Галіна Каржанеўская пра "Сінюю кнігу беларускага алкаголіка"

Анатомія залежнасці, або Пяць думак пра «Сінюю кнігу беларускага алкаголіка» Антона Кулона

 Думка першая

Беларускі алкаголік нічым не горшы і не лепшы за ўсялякага іншага – рускага, французскага або амерыканскага. Ён співаецца паволі, непрыкметна, пакрысе трацячы ўсё, што ў яго ёсць: сям’ю, працу, здароўе, сацыяльны статус і, урэшце, само жыццё. У рэдкіх выпадках, калі яшчэ не цалкам сапсаваны моцным алкагалем мозг, ён спыняецца на краі прорвы, куды яго цягнуць лад жыцця ды здэградаванае атачэнне, і нават пачынае разумець, у што ён “уляпаўся” і што яму пагражае. Тады наступае ацверазенне. Перш часовае, бо, вырашыўшы “завязаць”, чалавек час ад часу зрываецца. Думае пры гэтым: “Ну што такое куфаль піва? Дробязь!”. Гэтая  слабаалкагольная “дробязь” выліваецца ў чарговы запой, у прыезд “Хуткай”, у бальніцу пэўнага профілю альбо ціхае кананне “на хаце”. Ратунак толькі слаба свеціцца ўдалечыні, як ружавее ў начной цемры пробліск усходу.  Пры гэтым кожны выратоўваецца сваімі спосабамі і шляхамі, часам вельмі дзіўнымі. А потым, азіраючыся на сваё бяздарнае мінулае, ціха жахаецца: як ён мог так жыць?!

 

Думка другая 

Кніжка падзелена на дзве часткі, якія розняцца і па змесце, і па стылю.  Першая займае 200 старонак аб’ёма, другая – 100. Выданне як бы распадаецца на два,  і калі механічна раздзяліць яго, згодна з часткамі, то можна было б падумаць, што ў іх розныя аўтары. Першую, настальгічную, пісаў алкаголік несвядомы. Другую, стрыманую і дзелавую, – свядомы. А былых алкаголікаў увогуле не бывае, як даведаўся Антон Кулон.

Першую мне чытаць катэгарычна не хацелася. Тут ішло асабістае супраціўленне: завельмі добра я памятаю бялёсыя вочы чалавека, які, з прычыны прыроднай сілы і здароўя,  з’язджаў у багну дзесяцігоддзямі, па сантыметру, і за кім, прывязаная сузалежнасцю, як сляпая, валаклася я сама. Мяне адварочвала ў творы ўсё: назвы “злачных” мясцін, дзе пры савецкім часе і пазней збіраліся прыхільнікі Бахуса (“Прохлада”, “Ясень”, “Тэлевізар”, “Мутнае вока” і г.д.), назвы розных гатункаў “чарніла” з цэнамі, незлічоныя прыгоды, звязаныя з міліцыяй, пераборам па колькасці выпітага, дурнымі спаборніцтвамі, здабываннем грошай на апахмелку; пераказванне баек і аповедаў, пачутых у кампаніях, і г.д.

Перакажу праўдзівую гісторыю, як аўтар з такім жа, як сам, выпівохам  наведалі ў глыбінцы нейкага Колю В.  Яшчэ ў райцэнтры распілі “партвейн” у раённай газеце. У Моталі добра-такі прамоклі, а галоўнае – арганізма патрабавала: “Дай болей!”. Аўтар дакладна апісвае стан пасля прыняцця “на грудзь”: “…праз пэўны час няўхільна ўзьнікае стан прыгнечанасьці, стомы, які часам нават пераходзіць у фазу незразумелай роспачы і беспрычыннай тугі”. А калі пешкі дабраліся да вёскі, то сябра не аказалася дома. “Святло патухла ў маіх вачох – час жаданай шклянкі мог настаць ня так хутка, як хацелася. Хацелася – не тое слова. Каб сказалі: ідзеце назад у Менск, і там вам нальюць адразу і надоўга – то я б пайшоў!”. “Выпілі, угрэліся…”, “Зноў выпілі”, “Жлопалі некалькі дзён”. Толькі ў недалёкім Дастоеве, пасля  візіту  ў мясцовы рэстаран, сілы пакінулі беднага алканаўта.

Я пераказала адну толькі гісторыю, а іх там безліч. І многія з іх, на маю думку, не столькі перасцерагаюць ад безданяў алкагольнай залежнасці,  колькі маюць на мэце забавіць і пасмяшыць. Гэта было б больш апраўдана для мастацкага твора, а не для дакументальнага.

У кнізе сустрэла шмат знаёмых прозвішчаў – маіх калег па даўнейшым Саюзе пісьменнікаў. (Аўтар, як вы зразумелі, належаў да інтэлігентных п’яніц.) Змешчаны мартыралог на цэлую старонку, з якога вынікае, што мала хто з пішучых і п’ючых дацягнуў да 60-ці. У спісе ёсць вядомыя, знакамітыя асобы, але мне іх не хочацца нават згадваць у такім кантэксце, бо не тым яны ўвайшлі ў гісторыю беларускай літаратуры.

