Фіналістаў конкурсу “Экслібрыс” імя Янкі Маўра ўганаравалі ў Мінску

Гасцямі цырымоніі сталі шведскія пісьменнікі Гунар Ардэліюс і Эва Суса, пераможцы атрымалі дыпломы і падарункі ад Саюза беларускіх пісьменнікаў, каштоўныя прызы ад кампаніі “Прэстыжыо”, а самай маладой фіналістцы, якая пакарыла журы, аказалася ўсяго 13 гадоў.

Напачатку вядучы вечара, паэт Усевалад Сцебурака распавёў, што ўсяго на конкурс, заснаваны ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і Беларускім ПЭН-цэнтрам, прыйшло 117 заявак. Сярод удзельнікаў — жыхары Беларусі, Расіі, Украіны, Балгарыі ва ўзросце да 40 гадоў. Канкурсанты прапанавалі творы ў самых розных жанрах — казкі і п’есы ў вершах, тэксты песень для дзяцей, апавяданні ў стылі фантастыкі, фэнтэзі або на аснове фальклору, коміксы, ілюстраваныя аповесці і раманы і нават цэлыя праекты кніг.

Барыс Пятровіч

— Гэта не першы наш конкурс, прысвечаны дзіцячай літаратуры, — тлумачыць празаік, галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў”, Старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Барыс Пятровіч. — Сёлета было вырашана запрасіць да ўдзелу менавіта маладых аўтараў, і мы радыя, што конкурс атрымаў шырокі рэзананс. Хочацца выказаць шчырую падзяку ўсім тым, хто ўдзельнічаў у конкурсе “Экслібрыс”, а таксама дапамагаў у яго арганізацыі і правядзенні. Важная і важкая для нас падтрымка калег, якія ўвайшлі ў аўтарытэтнае журы, а таксама нашых партнёраў, кампанію “Прэстыжыо”. Канечне, праца журы была асабліва складанай.

Злева направа сябры журы: Серж Мінскевіч, Людміла Рублеўская, Алесь Пашкевіч

Празаік, намеснік Старшыні ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Алесь Пашкевіч, які быў сярод сябраў журы, адзначыў вялікую колькасць перакладаў і іх шырокую геаграфію па-за Беларуссю. 

Людміла Рублеўская

Як прызналася Людміла Рублеўская, ацэньваць творы канкурсантаў было сапраўды няпроста, бо вартых увагі твораў і таленавітых аўтараў нашмат болей за тых 12, што трапілі ў фінал. Цяжкасці былі таксама і ў тым, што многія аўтары даслалі вельмі вялікія па аб’ёме раманы (болей за мільён знакаў!) ці нават цэлыя кнігі. Некаторыя з канкурсантаў даслалі творы “недзіцячай” тэматыкі, у некаторых “кульгалі” мова або стыль у той час, калі дзеці — самыя ўважлівыя і патрабавальныя чытачы, і такога дапускаць катэгарычна нельга. Падзяліўшыся прафесійнымі сакрэтамі, Людміла Іванаўна павіншавала фіналістаў і пажадала ім не спыняцца на дасягнутым.

Іншы сябар журы “Экслібрысу”, паэт, перакладчык, аўтар фэнтэзі-аповесцей для падлеткаў Серж Мінскевіч адзначыў, што сярод прачытанага былі творы ў стылі “хорар” (“жудасцікі”), і гэта вельмі адметна для беларускай літаратуры.

Прадстаўніца кампаніі "Прэстыжыо" Таццяна Яўсюк уручае прыз Уладзю Лянкевічу для Сяржа Мядзведзева 

Усевалад Сцебурака абвясціў уладальніка трэцяга месца.  Ім стаў Сярж Мядзведзеў з перакладам “Чараўніка краіны Оз” Фрэнка Баўма. Праўда, сам лаўрэат не змог прысутнічаць (Сярж зараз у Грузіі), але выступіў яго сябар і рэдактар Уладзя Лянкевіч.

Для лаўрэата быў перададзены дыплом, а таксама падарункі ад СБП — усе кнігі серыі “Пункт адліку”, кніга Эвы Суса “Снежны чалавек” у перакладзе на беларускую Алесі Башарымавай, а таксама прыз ад партнёраў конкурсу – рыдэр Prestigio на электронных чарнілах.

Таццяна Яўсюк 

Падчас уручэння прызоў прадстаўніца кампаніі Таццяна Яўсюк распавяла, што брэнду Prestigio ужо 11 гадоў, і кампанія заўсёды арыентавалася на маладзёжную аўдыторыю, працавала са школьнікамі і студэнтамі. Інтэрнэт-крама электронных кніг ebooks.prestigioplaza.com пастаянна абнаўляецца творамі сучасных еўрапейскіх аўтараў, у тым ліку беларускіх. І канкурсанты “Экслібрысу” пры жаданні могуць размясціць свае кнігі на гэтым сайце.

