Ганна Янкута: "Дыпломная работа" Паўла Анціпава

Кніга “Дыпломная работа” Паўла Анціпава (Логвінаў, 2011) выйшла не ў серыі “Пункт адліку”, але многімі ўспрымаецца як яе частка. Яно і не дзіўна: апроч таго, што Павел Анціпаў трывала асацыюецца з серыяй як адзін з яе куратараў і арганізатараў, яго “Дыпломная работа” можа лічыцца тыповым узорам дэбютнай кнігі.

Яна не такая тонкая, як, скажам, зборнік Кацярыны Зыкавай ці Кірыла Дубоўскага, але выразна сведчыць пра пошук уласнага стылю і ўвогуле сябе. Часам гэта прачытваецца нават на самым павярхоўным, сюжэтным узроўні: аўтар з усёй шчырасцю расказвае чытачу пра свае сумневы і раскрывае таямніцы ўласнага пісьменніцкага жыцця.

Адзін з вялікіх плюсаў кнігі — цікавая канцэпцыя, пра якую аўтар не раз расказваў на розных вечарынах і прэзентацыях. Паводле словаў Паўла Анціпава, дыпломная праца ў Літаратурным інстытуце ў Маскве ўяўляе сабой зборнік напісаных падчас навучання вершаў ці прозы. Сам аўтар кнігі ў інстытуце не давучыўся, але ўсё адно вырашыў напісанае ў той перыяд выдаць. Такая элегантная канцэпцыя дазваляе змясціць пад адной вокладкай творы самага рознага фармату: шэраг апавяданняў, цыкл кароткіх гісторыяў, прэтэнцыёзна вызначаны як жыціе, і калаж на тэму маскоўскага жыцця, прэтэнцыёзна вызначаны як цыкл.

Нягледзячы на жанравую стракатасць, у стылістычным плане зборнік атрымаўся цэльным: не рызыкну пакуль гаварыць пра аўтарскі стыль, але што манера пісьма ў Анціпава пазнавальная, сумневаў няма ніякіх. Пагартаўшы выдадзены літаральна днямі нумар часопіса “Дзеяслоў”, заўважаеш, што нават у перакладзе на беларускую мову гэтая манера вылучае апавяданні Анціпава сярод твораў іншых аўтараў нумару. Праўда, яна няўлоўна нагадвае нам нешта іншае, даўно чытанае: ці то на ўроках рускай літаратуры ў школе, ці то ў якім-небудзь важкім рускім літаратурным часопісе.

Самы значны паводле аб’ёму твор кнігі — гэта аднайменны цыкл, як вызначае яго нехта ў анатацыі да зборніка, і вызначэнне гэтае падаецца даволі няўдалым. Бо цыкл — гэта хутчэй шэраг цэльных твораў, аб’яднаных жанрава і тэматычна. У дадзеным выпадку перад намі хутчэй “маскоўскі блог Паўла Анціпава”, дзе аўтар можа размясціць усё, што яму захочацца: і паўнавартасныя аўтабіяграфічныя апавяданні, і асобныя разважанні, прычым як забаўныя і амаль афарыстычныя (“Из окна моего офиса открывается вид на обложку альбома “Animals” группы “Пинк Флойд”. Только свиньи не хватает. Она, по всей видимости, по эту сторону окна”), так і ўвогуле ні пра што (“Чтоб устроиться на работу, мне пришлось обмануть и работодателя, и себя”), і тэксты, якія ўвогуле нагадваюць запісы ў livejournal.com накшталт “Пяць маіх любімых кніг” ці “Дзесяць самых незвычайных рэчаў у маім жыцці” (“Итоги жизни”). Нераўнамернасць гэтых тэкстаў відавочная, а спалучэнне іх у адзін твор (“цыкл”) — больш чым умоўнае. Менавіта праз гэта самы аб’ёмны ў кнізе твор аказваецца, як на мяне, і самым слабым: цікавыя фрагменты губляюцца на фоне ўрыўкаў, якія да літаратуры асаблівага дачынення не маюць.

Тэма пісьменніцтва і звязаных з ім турботаў займае ў “Дыпломнай працы” такое важнае месца, што пачынае здавацца, нібыта сам тэкст (ну ці цыкл) пісаўся з псіхатэрапеўтычнымі мэтамі. Аўтар напружана ўглядаецца ў сябе, спрабуе зразумець, чаго ж ён насамрэч хоча, і прапануе чытачу раздзяліць з ім цяжар пакутлівага самапазнання. У сваіх пошуках аўтар не выходзіць на абагульненні і не спрабуе ўбачыць ва ўласным досведзе нешта ўніверсальнае: гісторыі і развагі з маскоўскага перыяду Паўла Анціпава так да канца і застаюцца прыватнымі. Зрэшты, тут пісьменнік ідзе ў нагу з часам: цікавасць да прыватнай, бытавой гісторыі, гісторыі асобна ўзятага чалавека, не выдуманага персанажа, а менавіта канкрэтнай асобы, якая мае сваё імя і гатовая расказваць пра сябе свету, сёння высокая як ніколі раней.

