Францішак Багушэвіч. З верай у будучыню

Гледзячы на яго партрэты, можна падумаць, што на іх паслядоўнік філасофіі Фрыдрыха Ніцшэ: чорны гарнітур, даўгія чорныя вусы, нейкая лёгкая стомленасць. Яны былі сучаснікамі, жылі ў адзін час, але ў адрозненне ад вялікага немца, Францішак Багушэвіч адстойваў свае ідэалы не толькі словам, але і справай – не цураўся браць зброю ў рукі.

Бацька беларускай нацыянальнай ідэі нарадзіўся 21 сакавіка 1840 года ў фальварку Свіраны Віленскай губерні, у сям’і выхадцаў з дробнай шляхты. Дзіцячыя гады правёў у асяроддзі сялянскіх дзяцей.

Багушэвіч атрымаў добрую адукацыю: скончыў з адзнакай Віленскую гімназію, у якую паступіў разам з малодшым братам Валяр’янам. Браты Багушэвічы разам са сваімі сябрамі-гімназістамі будуць удзельнічаць і ў паўстанні 1863 года.

Падчас навучання браты жылі вельмі сціпла, хутчэй за ўсё менавіта тады і сфармаваліся погляды Францішка Багушэвіча, якіх ён будзе трымацца ўсё жыццё, – сацыяльная і нацыянальная справядлівасць.

Пасля гімназіі ён паступае ў Пецярбургскі ўніверсітэт, з якога будзе амаль адразу ж выключаны за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях. Варта адзначыць, што тагачасныя хваляванні не былі мірным пратэстам навучэнцаў, часцяком на іх лілася кроў. Агулам у той час Расійская імперыя была цяжарная рэвалюцыяй. Каб пераканацца ў гэтым дастаткова пачытаць «Что делать?» Мікалая Чарнышэўскага. А тагачасныя рэвалюцыянеры былі высокамаральнымі, матываванымі маладымі людзьмі, гатовымі ісці нават на смерць у імя сваіх ідэалаў.

Пасля выключэння з універсітэта Багушэвіч вярнуўся ў Беларусь і працаваў настаўнікам на Лідчыне, дзе вучыў дзяцей сялянаў. Прадказальна, што ён бярэ актыўны ўдзел у паўстанні 1863–1864 гг. Для маладога Багушэвіча, добра знаёмага з гісторыяй, гэтае паўстанне – лагічны працяг барацьбы за аднаўленне Рэчы Паспалітай. Ён лічыў сябе спадкаемцам паўстанцаў 1794 і 1830-1831 гадоў, што засведчыў пазней ва ўласным вершы «Да 100-годдзя»:

Ты прымі ад нас пашану,

О, Тадэвушавы ценю,

Абудзі у сэрцах раны,

Павяртай іх з амярцвення.

Хай з былога ўстануць воі,

Хай на бой натхняць нашчадкаў;

Праз любоў да вольнай волі

Мы палюбім нашу Матку!

 

Хай цяпер, перад нягодай,

Кроў з-пад Кракава абудзіць

Сілу нацыі й народа.

Колькі сілы ў простым людзе!

Хай пачуе подых смерці,

Хто кляпаць на праўду рады,

Хто ў народнай паняверцы

Бачыць культ сваёй улады!

 Падчас бою ў Аўгустоўскіх лясах Багушэвіч быў паранены. Дзякуючы надзейным людзям ён не трапіў у лапы карнікаў і быў схаваны. Яго сям’я – бацька Казімір, сястра Ганна і брат Апалінар – за актыўную падтрымку паўстанцаў больш за год знаходзіліся ў Ашмянскай турме. Хаваючыся ад пераследу ўладаў, Багушэвіч бяжыць з Беларусі.

Спачатку ён жыве ў краі вечнай вольніцы – на Украіне, якая ў тыя часы, як і цяпер, надавала прытулак усім нядобранадзейным пасіянарыям. Там, ва украінскім горадзе Нежын, што на Чарнігаўшчыне, ён атрымае юрыдычную адукацыю. Пасля будзе Каралявец, Чарнігаў, Волагда, Канатоп ды іншыя «города и веси» Расійскай імперыі. Як і многія былыя паўстанцы, ён мроіць пра вяртанне на радзіму. Цяжкое матэрыяльнае становішча на чужыне яшчэ больш цісне па будучага паэта. Агулам у выгнанні Францішак Багушэвіч правядзе каля 20 гадоў.

У горад сваёй маладосці – Вільню – ён вернецца разам з сям’ёй 25 сакавіка 1884 года, з мэтай заняцца прыватнай адвакатурай. Містычным чынам гэтая важная дата ў ягоным жыцці  супала з важнай датай у жыцці беларускага народа – 25 сакавіка 1918 года, калі была абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі.