Сяргей Лісічонак

Другім месцам была ўганараваная Дар’я Вашкевіч з казкай “Баваўняная дзяўчынка” (твор ілюстраваны мастачкай Аленай Медзяковай). Пераможца атрымала рыдэр і магчымасць выдаць кнігу. Паколькі Дар’я падчас цырымоніі прадстаўляла Беларусь на Франкфурцкім кніжным кірмашы, за яе выступіў Сяргей Лісічонак, які распавёў, што насамрэч аўтарка мае ідэю цэлай серыі кніг — так званых touch-book, у якіх можна дакрануцца да персанажаў не толькі ўяўна, але і рэальна.

Узнагароджанне Вольгі Гапеевай

Першае месца атрымала Вольга Гапеева з казачнымі гісторыямі “Сумны суп”, а разам з ім — планшэт ад кампаніі Prestigio і выданне кнігі.

— Якраз магчымасць апублікаваць кнігу, што тэхнічна цяпер зрабіць няпроста, і стала для мяне стымулам падаць заяўку на конкурс. Зараз пішу яшчэ адзін твор для дзяцей — паэму “Дзве авечкі”. Можна сказаць, у мяне быў меркантыльны інтарэс, але перамога стала для мяне нечаканасцю, — прызналася Вольга.

Людміла Рублеўская і Алесь Пашкевіч віншуюць фіналістаў

Трынаццацігадовая Мілана Пасанен з дзённікавымі гісторыямі “Королева рулета” стала сапраўдным адкрыццём. Яе літаратурныя здольнасці прыемна ўразілі не толькі сябраў журы, але і партнёраў конкурсу. Мілане сярод іншых падарункаў уручылі новую мадэль планшэта Prestigio.

Узнагароджанне Міланы Пасанен. На другім фота побач з Міланай - яе бабуля Зоя Міхайлаўна і брат Дзяніс.

Мілана і яе бабуля Зоя Міхайлаўна расказалі, што пісаць гісторыі дзяўчынка пачала выпадкова ў жанры калонкі для папулярнага выдання. І зусім нечакана гэтыя нататкі перараслі ў мастацкі твор і былі дасланыя на конкурс.

Злева направа: Гунар Ардэліюс, Эва Суса, Наста Лабада (перакладчык)

Ганаровы госць імпрэзы, празаік, аўтар твораў для моладзі, Старшыня Шведскага саюза пісьменнікаў Гунар Ардэліюс распавёў, што ўпершыню наведвае Беларусь. Спадар Гунар — самы малады Старшыня за апошнія сто гадоў існавання арганізацыі (зараз літаратару 32 гады). Шведскі саюз пісьменнікаў налічвае каля 3000 творцаў. Вялікая ўвага надаецца моладзі —менавіта спадар Ардэліюс ініцыяваў стварэнне асобнай секцыі для маладых аўтараў.

Шведская пісьменніца Эва Суса ў Беларусі ўжо другі раз. Спадарыня Эва правяла ў Мінску семінар па дзіцячай літаратуры, а таксама прэзентавала маленькім мінчанам сваю кнігу “Снежны чалавек”, якая выйшла нядаўна ў новай серыі “Каляровы ровар”, заснаванай ГА “СБП”, у перакладзе на беларускую Алесі Башарымавай.

Госці імпрэзы павіншавалі фіналістаў і пераможцаў і пазычылі плёну ў далейшай творчасці.

Гурт "Верасень"

Пасля першага музычнага сэту ад рок-гурта “Верасень” наступіў час уганаравання 9 фіналістаў конкурсу “Экслібрыс”.

Зверху: Ксенія Шталенкова, унізе: Надзея Кандрусевіч, Павал Касцюкевіч

Сяргей Календа стаў дыпламантам конкурсу супольна з Дашай Заічанка і Лідай Наліўка за праект кнігі “Дзе жывуць беларускія пачваркі”.

Надзея Кандрусевіч уганараваная за пераклад твора Сары Лундберг “Віта Белая Крэска” са шведскай на беларускую мову.

Павал Касцюкевіч трапіў у фінал з перакладам “Аўтаспынам па Галактыцы” Дугласа Адамса.

Зверху: Элеанора Ляхновіч, Наталля Рудак, унізе: Сяргей Календа, Глеб Лабадзенка

Алесь Квіткевіч быў адзначаны за пераклад першай кнігі “Хронікі Нарніі” Клайва Стэплза Льюіса (кніга мае назву “Нябож Чарадзея”). Праўда, Алесь не прысутнічаў на ўручэнні.

Глеб Лабадзенка з кнігай дзіцячых моўных малюнкаў "дзіцячая заМова" і з працягам гэтага праекта стаў фіналістам конкурсу.

Пісьменніца і мастачка Элеанора Ляхновіч напісала казку “Турба-Элік і яго сябры” (а таксама ілюстравала яе) падчас дэкрэтнага адпачынку, назіраючы за гульнямі маленькага сына. Яе дэбют у літаратуры стаў паспяховым — твор Элеаноры быў добра ацэнены журы.

На вечарыне выступілі таксама Наталля Рудак з перакладам “Маленькай вядзьмаркі” Отфрыда Пройслера і Ксенія Шталенкова з працягам прыгодніцкага рамана для падлеткаў “Адваротны бок люстра”.

Завяршыўся вечар музыкай гурта “Верасень”.

Тэкст: ВТ, фота: Алена Казлова, для lit-bel.org

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"