Галіна Багданава і Сяргей Кавалёў у Школе маладога пісьменніка

Майстар-клас пісьменніцы Галіны Багданавай і лекцыя вядомага драматурга Сяргея Кавалёва прайшлі 20 сакавіка ў Школе маладога пісьменніка пры ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”.

Галіна Багданава: “ХХІ ст. будзе такое ж гуманітарнае, як і ХІХ”
 

Галіна Багданава

Пісьменніца і выкладчыца інстытута журналістыкі БДУ Галіна Багданава ўжо мае досьвед работы з маладымі аўтарамі, бо выкладае для спецыяльнасці "літаратурная праца".

Напачатку заняткаў сп. Галіна выказала меркаванне, што ХХІ ст. будзе такім жа гуманітарным, як і ХІХ: "З’явілася цікавасць да літаратуры ў яе новая форме. Вы выгадаваліся ў візуальнай прасторы. І таму ваша задача зрабіць свае творы найбольш візуалізаванымі".

Выкладчыца падзялілася сваімі напрацоўкамі і сакрэтамі, як стымуляваць сябе да творчасці і выпрацаваць свой уласны стыль. Напрыклад, такі: абраць чатыры кнігі, які падабаюцца і падаюцца ўзорнымі, і метадычна чытаць іх з нататнікам, адзначаючы і выпісваючы для сябе тое, што падаецца прафесійна дасканалым — паэтычныя радкі, строфы, новыя словы.

“Вашая рука, вашае вока будуць памятаць, што такое ёсць гармонія. Потым ваша падсвядомасць вам падкажа. Вашая рука будзе пісаць гарманічна, выкідаць тыя словы, якія не трапляюць у вашу гармонію. Вы будзеце пісаць свой тэкст, але ён будзе дасканалым”.

Сп. Галіна праводзіла шмат аналогіяў паміж навучаннем мастакоў і пісьменнікаў і раіла больш дачыняцца з творцамі, якія працуюць у выяўленчым мастацтве, хадзіць у музеі і галерэі.

Сяргей Кавалёў: “Драматургія – гэта першая ластаўка таго, што адбываецца з мовай”

Сяргей Кавалёў

Драматург Сяргей Кавалёў на лекцыю ў Школу пісьменніка трапіў амаль проста з цягніка, якім прыехаў з Любліна. Гутарка з ім пра тэатр атрымалася доўгая і цікавая.

Сп. Сяргей расказаў пра сітуацыю ў беларускай драматургіі за савецкім часам, калі было толькі некалькі вядомых драматургаў, п’есы, якіх ставіліся на абсягах усяго СССР, пра 90-я гады, якія можна назваць параўнальным росквітам нашай драматургіі, і цяперашнюю сітуацыю.

Паводле Сяргея Кавалёва, цяпер у нас склалася ўнікальная сітуацыя, у Беларусі вельмі шмат маладых таленавітых драматургаў: Пражко, Курэйчык, Карэлін, Рудкоўскі, Багаслоўскі, Балыка… і ўсе яны пішуць на рускай мове. (Хоць наш глядач у гэтым не арыентуецца, бо першая пастаноўка адбываецца ў перакладзе на беларускую ў Тэатры беларускай драматургіі).

Таму Сяргей Кавалёў бачыць дзве галоўныя прычыны, суб’ектыўную і аб’ектыўную:

1) Гэта кан’юктура, паколькі тэатр не толькі творчасць, але і вытворчасць.

Пішучы па-руску, аўтар прызначае свае творы не для трох беларускамоўных тэатраў, а для трохсот. Нават ў Беларусі двацаць сем рускамоўных тэатраў супраць трох, што бяруць да пастаноўкі п’есы па-беларуску. Да таго ж, калі вы малады аўтар, ваша п’еса фактычна прызначана для аднаго тэатра — Беларускай драматургіі, таму што іншыя мусяць ставіць класіку.

2) Другая прычына звязана з мовай, бо драматургія абапіраецца на мову вуліцы.

А ў нас размаўляюць або на рускай або на трасянцы. І калі драматург адлюстроўвае мову вуліц і ментальнасць сучаснікаў, то яму даводзіцца пісаць па-руску.

І атрымліваецца, што па-беларуску можна напісаць або казку для дзяцей або гістарычную драму, бо ў іншай сітуацыі, напрыклад, калі ў п’есе два міліцыянты размаўляюць на мове Купалы, табе проста ніхто не паверыць.

Беларуская драматургія менш эксперыментальная, больш фабулярная, бо трэба даць сюжэт, нейкую цікавую гісторыю, а інакш глядач можа не разумець таго, што адбываецца на сцэне.

Некаторыя рэжысёры на рэпетыцыі  кажуць: “Запомніце, мы ставім спектакль на замежнай мове, каб нават глухі зразумеў” – так, напрыклад, працуе Пінігін.

Пры пастаноўцы арыгінальны беларускі тэкст часта могуць перапісваць, замяняючы ў ключавых момантах патэнцыйна незразумелыя публіцы словы русізмамі.  Напрыклад, мяняюць “дзіду” на “кап’ё”.

Такім чынам беларускамоўная драматургія цяпер уяўляе сабой вялікую незанятую нішу.

На пытанне, што трэба для таго, каб быць і заставацца драматургам, Сяргей Кавалёў адказвае, што, мабыць, трэба любіць тэатр.

“Я люблю тэатр. У год гляджу пяцьдзясят-шэсцьдзясят спектакляў. Не толькі ў Беларусі. Але, магчыма, яго трэба ненавідзець так, як Вітальд Гамбровіч" (польскі драматург, які не хадзіў нават на свае пастаноўкі – АК).

 

Алена Казлова для lit-bel.org

Фота аўтара