шуму — да словаў паэтаў дамешвалася рэха ў калонках, шчоўканне фотаапаратаў, звон келіхаў, шэпт гледачоў, дзіцячы смех і трывожная няўстойлівая дуда Тодара Кашкурэвіча. Часам словы зусім цяжка было разабраць, яны ператвараліся ў суцэльны звон, тады можна было ўспрымаць іх як медытатыўныя спевы.

Троху яснасці ўнёс голас Алеся Разанава. Ён прачытаў свае пераклады вядомага літоўскага паэта і перформера, аўтара песняў і дзясяткаў кніг, старшыні Саюза літоўскіх пісьменнікаў Антанаса А. Ёнінаса. Разанаў — адзін з нешматлікіх, хто перакладае літоўскую паэзію з арыгінала. Ён расказаў, што некалі на паўгода з’ехаў жыць у Літву і вывучаў там мову ды літаратуру. Многія ягоныя пераклады сучаснікаў і класікаў увайшлі ў двухтомную анталогію літоўскай паэзіі, што выходзіла ў Беларусі. Сярод выступу Разанаў загаварыў па-літоўску, пасля чаго замежныя госці, якія сядзелі ў зале, ухвальна заўсміхаліся і закрычалі “Брава!”.

Паэтка і перакладчыца са шведскай Алеся Башарымава прачытала некалькі сваіх вершаў, у тым ліку і верш пра Беларусь, якая “багнай — плясь, лясамі — хрусь”. Яго тут жа па-літоўску падхапіў Уладас Бразюнас.

Амбасадар Літоўскай рэспублікі ў Беларусі Эвалдас Ігнатавічус таксама выявіўся паэтам. Ён звярнуўся да прысутных па-беларуску. Вершы амбасадара па-беларуску прачытала перакладчыца Юлія Цімафеева.

Як заўжды, па-дзіцячы імпульсіўна выступіла Вера Бурлак з творам пра шыбенікаў, які таксама прагучаў і ў перакладзе. Яна прачытала яшчэ некалькі твораў пра паветра, палёт і неба — і, здавалася, сама зараз узляціць некуды пад столь. Андрэй Адамовічабмяняўся перакладамі з паэтам Марыёсам Бурокасам,  які спецыялізуецца на перастварэнні Букоўскі. Верш Адамовіча пра паэтычную імпатэнцыю з чытаных на фестывалі па-літоўску ўтрымліваў больш за ўсё зразумелых беларусу словаў — “паэтас”, “імпатэнцыя”, “рагойша”, усё знаёмае. Скончыўся выступ Андрэя Адамовіча выкрыкамі “кашмар!” ад  уражанай глядачкі.

Эўгеніус Алішанка, паэт і перакладчык, выдавец часопіса “Вільнюс”, які прапагандуе літоўскую літаратуру ў свеце, прачытаў верш пра жанры літоўскай паэзіі, а таксама пра месца, дзе жывуць самыя прыгожыя жанчыны. Андрэй Хадановіч тут жа адстаяў права беларусак на гэтае званне, а пры канцы прачытаў свой сатырычны верш пра стэрэатыпнага беларускага мужчыну. “А ці пазнаеце вы ў гэтым апісанні літоўскіх мужчынаў?” — вырашыў параўнаць менталітэты Хадановіч. “Не пазнаем”, — сказаў літоўскі амбасадар, які адзіны з замежнікаў зразумеў пытанне па-беларуску. Але тут зноў уступіла пранізлівая дуда Тодара Кашкурэвіча, і імпрэза скончылася.

Аляксандра Дорская
Фота: Зарына Кандрацьева

Болей фота гл. ТУТ.

budzma.org