«Галіяфы» і Arche возьмуць удзел у Мінскай кніжнай выставе, «Логвінава» не будзе

ХХIII Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш пройдзе з 10 па 14 лютага ў павільёне «Белэкспа». У ёй возьмуць удзел дзяржаўныя выдавецтвы і некаторыя незалежныя, таксама свае стэнды выставяць амбасады. Удзел у ёй нятанны. Для выдаўца адзін квадратны метр каштуе 100 еўра.

«Галіяфы» арандуюць пад кніжныя навінкі чатыры квадраты за 400 еўра. Гэта як 36 кніг нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч «Час сэканд-хэнд».

«Мы сёлета вырашылі не рабіць нейкую праграму на стэндзе, там наогул нязручна, тым больш у нас цяпер ёсць свая пляцоўка ў Траецкім прадмесці. Мы проста прадставім свае навінкі, можа, тое, што выходзіла раней. Гэта кнігі Альгерда Бахарэвіча «Белая муха — забойца мужчын», Юрыя Станкевіча «Паўночны вецер для спелых пладоў», Сяргея Абламейкі «Дом літаратара» ды іншыя», — расказвае дырэктар «Галіяфаў» Зміцер Вішнёў.

З цяжкасцямі падчас рэгістрацыі на выставе «Галіяфы» не сутыкнуліся.

Кнігарні «Логвінаў» на выставе, як і летась, не будзе. Летась ім проста адмовілі ва ўдзеле, а сёлета яны заяўкі нават не падавалі.

«Мы проста не падавалі заяўкі на ўдзел, бо ўжо тры гады нас не рэгістравалі без усялякіх тлумачэнняў», — кажа арт-дырэктар кнігарні «Логвінаў» Павел Касцюкевіч.

Сціплы стэнд на два квадратныя метры сёлета будзе ў часопіса «Архэ». Выдаўцы таксама не будуць ладзіць культурнай праграмы — толькі кніжныя навінкі.

«У нас будуць усе апошнія навінкі, будзе апошняя наша кніга на рускай мове, прысвечаная абароне Брэсцкай крэпасці ў чэрвені 1941 года, яна цалкам заснаваная на нямецкіх крыніцах, арыгінальных дакументах і ўспамінах», — расказвае галоўны рэдактар «Аrche» Валер Булгакаў.

Два квадраты на выставе зойме выдавецтва «Тэхналогія». Абяцаюць конкурсы і віктарыны з падарункамі, а таксама навінку — «Этнаастраномію» Цімафея Авіліна.

«Гэта адна з найлепшых кніг года ў нашым выдавецтве і першая кніга ў гэтай тэматыцы. Яшчэ новая кніга Алеся Зайкі», — дзеляцца планамі ў выдавецтве.

Традыцыйна свае стэнды на выставе прадставяць і амбасады. У мінулым годзе найбольш папулярным у падлеткаў стаў стэнд амерыканскага пасольства дзякуючы інтэрактыўным гульням. Сёлета дыпламаты зноў прадставяць развівальныя гульні, а таксама камандныя віктарыны на тэму вынаходніцтва.

Адкрыццё Міжнароднай кніжнай выставы адбудзецца 10 лютага а 12-й гадзіне.