Ганна Бутырчык і Алесь Жук наведалі Школу маладога пісьменніка

Нядаўна Школу маладога пісьменніка, якая дзейнічае пры СБП, наведалі з лекцыямі літаратуразнавец, выкладчыца Ганна Бутырчык і пісьменнік Алесь Жук.

Вядома, усю гісторыю беларускай літаратуры, тым больш, у звязку з сусветным кантэкстам, немагчыма распавесці за дзве лекцыйныя гадзіны. Аднак Ганне Міхайлаўне гэта ўдалося: распавядаючы пра канцэпт гульні ў літаратуру, і болей – гульні ў Альбарутэнію, даследчыца акрэсліла асноўныя тэндэнцыі развіцця айчыннага прыгожага пісьменства. Сітуацыя татальнай гульні, уласцівая постмадэрнісцкай эпосе, даўно стала нашай беларускай рэальнасцю, сцвярджае спадарыня Ганна. Мы адначасова дзеці Краіны Хлудаў і адначасова – дзеці Горада Сонца, і гэтая апазіцыя, нашыя сны наяве, сны аб Беларусі, задаюць унутраную патэнцыю як сведчаннне нашага няспыннага развіцця. Ніхто так не разумее, як беларусы, што ў кожнай з’яве ўтрымліваецца супярэчнасць.   

– Няпраўда, нібыта самаіронія, гратэск, парадзіраванне класікі спрыяюць дэсакралізацыі значных постацей. Паглядзіце, што англічане робяць з Шэкспірам, якія дэканструкцыі традыцыйных вобразаў і сюжэтаў. Год таму мне давялося пабачыць на лонданскай сцэне “Розенкранц і Гільдэнстэрн мёртвыя” Тома Стопарда. Сцэнаграфія была выдатнай. Сам твор пабудаваны на гульні словаў, на лагічных гульнях. Самае адметнае  аўтар у сваім спектаклі гуляўся з рэчаіснасцю. Справа ў тым, што ўсе без выключэння англічане, незалежна ад сацыяльнага статусу, гуляюць у нацыянальную латарэю, купляюць квіточкі і чакаюць цуду. Нават такія рэчы мімічна былі абыграныя. Таксама варта згадаць экранізацыю – Рычард Трэці на танку. І нікому з англічан не прыходзіць у галаву асуджаць такую інтэрпрэтацыю вялікага Шэкспіра.

Даследчыца мяркуе, што неабходна ствараць пазітыўны вобраз беларускага героя, увогуле беларускай літаратуры. “Плач аб старонцы” не з’яўляецца прэзентатыўным не толькі для замежжа, але і для нас саміх. Цяперашнюю моладзь варта прывабліваць да нацыянальнага, пазбаўляючыся звыклых схем і шаблонаў, прынятых, прыкладам, у школьнай праграме, і якія выклікаюць сваёй заштампаванасцю хутчэй адрынанне, чым любоў да свайго. 

Усведамленне таго, што беларуская літаратура з’яўляецца роўнай у дачыненні да сусветнай, і ёсць пачаткам упісання нацыянальных набыткаў у агульнакультурны кантэкст.

Сустрэча з Алесем Аляксандравічам Жуком прайшла ў форме дыялогу. Пісьменнік адказваў на пытанні пра нядаўна прачытаныя і ўлюбёныя кнігі (гучалі імёны класікаў расійскай літаратуры Прышвіна, Паўстоўскага, Чэхава, Талстога, Шолахава), згадваў літаратурны працэс 1960-х – 70-х гадоў, сваіх сяброў і калег Караткевіча і Брыля. Асаблівую зацікаўленасць маладых наведнікаў выклікалі аповеды пра статус пісьменніка ў савецкі час, пра тэндэнцыі неарамантызму ў тагачаснай літаратуры, якія выратавалі яе ад шаблоннасці сацрэалізму. Псіхалогія творчасці, адметнасць індывідуальнай працы таксама сталі актуальнай тэмай дыскусіі для тых, хто наведвае Школу маладога пісьменніка.

Наступныя заняткі – семінарскія.

Прэсавая служба СБП