Ганна Комар і яе «Страх вышыні» (+ФОТАГАЛЕРЭЯ)
Ганна Комар
Новая кніга
На прэзентацыі маладая паэтка прачытала вершы на беларускай і англійскай мовах -- на апошняй ёй зараз даводзіцца размаўляць часцей. Ганна прызналася, што прыехала ў Мінск у мінулую нядзелю, каб пабачыцца з сябрамі і распавесці аб сваёй дэбютнай кнізе, якую ім прысвяціла. Неўзабаве яна зноў вернецца на працу у Ірландыю.
"У мяне часта пытаюцца: "Калі ты вернешся назаўжды?" Але я не люблю слова "назаўжды", як і "ніколі" -- яны быццам хапаюць за горла і не адпускаюць", -- падзялілася паэтка.
Кніга Ганны Комар змясціла ў сабе творы яе асабістага "беларускамоўнага перыяду", які пачаўся два гады таму. Да таго ж вершы змешчаны там у тым парадку, у якім яны з'яўляліся на свет.
"Калі я першы раз трымала кнігу ў руках, я думала -- усё, вершы ўжо мне не належаць. Гэта ўсё роўна, што для птушкі бачыць палёт сваіх птушанят у вольных нябёсах. І калі я чытаю іх для вас, мне здаецца, што яны зноў вяртаюцца да мяне", -- прызналася Ганна.
Паэтка лічыць, што кніжкі не было б, калі б не склаліся ў адзін пазл шмат элементаў. І ключавым стаў Беларускі калегіюм, дзе яна пачала размаўляць па-беларуску, адчуваць па-іншаму сябе і свет.
Рэдактарам кнігі Ганны Комар стаў яе выкладчык Валянцін Акудовіч. Паэтка расказала, што беларускі філосаф сваёй крытыкай натхніў яе працаваць над вершамі.
Валянцін Акудовіч у сваю чаргу адзначыў, што Ганна Комар пражывае жыццё "шалёна і адважна" і гэтыя рысы робяць яе творы адметнымі. Рэдактар выказаў упэўненасць, што "Страх вышыні" знойдзе свайго чытача.
-- Я ехаў сюды на метро і бачыў, як нейкая дзяўчына чытала кнігу Ганны Комар. Тады я падумаў: "Кніга толькі выйшла, а яе ўжо ў транспарце чытаюць -- гэта сапраўды паказчык".
Але ж аднаго рэдактара для паэткі было мала. Ганна лічыць, што ёсць розніца паміж мужчынскай і жаночай паэзіяй, таму ёй захацелася жаночага погляду на свой зборнік. Таму кнігу, ужо пакрэмзаную Валянцінам Акудовічам, аўтарка аддала Таццяне Нядбай, творамі якой захаплялася.
-- Я хачу сказаць Валянціну Акудовічу, што я была першай, хто чытаў зборнік Ганны ў метро -- яшчэ да таго, як яна выйшла, -- распавяла Таццяна. -- Мяне ўразіў надрыў, вострае адчуванне жыцця, якія я ўбачыла ў кнізе. Хацелася б пажадаць Ганне знайсці ў жыцці сваё месца. Гэта можа быць і дарога -- калі яна ўтульная і пазітыўная.
"Разыначкай" імпрэзы Ганны таксама стала пасланне, перададзенае калегамі з розных краін, з якімі ёй давялося працаваць у Ірландыі. Калегі запісалі відэа для беларускіх сяброў Ганны, у якім паспрабавалі разам прачытаць адзін з яе вершаў па-беларуску.
-- Я паабяцала, што гэта відэа зробіць іх зоркамі ў Беларусі, -- пажартавала Ганна.
Алесь Емельянаў-Шыловіч -- выступоўца, запрошаны на імправізаваную сцэну пасля відэа, -- ведаў Ганну яшчэ ў той перыяд, калі яна пісала вершы на рускай мове. Тады яны разам стварылі літаратурнае аб'яднанне "На крылах натхнення".
-- Гэта было наша літаратурнае дзяцінства. Потым усе сябры аб'яднання некуды разбегліся, большасць перастала пісаць -- у кожнага свой шлях. Але ж праз некаторы час я сустрэў Ганну і быў вельмі ўзрадаваны, што яна працягвае літаратурную дзейнасць. І калі пабачыў яе новыя тэксты, быў уражаны тым, наколькі яна вырасла ў сваім майстэрстве.
Напрыканцы прэзентацыі выступіла Валерыя Данілевіч. Яна прачытала ўласныя творы, якія былі напісаныя пад уплывам паэзіі Ганны Комар. У прыватнасці, верш, які прарос з "Не прарасту".
Вечарына скончылася музычнай часткай, адказным за якую быў прызначаны Сяргей Башлыкевіч. Пасля песень аб БРСМ, златцы і жыцці ў Ашмянах для прыхільнікаў паэзіі Ганны Комар была зладжана аўтограф-сесія.
Тэкст: Алена Босава, фота: Віка Трэнас, для lit-bel.org