Магілу М. С. наведалі двое з трохлітровікам піва (тады якраз ішла антыалкагольная каманія), а потым разам, дружна паснулі паабапал недагледжанай магілы. Якая сімвалічная карціна! Як блізка былі яны абодва да свайго пясчанага грудка!

Перад намі праходзіць цэлая галерэя мінскіх дэградантаў. Сярод іх былі журналісты, інжынеры, навукоўцы, мастакі, музыканты. Былі  і тыя, хто паспеў прайсці турэмную школу. “Акадэміяй Кіма” называе аўтар тое, што па сутнасці было прытонам і дзе людзі заблытваліся, як мухі ў павуціне. Вы калі-небудзь бачылі, як у склепе пачынае гніць бульба? Дзе сапсавалася адна, там будзе некалькі гнілых побач. Але што характэрна: пра ўсе п’яныя прыгоды і няўдобіцы, пра агіднае і вартае сораму  напісана неяк дабрадушна, са смяшком, са смакаванннем падрабязнасцяў. Як быццам і не страшна зусім співацца, траціць чалавечы воблік. Папросту – знікаць.

Паглядзіце, як паблажліва піша А. Кулон пра свайго сябра, які нападпітку “паскандаліў са сваёй жоначкай і нават трохі пабіў яе”. Слова “жоначка” тут вельмі недарэчы, як і выбачальнае “трохі”. Бо, па-першае, за “трохі” не здаюць на 10 сутак (а калі здаюць, то за тое, што шлункі ад’еў); а па-другое,  няма такой істоты, якую алкаголік сам не мог бы прадаць за чарку. Яны здраднікі па сваёй сутнасці, бо за момант задавальнення ператвараюць у пекла жыццё блізкіх.

Аўтар не хавае, што і яго сямейнае жыццё трашчала па швах. На шчасце, “Бог даў нам, алкаголікам, добрых жонак”. Жонка – гэта тое, што бясконца церпіць, шкадуе, налівае пры вострай патрэбе, вязе лячыцца ў Навінкі, вылівае агрэсію ў крык і ў крайнім выпадку, ну зусім крайнім – здае ў міліцыю або ЛТП.

Пра дзяцей і іх пакуты ў такіх сем’ях далікатна не ўпамінаецца.

 

Думка трэцяя 

Багна засмоктвае. Але як бы нізка чалавек не апусціўся, ён мае шанец  выбрацца, выдраць сябе, як Мюнхаўзен, за чупрыну з балота цяжкай хваробы і абставін. Гэта неверагодна цяжка, але магчыма.

 “Кульмінацыяй узыходжання на прыступкі п’яніцы” быў 1996 год. А ў 1991 адбылася лёсавызначальная паездка А. К. у Грузію, на канферэнцыю дэмакратычнага кірунку. У гэтай краіне, як вядома, п’юць многа, але ў асноўным слабыя напоі – віно. Мне давялося пабываць у Тбілісі, і ў гэтым велічным горадзе кінуліся ў вочы шматлікія лужыны па вуглах дамоў. Частаваць там умеюць як нідзе, дык і не дзіўна, што грузінскі палітык праставіў беларускім гасцям не мала, не многа – скрыню сухога віна. Скрыню апрыходавалі, пасля “шліфанулі” гарэлкай. Ранішняя апахмелка белай зрабіла працэс некіруемым, а вяртанне на радзіму цэлым і здаровым – праблематычным. Чалавек да такой ступені страціў над сабой кантроль, што яго там можна было браць голымі рукамі. Што і зрабілі мясцовыя мачо. Яго збівалі і рабавалі двойчы за адну паездку: пакідалі без капейкі ў кішэні. І двойчы, з дапамогай чулых людзей, ён дзівосным чынам уваскрасаў, як той Фенікс з попелу.

Усявышні ўжо, мабыць, не спадзяваўся, што  беларус нешта зразумее дома. Ён на чужой зямлі даў яму шанец схамянуцца і адумацца. А галоўнае – паслаў выратаванне ў выглядзе выпадковага земляка, вадзіцеля-дальнабойшчыка, які ноччу даў небараку прытулак. “…раніца надышла, і прачнулася круглае, асьляпляльна прыгожае грузінскае сонейка, вельмі падобнае да беларускага, і я зразумеў: усё цяпер будзе добра. (…) Але да цьвярозага жыцця яшчэ трэба было прайсьці доўгі шлях працягласьцю ў трынаццаць гадоў…”

Гэты раздзел проста пераварочвае душу – як перавярнула перажытае ў Грузіі жыццё аўтара. Пасля такога кожны паверыць у Вышэйшую Сілу, якая кіруе светам і нашымі лёсамі. Так, Ён любіць нас усіх – грэшных і праведных, слабых і дужых, разумных і не вельмі. Мы ўсе ягоныя любыя дзеці і самі выбіраем, у які бок ісці, якой сіле падпарадкоўвацца, які атрымліваць вопыт.

