Ганна Янкута: “Мы хацелі паказаць, што дэтэктыў — гэта мастацтва”

У кнізе сабрана 16 твораў сучасных аўтараў і класікаў жанру, упершыню перакладзеных на беларускую мову. Пра зборнік расказала яго ўкладальніца — перакладчыца і літаратурны крытык Ганна Янкута.

— Чым вы як укладальнік зборніка кіраваліся, абіраючы для кнігі творы?

— Калі мы з камандай часопіса “ПрайдзіСвет” рыхтавалі дэтэктыўны нумар, то падумалі, што людзі ўспрымаюць гэты жанр як кічавы, масавы, неэлітарны. А таму вырашылі гэты міф разбіць і паказаць, што дэтэктыў — гэта мастацтва. З гэтай мэтай мы абіралі класічныя творы альбо незвычайныя ўзоры сучаснага жанру. Атрымаўся даволі стракаты нумар, а цяпер — даволі стракатая кніга, бо мы паказалі, што дэтэктыў можа быць розным: і смешным, і містычным, і ледзь не фантастычным, і што перадусім гэта цікавае інтэлектуальнае чытанне.

— Ці друкаваліся раней на беларускай мове творы, якія ўвайшлі ў зборнік?

— Усе творы, акрамя апавядання Вольгі Такарчук, на паперы з’явіліся ўпершыню. Большасць з іх ёсць і ў інтэрнэце, аднак не ўсе: на сайце часопіса “ПрайдзіСвет” толькі часткова змешчанае апавяданне Гофмана “Мадэмуазэль дэ Скюдэры” ў перакладзе Аляксея Жбанава, а апавядання Элеры Куіна “Вар’яцкае чаяванне” ў перакладзе Кацярыны Маціеўскай там наогул няма.

— Асабіста вы можаце назваць дэтэктыў адным са сваіх улюбёных жанраў?

— Так, я вельмі люблю дэтэктывы і чытаю іх у вялізнай колькасці. А ў час падрыхтоўкі нумара і кнігі прачытала проста безліч твораў.

— Ці ёсць у вас у кнізе ўлюбёнае апавяданне?

— Думаю, калі чытач разгорне змест, то ўбачыць там шмат знаёмых аўтараў і адразу зразумее, пра што гаворка ў іх творах. Але я хачу звярнуць увагу на твор, пра які я, напрыклад, раней не чула і які зрабіўся для мяне сапраўдным адкрыццём. Гэта аповесць Даніэлы Капітанявай “Забойства ў Жлуктаве”, якую пераклаў Сяргей Сматрычэнка, цудоўная пародыя на ўсе кананічныя творы, пачынаючы з гісторый пра Шэрлака Холмса і заканчваючы серыялам пра агентаў Малдэра і Скалі. Мне як аматару дэтэктыву твор надзвычай спадабаўся: у ім пазнаеш метады і Пуаро, і міс Марпл, і Нэра Вулфа, і гэтак далей.

— Ёсць у вас спадзеў, што гэтую кнігу будуць чытаць у метро? Хто яны, чытачы замежнага дэтэктыву па-беларуску?

— Мы хацелі забіць гэтай кнігай адразу двух зайцоў. Найперш зрабіць яе папулярнай, бо дэтэктыў усё ж — вельмі чытаны жанр. Маю надзею, тут дапаможа і прыцягальная вокладка аўтарства Марыі Мухінай. З другога боку, мы спадзяемся, што кніга будзе цікавая нават універсітэцкім выкладчыкам, таму што там ёсць апавяданні Гофмана, По, Чэстэртана — творы класічныя, акадэмічныя і вельмі сур’ёзныя.

— У кнізе можна знайсці рэцэпт напісання дэтэктыву. Ці простая гэта справа — напісаць цікавы і захапляльны дэтэктыў?

— Змешчаныя рэцэпты выглядаюць сёння хутчэй як кур’ёзы. Напрыклад, сярод парадаў, што там даюцца, ёсць пункты пра тое, што злачынства не можа здзейсніць кітаец, дварэцкі, следчы, сам апавядальнік. Гэта хутчэй спроба паказаць, што дэтэктыў калісьці пісаўся паводле вельмі жорсткіх правілаў. Калі паглядзець на гісторыю жанру, мы пабачым, што гэтыя правілы парушаліся сто разоў, і цяпер іх быць проста не можа, бо кіравацца імі немагчыма. Што да напісання цікавага дэтэктыву, то я, напрыклад, зрабіць гэта не змагла б. Трэба мець вельмі спецыфічны талент, каб прыдумаць загадку, схаваць яе ад чытача, а потым паступова перад ім разгадваць.

— Ці актыўна звяртаюцца да гэтага жанру беларускія творцы?

— З беларускім гістарычным дэтэктывам асацыюецца найперш Уладзімір Караткевіч, і менавіта гэтая разнавіднасць у нас даволі вядомая: варта згадаць, напрыклад, Людмілу Рублеўскую. Але ўсё ж беларускія пісьменнікі звяртаюцца да яго не так часта, як хацелася б. Рысы і дэтэктыву, і пародыі на дэтэктыў ёсць у творах Адамчыка і Клімковіча, але прыгадаць найноўшыя прыклады чыстага жанру цяжка.

— Калі ўспомніць сапраўдны бум на дэтэктывы ў 90-я, як вы думаеце, ці ёсць у чытачоў цікавасць да дэтэктыву цяпер?

— Калі ўзяць, напрыклад, рускія пераклады твораў Агаты Крысці, то яны ў Расіі перавыдаюцца ледзь не кожны год. Мне здаецца, што попыт на дэтэктыў ёсць заўжды. Дарэчы, у нас таксама было перакладзенае адно апавяданне Агаты Крысці на беларускую, але мы як сумленныя людзі звярнуліся па дазвол да праваўладальнікаў — і яны папрасілі столькі грошай, што апавяданне давялося проста выкінуць са зборніка.

— Значыць, з усімі надрукаванымі ў кнізе сучаснымі аўтарамі пытанне аўтарскіх правоў вырашанае?

— Безумоўна. І Вольга Такарчук, і Даніэль Клугер, і Даніэла Капітанява, і Маўрыцыё Бліні далі ласкавую згоду на пераклад і друк іх твораў у зборніку. Што да класічных твораў, то паводле беларускага закона аб аўтарскім праве праз 50 гадоў пасля смерці аўтара іх творы пераходзяць у грамадскі набытак.

 

Размаўляў Мікалай Дубавіцкі
Фота: Алена Казлова

budzma.org