Ганна Кісліцына: Раман выхавання як беларускі трэнд

Таму абсалютна нечаканым стала для мяне з’яўленне ў апошнія гады беларускіх раманаў, якія адметныя не ў апошнюю чаргу сваёй выяўнай аксіялагічнай арыентацыяй. 

Пісьменнікі зноў загаварылі пра каштоўнасці! Складана сказаць, што пасунула іх на такі крок – бацькоўства, мудрасць альбо рэакцыя на сацыяльна-культурную энтрапію постмадэрнага свету. Неістотна. Важна тое, што ў нас адзін за адным сталі з’яўляцца раманы выхавання. Рублеўская са сваімі “Авантурамі студыёзуса Вырвіча”, Гапееў з “Праклёнам” і творамі для падлеткаў, а цяпер вось і Пятро Васючэнка з “Дванаццаццю подзвігамі Геракла”. Што цікава, апошні сам так і вызначае жанр свайго твора ў прадмове, тлумачычы свой выбар наступным чынам: “У ХХІ стагоддзі мне захацелася напісаць кнігу пра тыя часы, калі чалавек быў дзіцём, і чалавецтва палягала ў стане дзяцінства, і гэтым дзіцячым садком кіравалі выхавацелі – усемагутныя і ўсёведныя алімпійскія багі”.

Тут чыстая праўда – няма лепшых выхавацеляў за алімпійскіх багоў! Нездарма ж менавіта антычная літаратура стала тым падмуркам, на якім вырасла класічная адукацыя. Створаная Васючэнкам “новая версія прыгодаў Геракла” – абсалютна гэтак жа, як і цыкл Рублеўскай пра Вырвіча, мае за мэту, з аднаго боку, адукоўваць і настаўляць, з другога – іранічна, весела і дынамічна распавядаць пра “авантуры, метамарфозы і паядынкі”.

Аднак мэта – мэтай, але істотнай з’яўляецца не задума, а рэалізацыяй. Адразу скажу, што кніга ўдалася. Па-першае, нягледзячы на знаёмы з дзяцінства сюжэт (асабіста я перачытала процьму старажытных міфаў), аўтар ухітрыўся ўтрымліваць увагу да апошняга, хоць, здавалася б, наданне свежасці класіцы – задача абсалютна непад’ёмная.

Чаму гэта ўдалося?

Ну, перш за ўсё, таму што аўтар яўна асацыюе сябе з галоўным героем! От, скажа чытач, знайшоўся Геракл... Між тым, у створаным Васючэнкам вобразе сапраўды добра пазнаецца ён сам, “тынэйджар паводле сваёй імпульсіўнай, наіўнай, запытальнай натуры, але ўжо дарослы чалавек сваім целам”. Гэтае вызначэнне – дарослае цела, душой падлетак – вандруе з адной часткі ў другую і, відавочна, вельмі важнае для пісьменніка. 

Падобна Гераклу ён спрабуе адказаць сабе на пытанне: што кіруе светам? І штораз знаходзіць новы адказ! Іншым разам яму здаецца, што сэнса ў жыцця няма, і тады яго Геракл сцвярджае, што ўсё, што робіцца – не болей за “капрызы багоў”. Другім разам ён лічыць, што ва ўсім вінаватыя капрызы жанчын. Але бываюць і рэдкія моманты зацішша ці перамогі, і тады аўтар і герой згаджаюцца ў тым, што светам кіруюць любоў, міласэрнасць і літасць.

Цікава, што Васючэнка ўхітрыўся не проста думаць, як Герой (у дадзеным выпадку ёсць усе падставы пісаць гэтае слова з вялікай літары), але ён ухітрыўся бачыць, як Герой. Апісанне боек і баёў у кнізе абсалютна фантастычныя! Даўно не даводзілася чытаць апісанняў настолькі ясных у патрабязнасцях, дэталях і фізіялагічных адчуваннях, каб нават у галаву не прыходзіла засумнявацца ў праўдзівасці сцэны. Хоць, пагадзіцеся, уявіць сабе бойку з нямейскім львом ці лярнейскай гідрай у дэталях, не прапускаючы моманты ад пачатку да перамогі – гэта не прасцей, чым паглядзець на зямлю з космаса. Бо вопыта ў гэтым не можа быць у прынцыпе!

Праўдападабенства ствараецца не толькі вялікай колькасцю дэталяў кшталту рознакаляровага вока гідры ці дзюбай мёртвага жалезнага птаха. Адчуванне сапраўднасці дае ўменне апісваць падзеі з розных ракурсаў адначасова. Васючэнка дэманструе ўменне думаць, як гідра, думаць, як антычны бог, думаць, як сведка падзей. Дарэчы, гэта несумненная ўдача кнігі – вобразы сведкаў падзей. Гэта не толькі вядомы па міфах сваяк Геракла Іялай, адказны за “навуковую частку” подзьвігаў, але і два казапасы і фінікійскі гандляр, якія ўвасабляюць у кнізе беларускі менталітэт.

Менавіта з імі звязаны самыя смешныя і разам з тым самыя трагічныя моманты аповеду пра прыгоды Геракла. Абсалютна беспрынцыпныя казапасы і гандляр перасоўваюцца па свеце, кіруючыся толькі тым, каб патрапіць, дзе трава зелянейшая ды грошай паболей. Нягледзячы на знаёмства з Героем і ўсведамленне яго моцы, адвагі і высакароднасці, яны ў любы момант здатныя прадаць яго з трыбухамі, каб адвесці ад сябе ўвагу. 

Чытаць далей на bookster.by

Ганна Кісліцына

bookster.by