Фінал Стральцоўскага фэсту — паэтычны марафон і музычны джэм. Частка другая (фота+відэа+аўдыё!)
Нагадаем: фестываль, які праводзіцца ўжо чацвёрты год, ініцыяваны ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" і Беларускім ПЭН-цэнтрам пры падтрымцы Шведскага саюза пісьменнікаў, партала TUT.BY, кампаніі Prestigio, пасольства Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, пасольства Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!», Польскага інстытута ў Мінску, Інстытута імя Гётэ ў Мінску, сёлета сабраў некалькі дзясяткаў паэтаў з розных краінаў свету.
Без перабольшання, Стральцоўскі фэст стаў галоўнай літаратурнай падзеяй года, пра што засведчыла цікавасць з боку публікі, унікальная разнастайная праграма з удзелам гасцей з Латвіі, Літвы, Нарвегіі, Швецыі, Украіны.
За развіццём падзей можна было сачыць на сайтах lit-bel.org i stralcou-fest.by.
Сяргей Балахонаў
Пра тое, як складалася праграма фінальнага дня і прайшла першая частка паэтычнага марафону, быў расповед раней.
Паміж першай і другой часткамі паэтычнага марафону адбылося музычнае выступленне гомельскага пісьменніка і перакладчыка Сяргея Балахонава, які іранічна пераасэнсоўвае і перастварае на беларускую мову папулярныя хіты кшталту "Уладзімірскага астрога" (для большасці будзе больш звыклая назва арыгіналу "Владимирский централ").
Кася Сянкевіч (Польшча-Беларусь)
Паэтка Кася Сянкевіч, якая прадстаўляла на фестывалі беларусаў Польшчы, прэзентавала мінскай публіцы сваю вершаваную кнігу на беларускай мове "Гарбата з незабудак", што выйшла ў серыі "Кнігарня пісьменніка" Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Стась Карпаў
Мікіта Найдзёнаў
Паэты Стась Карпаў і Мікіта Найдзёнаў (апошні, дарэчы, сёлета стаў лаўрэатам прэміі "Залаты апостраф" у намінацыі "Дэбют") прадставілі, калі можна так выказацца, "новую хвалю" маладой беларускамоўнай паэзіі.
Сяргей Цімафееў і Арвіс Вігулс (Латвія)
Марыя Мартысевіч (Беларусь) і Гедрэ Казлаўскайтэ (Літва)
Гінтарас Граяўскас (Літва)
Творчыя дуэты аўтараў і перакладчыкаў Сяргея Цімафеева і Арвіса Вігулса (Латвія), а таксама літоўскай паэткі Гедрэ Казлаўскайтэ і беларускай перакладчыцы Марыйкі Мартысевіч можна было пабачыць у межах гэтага фестывалю не аднойчы, на розных пляцоўках і ў розных фарматах. Паэт з Клайпеды Гінтарас Граяўскас выступаў як разам з перакладчыкам Андрэем Хадановічам, так і сольна.
Сабіна Брыло
Таня Светашова
Таня Скарынкіна
Беларускія аўтаркі Сабіна Брыло, Таня Светашова і Таня Скарынкіна прадстаўлялі сучасную рускамоўную паэзію нашай краіны.
Віка Трэнас і гурт Triangle
Дзмітры Строцаў
Завяршэннем сёлетняга Стральцоўскага фэсту стаў музычна-паэтычны джэм з удзелам калектываў Intelligency, TonqiXod, Triangle.
Кожны з гуртоў падрыхтаваў сумесныя выступы з паэтамі Уладзімірам Лянкевічам, Таняй Скарынкінай, Дзмітрыем Строцавым, Вікай Трэнас, Андрэем Хадановічам (Беларусь), Сяргеем Цімафеевым (Латвія), Дзмітро Лазуткіным і Аленай Сцепаненка (Украіна), Сяргеем Прылуцкім (Беларусь-Украіна).
Хаця музычны джэм зацягнуўся да позняга вечара, тыя, хто вытрымаў шматгадзінны паэтычны марафон і засталіся ў залі, сталі сведкамі выдатных нумароў, у тым ліку імправізацыйных (не ўсе ўдзельнікі працэсу паспелі парэпетаваць).
Напрыклад, вершы Міхася Стральцова, прачытаныя Андрэем Хадановічам пад музыку TonqiXod, набылі надзвычай сучаснае гучанне. А сэт рускамоўнага латвійскага паэта Сяргея Цімафеева супольна з Intelligency быў настолькі гарманічным і медытацыйным, што літаральна зачараваў гледачоў.
Вашай увазе -- аўдыёзапіс паэтычна-музычнага сэта Сяргея Цімафеева (Латвія) і Intelligency (Беларусь).
На гэтым завяршыўся чатырохдзённы фестываль-2015, арганізатары падзякавалі публіцы за ўвагу, цікавасць і павагу да сучаснай еўрапейскай паэзіі.
Тэкст: ВТ, фота і відэа: Алена Казлова, для lit-bel.org