Ганна Янкута: Дзед Мароз, go home!

Нягледзячы на тое, што Новы год ужо на падыходзе, Андрэй Пакроўскі не саромеецца прызнацца, што ў Дзеда Мароза ён болей не верыць. Не ведаю, ці будзе Дзед Мароз яму за гэта помсціць і ці не папоўніць яго і без таго багатую калекцыю антрапаморфных ровараў, але несумненна адно: страта гэтай веры мела для беларускай літаратуры незваротныя вынікі.

Гісторыі Пакроўскага — гэта гісторыі пазбаўлення ад ілюзіяў, сярод якіх вера ў Дзеда Мароза — адна з самых дробных і бяскрыўдных. Дзіўнаватых персанажаў кнігі чакаюць непрыемнасці рознага маштабу. Напрыклад, па радыё перастаюць круціць Баярскага альбо ўздоўж Свіслачы пачынае лютаваць птушыны грып. Непрыемнасці гэтыя не ператвараюцца ў выпрабаванні, а застаюцца чыстай вады непрыемнасцямі, — гэта закон, паводле якога існуе абсурдны свет ровараў і Дзядоў Марозаў, і гэты свет чытач мусіць прайсці, як усе узроўні гульні “Супер-Марыа”, пазбягаючы пастак і пераскокваючы праз прорвы, багны і іншыя жахі. Самая страшная пачвара ў мастацкім свеце Андрэя Пакроўскага — гэта, мабыць, гарадзенскія кантралёры (і я думаю, тут яго падтрымае любы гарадзенец), а самы складаны ўзровень трэба адолець на гарадскім транспарце, аўтобусе, тралейбусе альбо метро. Прыгоды пачынаюцца ўжо ў падземным пераходзе, у пошуках якога герой апавядання “Як я стаў паэтам” выпраўляецца ў Маскву, дзе метро з’явілася нашмат раней, чым у Мінску, працягваюцца перад білетнай касай ці “На прыпынку”, і, калі пашанцуе, паездка ў метралэндзе дасць вам час падумаць пра прыемнае, незалежна ад таго, аптыміст вы ці песіміст. Гэта калі пашанцуе. Але хутчэй за ўсё кантралёраў вам не пазбегнуць, папярэджвае Андрэй Пакроўскі, ды і ільготы на праезд адмянілі, і з гэтай прычыны аўтар абяцае больш ніколі праезд не аплачваць і напісаць сто апавяданняў пра адмену ільготаў. Напісаў ці не — лічыце самі.

У другой частцы кнігі (так, яна раздзеленая на дзве часткі, праўда, паводле якога прынцыпу, мне зразумець так і не ўдалося: прынцып гэты, відаць, гэтак жа ляжыць за межамі ўсіх вызначэнняў, як і творчасць Андрэя Пакроўскага ўвогуле) аўтар дазваляе фантасмагорыі набыць чалавечы твар, і дзе-нідзе праз эпілептычныя карціны прабіваецца ледзь улоўны лірызм: шчасце магчымае нават там, дзе пасля абеду па Грынвічы чакаецца поўны і канчатковы Канец Свету. Самаму лірычнаму персанажу кнігі — чарапасе Жучцы — удаецца ўратавацца ад непазбежных, здавалася б, нягодаў: з яе не робяць ні чарапахавага супу, ні чарапахавай попельніцы, яна не ператвараецца нават у чарапахавага ката, а спакойна працягвае сваё чарапашае існаванне, не абцяжараная ані будызмам, ані акадэмічна-навуковым атэізмам, ані абразаннем за дзвесце баксаў. І нават зусім не чарапахавы, а вельмі ёльскі кот, апошні экспанат гэтага змрачнаватага паноптыкума, строгі, але справядлівы засранец, на якога аўтар памяняў спітага і сапсаванага Дзеда Мароза, падаецца амаль што героем верша, ды і зробленая ім непрыемнасць у маштабах мастацкага свету Пакроўскага — гэта ўсяго толькі не вартая згадкі дробязь.

Андрэй Пакроўскі. Як я перастаў верыць у Дзеда Мароза. — Мінск: Логвінаў, 2012. — (Серыя “Пункт адліку”).