 

Думка чацвёртая 

Аўтар насамрэч – чалавек мужны і гранічна шчыры. Ён не проста ў колерах малюе карціну душэўнага спусташэння, але і паказвае з яго выхад.  Кніга выразна даводзіць, што “ў кожнага ёсьць свой асабісты спосаб, часта таямнічы і незразумелы… які прывёў да цвярозасці”.

Пералічыўшы прыкметы класічнага алкагалізму і распавёўшы пра жудасці запою, А. К. расказвае аб сваіх спробах пазбавіцца хваробы. Кадаванне не хваліць, хаця яно і дзейнічала цэлы год.  Нядоўгі час прабыў з рухам аптымалістаў, якія робяць стаўку на самаўнушэнне і здаровы лад жыцця. Яшчэ год пратрымаўся малітвамі бацюшкі. Прайшоў ТЭС-тэрапію (яшчэ восем месяцаў з яснай галавой). І ўрэшце далучыўся да сусветнага Руху Ананімных Алкаголікаў. (65 груп працуе ў рэспубліцы, з іх 15 – у Мінску.) Задача чалавека ў такой групе – не проста кінуць піць, а ўнутрана перарадзіцца. Прызнаць, што ён залежны. Не то калектыўная энергетыка робіць цуды, не то справа яшчэ ў чымсьці, але факт ёсць факт: методыка АА  стала для аўтара найбольш эфектыўнай.

За восем гадоў цвярозасці А. К. здаў на правы і купіў машыну, замацаваўся на рабоце і захаваў сям’ю, аднавіў сваё добрае імя. Ён прызнаецца, што, пішучы кнігу, не ставіў перад сабой ніякай дыдактычнай мэты. Магчыма, і так. Затое яскрава, на асабістым вопыце даведзена:  святло ў канцы тунэля ўсё-ткі ёсць. Ужо таму “Сіняя кніга беларускага алкаголіка” з’яўляецца карыснай і павучальнай.

 

Думка пятая 

У аўтара, фізіка-тэарэтыка па спецыяльнасці, ёсць несумненныя здольнасці да прыгожага пісьменства. Багаццю яго слоўніка і вобразнасці мовы можа пазайздросціць прафесійны літаратар. Вось адна цытата (для цаніцеляў), у якой ёсць нешта раблезіянскае: “…ўсё часьцей чуцён вокліч “Налівай!” і наліў спраўна робіцца, чыніцца, зьдзяйсьняецца, ажыцьцяўляецца, паўтараецца, і зноў куфлі і шклянкі напаўняюцца, наліваюцца, разьліваюцца, зьліваюцца, пераліваюцца, дапаўняюцца, уліваюцца й падымаюцца, разьбіваюцца, абнаўляюцца, і так усё ідзе па нейкім зачараваным коле…”.

Некалькі заўваг агульнага плану. Першая: іншай магла б быць будова кнігі, размяшчэнне раздзелаў у ёй. Бо які сэнс з алкагольным гумарам апавядаць пра сяброў ды іх незайздросныя лёсы, калі чытач не ведае галоўнага: а ці выбраўся ты сам?!

Неўразуменне таксама выклікае  карыстанне тарашкевіцай. Рызыкую наклікаць на сябе агрэсію прыхільнікаў старога правапісу, але пераканана: нельга двойчы ўвасці ў адну ваду. У асобных момантах правапіс проста патыхае архаікай, асабліва ў перадачы запазычанняў: мінэрал, пэрыяд, сытуацыя, кілямэтры, дырыжэр, філязофскі, мастак-манумэнталісты… Штучна перанесеная ў наш час тарашкевіца служыць фактарам расколу беларускамоўнай грамады, а яе прыхільнікам дае ілюзію нейкай асаблівай, “лепшай” беларускасці. Тут мне бачыцца тая самая настальгія – настальгія па часе, калі пісьменнікаў яшчэ не расстрэльвалі сотнямі за ноч, а справаводста на беларускай мове вялося нават у тэатрах і дробных канторах…

І апошняе: перад намі споведзь аўтара перад Богам і людзьмі. Але, як мне падалося, глыбіні і шчырасці пакаяння ў ёй якраз і не адчуваецца. Не стае таго, што ў царкоўнай літаратуры называецца “сокрушением”… Зрэшты, пакаянне – вельмі асабістае пачуццё. Можа, і не было патрэбы яго выстаўляць напаказ?

Не буду хаваць, што добра знаёмая з аўтарам кніжкі, які назваў сябе Антонам Кулонам. Ён выпраменьвае пазітыўны настрой і рэалізоўвае сябе ў розных сферах грамадскага жыцця. Пры гэтым адчуваю, што яму ёсць куды расці. Вера, да якой чалавек прыйшоў, яшчэ не знак якасці, і тым больш – не падстава для гардыні. “Душа обязана трудиться”.  Гэта напамінак для ўсіх нас.

 

Галіна Каржанеўская, Літаратурная Беларусь № 77

 

Далучайцеся да дыскусіі датычна "Сіняй кнігі" і рэцэнзіі на яе ў ФЭЙСБУКУ