Францу Сіўко – 60! Уладзіміру Сіўчыкаву – 55! Віншуем!

Паважаныя юбіляры! Прыміце шчырыя віншаванні са святам і пажаданні натхнення, аптымізму, здароўя і дабрабыту, плённай працы і прыемнага адпачынку -- усіх радасцяў жыцця!

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

Франц Сіўко нарадзіўся на Мёршчыне. Вышэйшую адукацыю атрымаў на філалагічным факультэце Белдзяржуніверсітэта. Настаўнічаў у Верхнядзвінску. У 1980 г. пераехаў на сталае месца жыхарства ў Віцебск. Працаваў у сярэдніх школах выкладчыкам, намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце, у Бюро прапаганды мастацкай літаратуры Саюза пісьменнікаў Беларусі, у рэдакцыі газеты «Віцебскі рабочы». 3 1993 па 2010 г. выкладаў беларускую мову ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце. Уласны карэспандэнт каталіцкага часопіса «Аve Maria» па Віцебскай вобласці. Цягам шэрагу гадоў з'яўляўся сябрам рады Таварыства беларускай мовы Віцебшчыны. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1993 г., Беларускага ПЭН-цэнтра. З 1999 па 2009 г. — старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў. Сталую літаратурную працу пачаў у 1983 годзе. Аўтар кніг прозы «3 чым прыйдзеш» (1991), «Апошняе падарожжа ў краіну ліваў»(1997), «Удог» (2001), «Ягня ахвярнае» (2003), «Асіметрыя» (2005), «Дзень Бубна» (2008), «Выспы» (2011), кніжкі для дзяцей малодшага школьнага ўзросту «Бялячык» (2003). Перакладаўся на рускую, асецінскую, балгарскую мовы.


Уладзімір Сіўчыкаў
нарадзіўся на Міншчыне, у горадзе Жодзіна. Мастак, пісьменнік, выдавец. Сябра трох творчых суполак Беларусі. Скончыў педагагічнае аддзяленне Мінскай мастацкай вучэльні (1977). Працаваў настаўнікам малявання і чарчэння ў Траянаўскай сярэдняй школе Барысаўскага раёна, быў мастаком-афарміцелем у Мінскім палацы культуры і спорту чыгуначнікаў (1979-1983). У 1981 г. паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (падчас вучобы праходзіў стажыроўку ў Тбіліскім дзяржаўным універсітэце, дзе вывучаў грузінскую мову і літаратуру). Пасля заканчэння ўніверсітэта (1986) - рэдактар аддзела літаратуры і мастацтва, у 1989-1990 гг. - адказны сакратар часопіса «Бярозка». З 1990 г. - прэзідэнт Беларускай асацыяцыі дэтэктыўнага, прыгодніцкага і палітычнага рамана, з 1994 -- узначальвае выдавецтва «Радыёла-плюс». Жыве ў Мінску.

З 1982 выступае ў рэспубліканскім друку. Аўтар кнігі апавяданняў і п’ес «Гульня ў тастамант» («Юнацтва», 1992), кніг прозы «Лісты да брата» («Радыёла-плюс», 1998), “Бювар” (“Радыёла-плюс”, “Выдавец І. П. Логвінаў”, 2009).

Выступіў укладальнікам кніг прозы Васіля Быкава «Избранное» (Москва, «Мартин», 2004) і «Афганец» (Москва, «Вагриус», 2005), выбраных твораў Славаміра Мрожака “Дом на мяжы” (“Радыёла-плюс”, “KEW”, 2008), кнігі “Багуслаў Радзівіл. Аўтабіяграфія” (“Радыёла-плюс”, 2009). Як крытык і публіцыст вядомы шэрагам артыкулаў па літаратурных узаемасувязях, рэцэнзіямі, мастацтвазнаўчымі эсэ, падарожнымі нататкамі. З 1983 працуе ў жанры паэзіі. Аўтар кнігі паэзіі «Высакосны год» (“Радыёла-плюс”, 2004).

Укладальнік (разам з А. Марачкіным) і адзін з аўтараў альбомаў “Жодзінцы. Жывапіс. Графіка. Мастацкае слова” (“Радыёла-плюс”, 2008), “Рыцары Пагоні і Арла” (“Радыёла-плюс”, 2011). Аўтар слоўніка-даведніка «2000 русских, 2000 белорусских идиом, фразеологизмов и устойчивых словосочетаний» (сумесна з А. Баярынай, «Папуры», 2006). Творы Ул. Сіўчыкава перакладаліся на балгарскую, грузінскую, рускую, славацкую і ўкраінскую мовы. Вядзе актыўную грамадскую, а таксама краязнаўчую дзейнасць (найперш па родным Жодзіне).