 

Асобныя гісторыі Пакроўскага нагадваюць тыя недапалкі, што былі недапаленыя ў аднайменным апавяданні. Ствараецца ўражанне, што большую іх частку аўтар выкурыў сам, а чытачу выдзеліў толькі тое, што засталося (“Прабачце, а пакіньце, калі ласка, дачытаць”): апавяданне “5 рэчаў, якія я не ўмею рабіць” як найлепш пацвярджае гэтую думку. Пакроўскі ставіцца да свайго чытача гэтак жа бязлітасна, як да герояў, і не адрывае яму рукі толькі таму, што сучасныя кнігавыдавецкія тэхналогіі наладжваць такі шчыльны кантакт паміж аўтарам і чытачом яшчэ не дазваляюць. Чытачу не застаецца нічога, як толькі адпомсціць Пакроўскаму, раскупіўшы ўсе асобнікі, і ніводнага аўтару не пакінуць: гэты стратэгічны ход падаецца выйгрышным яшчэ і таму, што аўтар не здолее тады запатэнтаваць машынку для адрывання чытацкіх рук і схаваць яе паміж 12 і 13 старонкамі (асцярожна! 13-я яна не проста так!).

Статыстычны аналіз паказвае, што адзін з улюбёных жанраў Андрэя Пакроўскага — літаратурныя анекдоты. Героем аднаго з такіх анекдотаў робіцца сам Данііл Хармс, гэта амаль прагрэс у літаратуры паводле Андрэя Хадановіча. Сваіх папярэднікаў (а таксама старэйшых сучаснікаў) Андрэй Пакроўскі любіць вельмі дзіўнаю любоўю: літаратурныя анекдоты, дзеля прыліку названыя “Найпраўдзівейшымі гісторыямі з жыцця белліту”, — гэта зноў жа суцэльныя непрыемнасці, прычым толькі аднойчы ў іх цярпіць афіцыянтка, якую вось-вось навучаць мысліць, ва ўсіх астатніх выпадках няўдача стабільна на баку літаратараў. Яно і зразумела: блату ў сваім мастацкім свеце аўтар трываць не будзе, а разам з ім не будзе трываць іерархіі — лёс маладога літаратара (чытач можа падставіць тут любое сімпатычнае яму імя) не нашмат трагічнейшы за лёс Кафкі ці Адама Глобуса.

Серыя “Пункт адліку”, у якой выйшла кніга “Як я перастаў верыць у Дзеда Мароза”, вылучаецца досыць рэдкай у нашых краях талерантнасцю да моўнай разнастайнасці Беларусі. Дзве з пяці кніг серыі напісаныя па-руску, яшчэ ў адной належная ўвага надаецца трасянцы. Кніга Пакроўскага ў гэтым плане не выключэнне, яна напісаная мовай, максімальна набліжанай да той, на якой размаўляла б абсалютная большасць моладзі, калі б толькі гэтая большасць размаўляла па-беларуску. Для гэтай мовы няма забароненых словаў, нават калі гэтыя словы — рускія. У мове Пакроўскага змяшана некалькі слаёў: агульныя штампы, якія засвойваюцца разам са школьнай праграмай, лексіка 90-х, калі беларуская мова спрабавала як мага больш аддаліцца ад рускай, гарадскі слэнг, перакладзены з рускай і трывала адаптаваны беларускай граматыкай, і ўсё гэта разам нечакана робіць сур’ёзную заяўку на індывідуальны аўтарскі стыль. Выглядае на тое, што кароткая проза — арганічны жанр Анрэя Пакроўскага, і можна пачынаць з нецярпеннем чакаць другую кнігу гэтага аўтара: добрая кароткая проза патрабуе ад пісьменніка яшчэ больш вытанчанай фантазіі, чым раман.

Чаму гэта тут ні разу не згаданае слова “абсурд”, здзівіцца, мабыць, кожны, хто дачытае (“Прабачце, а пакіньце, калі ласка, дачытаць”) да гэтага месца і пабачыць, што да канца застаўся ўсяго адзін абзац, не, ужо нават меней. Але я б на месцы гэтага кожнага не здзіўлялася, а лепш пачытала б Андрэя Пакроўскага, які сам ужо ўсё сказаў у апавяданні “Ідэальная пара”. Навошта мне цяпер рабіць гэта яшчэ раз? Я ж не Андрэй Пакроўскі, насамрэч. І ўвогуле, Пакроўскага нават Хармс чытае. А таму пакуль Дзед Мароз go home, усе астатнія go to кнігарня — а там ужо як каму пашанцуе.

Ганна Янкута

budzma.org