У знакамітым доме з атлантамі, дзе на той час знаходзіўся Віленскі акруговы суд, Францішак Багушэвіч працаваў прысяжным павераным. Дом, дзе былі створаныя два ягоныя паэтычныя зборнікі «Дудка беларуская» і «Смык беларускі» да нашага часу не захаваўся, цяпер на яго месцы будынак Міжнароднай школы менеджменту. Ёсць і мемарыяльная шыльда, якую ўсталявалі ў 2010 годзе. Будзеце ў Вільні – абавязкова прайдзіцеся па месцах, дзе жыў, бываў і працаваў класік.

У 1896 годзе Францішак Багушэвіч перабраўся з Вільні ў вёску Кушляны, дзе прыдбаў сабе сядзібу. Там ён будзе жыць да самай смерці.

Багушэвіч раскрыў у сабе не толькі таленавітага паэта, але і публіцыста. У прадмовах да сваіх зборнікаў ён пакінуў нам не толькі вядомы запавет «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі», але і акрэсліў межы будучай Беларусі. Так, у прадмове да першага зборніка «Дудка беларуская», які пабачыў свет у 1891 годзе, Францішак Багучэвіч дае адказ на пытанне, дзе знаходзіцца Беларусь: «Яна ад Вільні да Мазыра, ад Вітэбска за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Міньск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак…» Беларусы яшчэ не мелі ўласнай дзяржаўнасці, але дзякуючы таленту простага віленскага адваката займелі ўжо яе абрысы.

Са школьнай праграмы нам зацята ўбіваюць у галаву, што Францішак Багушэвіч – не проста пачынальнік беларускай літаратуры, але нейкі першы плакальшчык, цярпіла, кажучы моладзевым слэнгам. Ну і ў якасці доказаў прыводзяць вядомыя яго вершы аб цяжкай нядолі простага люду. Мне ж ён бачыцца чалавекам, які ўсё жыццё прысвяціў сябе служэнню Радзіме. Ён пісаў пра тое, што бачыў, аб чым ведаў, з чым сутыкаўся. Але былі ў яго і пазітыўныя вершы. Возьмем адзін з першых яго вершаў вядомых нам – «Новы 1886 год», які быў напісаны па-польску:

Прамінай жа, годзе шэры,

Забяры свае падзеі!

Ты найперш абдзёр нас з Веры,

Ты не даў нам і Надзеі.

 

Звёў Любоў… а ідэалы

Паказаў у бойцы браццяў!

Спраў тваіх тут больш не стала,

Каб цябе й не ўспамінаць нам!

 

Слёзы, роспач, невядомасць

У насмешак блытаніне, 

Вось уся твая маёмасць…

Хай і памяць аб ёй згіне!

Затані навекі, годзе,

Як слёз рэкі у народзе,

Без надзеі аб свабодзе,

Без ідэй для асяроддзя.

 

Вось ідзе ўжо прамяністы,

Ясны, свежы, як маёвы,

Дзень пагодны і ўрачысты,

Год бясконцы, Год наш Новы.

 

Нам прарочылі ўжо зоры,

Што надходзіць год шчаслівы!

Дык хадзі, хто бедны, хворы,

Дасць усё ён, каб жылі вы.

 

Якар  вось яго эмблема,

І Любоў у ім палае,

Крыж пакрыў забрала шлема

Ў знак, што веру ў сэрцы мае.

 

Ён любоўю ўсіх нас злучыць

І Свабоду нам уручыць.

Дасць надзею і здзяйсненне,

Крыжам збавіць ад сумненняў!..

 

«Крыж?.. Ці веры знак, ці мукі?»

«Веры крыж адлюстраванне!..»

«А навошта чара ў рукі?

Ці ж ілюзія падмане?..

Гэта ж той, што год за годам

Зноў пачне нас мімаходам

Выпрабоўваць!»

Не трэба быць аналітыкам ад літаратуры, каб зразумець, пра што кажа аўтар. Здаецца, ён адчуваў подых навальніцы, якая вось-вось грымне. Але ж не дачакаўся – Францішак Багушэвіч памёр у Кушлянах у красавіку 1900 года ва ўзросце 60 гадоў.

Не пройдзе і дзесяці гадоў пасля яго смерці, а ўжо пачнецца першае беларускае Адраджэнне. У беларусаў з’явяцца свае газеты, часопісы, літаратура, тэатр, выяўленчае мастацтва, палітычныя партыі. Праз васямнаццаць гадоў пасля смерці Багушэвіча беларусы абвесцяць пра стварэнне ўласнай дзяржавы. Далей можна яшчэ доўга пералічваць…

Асноўная заслуга Францішка Багушэвіча ў тым, што цягам свайго няпростага жыцця ён не страчваў веры ў будучыню, рабіў усё для набліжэння таго дня, калі Беларусь, пра якую ён згадваў у прадмове да першага свайго зборніка, стала цалкам рэальнай дзяржавай.

Канстанцін Касяк, budzma.by