Галубовіч, Рублеўская і Несцярэнка прэзентавалі свае новыя кнігі (ФОТА, ВІДЭА)

Леаніда Галубовіча, Людмілу Рублеўскую і Юрыя Несцярэнку яднае не толькі тое, што сёлета творцы адсвяткавалі свае юбілеі і выдалі новыя кнігі — пісьменнікі ўжо даўно сябруюць і плённа супрацоўнічаюць.

Леанід Галубовіч

Людміла Рублеўская

Леанід Галубовіч, Людміла Рублеўская, Юры Несцярэнка

Юры Несцярэнка

Напрыклад, Леанід стаў першым рэдактарам Юрыя, Юры напісаў песні на вершы Людмілы, якая, у сваю чаргу, з'яўляецца аўтаркай прадмовы да ягонай кнігі. Не дзіва, што цягам супольнай вечарыны выступоўцам было што распавесці адно пра аднаго. Гучалі вершы, песні і гісторыі іх стварэння, успаміны пра першае знаёмства.

Барыс Пятровіч

— Сённяшняя прэзентацыя ў нейкім сэнсе эксперыментальная, бо яна прадстаўляе некалькі кніг некалькіх аўтараў — у іх шмат агульнага і ў творчай супрацы, і па жыцці. Сёлета ўсе яны юбіляры, іх выданні пабачылі свет у серыях ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” — Бібліятэчцы часопіса “Дзеяслоў” і “Кнігарні пісьменніка”. У Леаніда Галубовіча і Людмілы Рублеўскай гэтыя зборнікі не першыя, а для Юрыя Несцярэнкі яго кніга апавяданняў — дэбютная, адзначыў у прывітальным слове Старшыня ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Барыс Пятровіч.

Людміла Рублеўская, Леанід Галубовіч, Юры Несцярэнка

Пісьменніца, журналіст, літаратурны крытык Людміла Рублеўская распавяла пра стварэнне кнігі “З’яўленне Інфанты”, куды ўвайшлі вершы апошніх гадоў, а таксама іранічныя мемуары «Бестыярый майго савецкага дзяцінства». Вобраз Інфанты быў натхнёны карцінай Веласкеса. Позірк збоку, па-за межамі кантэксту, магчымасць быць староннім назіральнікам жыцця прывабілі аўтарку. Кніга, на погляд спадарыні Людмілы, пракладае шлях ад гістарычнага пафасу і рамантызму — да іранічнага сцёбу.

Вашай увазе — відэазапіс аднаго з новых вершаў паэткі.

Кніга Леаніда Галубовіча "Поўня" змяшчае найлепшыя вершы, напісаныя за трыццаць пяць гадоў, а таксама “зацемкі з левай кішэні” з аднайменнага выдання, прысвечаныя літаратурнай дзейнасці. Спадар Леанід, які не вітае публічнасці і досыць рэдка выступае, быў лаканічны ў апісанні кнігі і па-акцёрску эмацыйны ў прачытанні ўласных вершаў.

Уверсе: Ігар Канановіч; унізе: Леанід Галубовіч і Алесь Разанаў; Юры Будзько

Спецыяльным госцем вечарыны стаў паэт, бард і зямляк Леаніда Галубовіча Ігар Канановіч, у якога нядаўна ў серыі СБП выйшаў вершаваны зборнік "Астэроід". 

Першая празаічная кніга музыканта і літаратара Юрыя Несцярэнкі "Звычайны шоу-бізнес" мае як аўтабіяграфічныя, так і па-мастацку змадэляваныя сюжэты. Практычна ўсе творы закранаюць музычную тэматыку, у іх гучаць рок, джаз, блюз ды іншыя альтэрнатыўныя жанры.

Музыка знаходзіцца ўнутры саміх гэтых невялічкіх апавяданняў і навел, як выказаўся выдавец, рэдактар і журналіст Юры Будзько, і гэта набліжае зборнік, з аднаго боку, да аўтабіяграфічнай прозы, а з іншага, да так званай літаратуры бітнікаў, што робіць зборнік Юрыя ўнікальным у беларускай прасторы.

Юры Несцярэнка выканаў песні на вершы Людмілы Рублеўскай. Прыемным сюрпрызам для Леаніда Галубовіча стала кампазіцыя, напісаная Юрыем на ягоны тэкст і праспяваная ўпершыню.

Вечарына завяршылася аўтограф-сесіяй.  

Тэкст: ВТ, фота: ВТ і Ціхан Чарнякевіч, для lit-bel.org