Ганна Янкута: Метафізічныя падарожжы Анджэя Стасюка

Падарожныя нататкі як жанр з’явіліся ў свеце разам з “Адысеяй” і паступова заваёўвалі ўсё большую вядомасць, ператвараючыся то ў “Падарожжы Гулівера” Джонатана Свіфта, то ў “Авантуры майго жыцця” Саламеі Пільштыновай, то ў “Падарожныя нататкі” Чэ Гевары. Набыўшы шырокую папулярнасць у той час, калі вандраваць мог далёка не кожны і падарожжа нашмат больш, чым цяпер, асацыявалася з небяспекай і невядомасцю, падарожныя нататкі, па ўсёй логіцы, мусілі б сёння, у эпоху блогаў і фотасправаздач, зрабіцца жанрам маргінальным і прыйсці ў заняпад. Аднак нічога такога не здарылася: сусветная цікавасць да нон-фікшн дала падарожным нататкам новае жыццё, і цяпер іх не піша і не чытае толькі лянівы.

Зборнік вандроўных успамінаў Анджэя Стасюка “На шляху ў Бабадаг” (пераклад Марыі Пушкінай) не варта браць у рукі тым, хто чакае ад кнігі такога кшталту менавіта апісанняў вандровак — у Славакію, Венгрыю, Харватыю, Албанію, Украіну, Румынію, Малдову і Прыднястроўе, як пішацца ў анатацыі. Безумоўна, аўтар і праўда там пабываў, аднак у яго кнізе мы не знойдзем таго, чаго звычайна чакаем ад рэпартажна-эсэістычных нататак пра чужыя краіны, як, напрыклад, тых, якія суайчынніца Стасюка Малгажата Шэйнэрт прысвяціла экзатычнаму афрыканскаму востраву ў важкім томе “Дом чарапахі: Занзібар”. Аповед Стасюка хутчэй нагадвае няспешную плынь развагаў Сяргія Жадана ў “Anarchy in the UKR”, якая летась таксама выйшла па-беларуску (пераклад Алега Жлуткі), з той толькі розніцай, што Жадан паглыбляецца ў сваю эпоху і, цудоўна ведаючы яе знутры, дае фантастычную карціну свайго часу, Стасюк жа, як выпадковы бадзяга, заўважае пэўныя дэталі чужога быту і апісвае выкліканыя імі думкі, якія часта ніяк з яго падарожжам не звязаныя. “На шляху ў Бабадаг” — гэта палёт асацыяцыяў і плынь няспешных меланхалічных развагаў, за якімі часам бывае вельмі цяжка ўсачыць. Чытаць кнігу можна не з пачатку, а з любога раздзела — кожны з іх расказвае пра асобнае падарожжа і кожны ўяўляе сабой павольны і цягучы аповед, калі ўжо не мае значэння, пра якую краіну вядзецца гаворка, ёсць толькі аўтарскі пошук унутры сябе, бясконцыя гісторыі без пачатку і канца, якія нагадваюць карціны абстракцыяністаў і новых рэалістаў адначасова.

Нягледзячы на тое, што ў 2005 годзе кніга Стасюка “На шляху ў Бабадаг” атрымала адну з прэстыжных польскіх літаратурных узнагародаў “Nike”, меркаванні пра яе чытачоў, якія можна знайсці ў інтэрнэце, самыя розныя. Хтосьці захапляецца стылем Стасюка і натхняецца яго падарожжамі, хтосьці, наадварот, ставіцца і да яго вандровак, і да яго творчасці вельмі скептычна, згадваючы грувасткасць апісанняў і банальнасць філасофскіх развагаў. Але якім бы ні быў стыль арыгінальнага тэксту, беларускі пераклад не дае пра яго нейкага канкрэтнага ўяўлення, бо чытаецца з вялікімі цяжкасцямі: калі пэўную заблытанасць сказаў яшчэ можна спісаць на тое, што “і ў арыгінале тое самае”, то асобныя канструкцыі выглядаюць проста не па-беларуску. У кнізе ўвесь час спатыкаешся на сказах накшталт: “Ноч адарвалася ад зямлі, і ў пашырэнні шчыліны дня было відаць халупкі дарожных знакаў…” (с. 7); “…хлопцы ў вясковай кнайпе над куфлямі, быццам здані, быццам фантомы, што застылі на палове жэсту ад майго з’яўлення…” (с. 9); “Я памятаю іх так, але гэтаксама лагічна тое магло здарыцца каля Легніцы…” (с. 9); “…калі дух іхні яшчэ не быў зняволены, не біўся, не спрабаваў сфарміраваць з гнуснай павалокі якога-колечы падабенства” (с. 13); “Сонца вертыкальна падала згары на брукаваныя вулачкі, на пастэльныя дамы, на чырвоную луску дахоўкі, і даставала найстаражытнейшыя пахі” (с. 23); “Іхні пах, высілкі, ёкат, іхняе існаванне запаўнялі форму спракавечных часоў” (с. 25); “Пяцідзесяцігадовы масіўны мужчына ганарыўся, але ў штодзённым жыцці займаўся крамай” (с. 26); “Філасофія паволі набывае матэрыяльную постаць” (с. 27); “…я ехаў, глядзеў у акно і ўяўляў сабе абарваную і ахопленую экстазам армію пагоншчыкаў быдла, пастухоў і сялян, якая спрабуе хаця б на хвіліну дасягнуць лёсу сваіх паноў…” (с. 40); “Усё выглядала пакінутым напаўдзейным, закінутым…” (с. 41), “Доўгая нарацыя пра дух гісторыі падаецца тут ідэяй гэтаксама ўбогай і прэтэнцыёзнай, як і напісаная па-божаму аповесць” (с. 45). Цяжка сказаць, каму — аўтару ці перакладчыку — належаць такія сказы, як: “Ён аб’ездзіў Еўропу разам з Варшавай” (с. 34) ці “Хтосьці тут не існаваў: альбо мы, альбо яны” (с. 36) — аднак чытанне яны таксама не палягчаюць. Безумоўна, кожную фразу можна вырваць з кантэксту, і тады яна будзе выглядаць нашмат смяшнейшай, чым глядзіцца ў тэксце, а таму ў дужках я пазначаю старонку, каб кожны сам мог праверыць, ці змяняецца сэнс згаданых сказаў у кантэксце. У апраўданне перакладчыцы трэба зазначыць, што чым далей па кнізе, тым тэкст робіцца раўнейшы, а бліжэй да канца большасць прэтэнзіяў увогуле ідзе на адрас самога пісьменніка.

Метафізічнасць вандровак Анджэя Стасюка, як на мой густ, падаецца такой метафізічнай, што аднесці кнігу наўпрост да travel literature ці хаця б, больш агульна, да нон-фікшн не выпадае. Тут шмат развагаў пра людзей — простых і знакамітых, — якія жылі ў мясцінах, праз якія праязджае аўтар (напрыклад, пра Эміля Чорана), аднак гэтыя развагі — зноў жа, не больш як нагода для прыватных рэфлексіяў. Зрэшты, філасофскім трактатам кнігу таксама не назавеш. Аўтар не спрабуе падагуліць свой прыватны досвед, ён пераказвае плынь думак, якія ў яго нарадзіла тая ці іншая вандроўка, і запрашае чытача — не, не выправіцца ў падарожжа разам з ім, а проста зірнуць на свет яго вачыма і падумаць, ці не можа ён з гэтага погляду вынесці нешта для сябе.

Ганна Янкута, budzma.org