У адрозненне ад лёгкага і забаўнага “Добрага рамана” Кірыла Дубоўскага, чыя творчасць у сучаснай беларускай літаратуры здаецца найбольш блізкай да творчасці Паўла Анціпава (і руская мова тут зусім ні пры чым), зборнік апошняга прапануе чытачу гісторыі як смешныя, так і сур’ёзныя. І калі тэкст “Дыпломная работа” ў гэтым плане даволі неаднастайны, то цыкл кароткіх гісторыяў “Боб Іванавіч і Марс Марсавіч” пра двух старых прыяцеляў акурат вельмі блізкі да таго, што робіць Кірыл Дубоўскі. Чаму ў анатацыі гэты цыкл названы жыціем — незразумела: гісторыі пра двух пенсіянераў нельга назваць ні пародыяй на гэты жанр, ні нават хоць якім яго сучасным пераасэнсаваннем. Збольшага гэта звязаныя паміж сабой галоўнымі героямі гісторыі, адны з якіх нагадваюць анекдоты, іншыя — проста выпадкі з жыцця, часам няскончаныя. Няскончанасць гэтая разам з сюжэтна і ідэйна нематываванай зменай апавядальніка (з трэцяй асобы на першую ў апавяданнях “Дзень нараджэння” і “Што я прачытаў на твары ў Боба Іванавіча”) падаецца хутчэй недапрацоўкай — ствараецца ўражанне, што аўтар не ведаў, дзеля чаго ўсё гэта пішацца і як яно ў выніку мусіць выглядаць. Камічны стыль аповеду ці то адсылае чытача да яшчэ аднаго твора пра ўзаемадачыненні двух сяброў — да гогалеўскай “Аповесці пра тое, як пасварыўся Іван Іванавіч з Іванам Нікіфаравічам”, — ці то проста мусіць чытача забавіць, і ў гэтым выпадку акурат недапрацаванасць сюжэтаў асобных гісторыяў мусіць гэтаму перашкодзіць: якая ўжо тут забава, калі “никто в следующем году не будет сочинять про их личную жизнь”. У выніку ў чытача можа застацца пытанне — гэта твор для разгрузкі мазгоў з элементамі пародыі на савецкую стылістыку ці штосьці яшчэ, не да канца асэнсаванае і выпісанае?

Што да астатніх тэкстаў у зборніку, то іх можна раздзяліць на дзве групы: усё тыя ж іранічныя апавяданні, накшталт гісторыі пра Леніна, і бытавыя замалёўкі лёсаў “маленькіх людзей”. Цяжка сказаць, як гэта ў аўтара атрымліваецца, але ў кожным творы, дзе аповед вядзецца не ад першай, а ад трэцяй асобы, мы бачым менавіта гэты тып героя — “маленькага чалавека”. Аўтар глядзіць на іх нібыта трошкі звысоку, часам яны даюць яму нагоду паразважаць пра бязлітаснасць жыцця, часам — злёгку падасціпнічаць, але адчуваецца, што аўтар трымае іх у абцугах і дакладна вызначае іх месца ў сусветнай іерархіі. Ствараецца ўражанне, што аўтар бачыць сваю мэту ў адлюстраванні жыцця “якім-яно-ёсць-насамрэч”, але ставіцца да яго пры гэтым трошкі з пагардай. І мы, гледзячы на гэтых персанажаў вачыма аўтара, таксама не можам не адчуваць да іх ці то нейкай прыхаванай пагарды, ці то нейкага непрыемнага шкадавання.

Па традыцыі пішучы бліжэй да канца артыкула некалькі словаў пра мову твора, не магу не адзначыць, што ў асобных месцах аўтар супраць рускай мовы грашыць. Я зусім не ўпэўненая (хаця не бяруся меркаваць з усёй дакладнасцю), што руская мова дапускае такія выразы, як “постиг любовный зуд” (с. 72), “не умел в силу характеризующей его черты оптимистического старца” (с. 91), “ваше имя в обратном направлении нелицеприятно звучит” (с. 100). Больш за тое, часам супраць рускай мовы аўтар грашыць з беларускай, на што ўказваюць асобныя характэрныя граматычныя формы альбо словы, напрыклад, беларусізм “рогот”.

“Дыпломная работа” Паўла Анціпава (так і хочацца напісаць гэтыя словы без двукосся) — кніга супярэчлівая. У ёй, даволі амбітнай паводле сваёй задумы (прынамсі, так яно бачыцца няўзброенаму воку), баланс паміж пастаўленай мэтай і яе рэалізацыяй вытрыманы не да канца. Зрэшты, калі гаворка вядзецца пра дэбютную кнігу, цікава нават не гэта. Цікавы аўтарскі патэнцыял і тая планка, якую пісьменнік гатовы перад сабой паставіць. А браць яе давядзецца ўжо ў наступных кнігах.

Ганна Янкута, budzma.org