Галіне Каржанеўскай — 65!

Галіна Анатольеўна Каржанеўская

Паважаная Галіна Анатольеўна! Сардэчна віншуем Вас са святам і жадаем усяго найлепшага: моцнага здароўя, дабрабыту, плённай творчай дзейнасці, поспехаў ва ўсіх справах, добрых надзей і падзей Вам і Вашым блізкім!

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

  

Галіна Каржанеўская нарадзілася 27.08.1950 г. у вёсцы Лясішча Слуцкага раёна Менскай вобласці ў сям'і служачых.

У 1968 г. скончыла Янушкавіцкую сярэднюю школу Лагойскага раёна, паступіла на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З трэцяга курса перавялася на завочнае аддзяленне і пачала настаўнічаць у Янушкавіцкай школе. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1973) выкладала беларускую мову і літаратуру ў сярэдняй школе пасёлка Плешчаніцы Лагойскага раёна. У 1980-1982 гг. - рэдактар літаратурна-драматычнай рэдакцыі Беларускага тэлебачання. З 1984 г. - карэспандэнт аддзела прозы і паэзіі, з 1986 г. - загадчык аддзела крытыкі газеты «Літаратура і мастацтва». Сябра СП СССР з 1976 г.

З вершамі ў рэспубліканскім друку выступіла ў 1967 г. Выступае і як крытык.

ПА ДЫВАНЕ

Па дыване іду, па дыване –
Лісцёвым, 
залацістым, шапаткім.
Ужо нямала ног прайшло па ім,
І ён не рэагуе на мяне.

Крыху пазней,
праз тыдзень мо які,
Прысыплецца калючаю крупой.
І восень стане шэрай і слабой,
І перапіша год чарнавікі.

То я ў заўтрашні дзень забягу,
То ў мінулае раптам патраплю.
Наступаю на звыклыя граблі
(Лоб, на шчасце, зажыўшы крыху.)

Маё с ё н н я нібыта ўбаку –
Не ацэнена, не зразумета…
Вунь хвіліны звіняць, як манеты,–
Падстаўляй пад багацце руку!

 Галіна Каржанеўская

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"