Ганна Янкута: Свет, убачаны на ўласныя вочы

 Усё залежыць ад тваіх геаграфічных каардынатаў і шанцавання, і нават грошы часам аказваюцца ні пры чым. Кніга Ромы Свечнікава “Рома едзе” не дае парадаў, як выжыць у той ці іншай краіне без даляра ў кішэні ці як праехаць праз Кітай на матацыкле: магчыма, усе гэтыя спосабы працуюць толькі аднойчы, і потым іх кожны раз даводзіцца шукаць наноў. Яе хутчэй можна назваць эмацыйнай рэакцыяй на тое, што адбываецца з аўтарам падчас яго доўгай дарогі, і гэтая рэакцыя расказвае чытачу больш, чым каляровыя рэпартажы ў часопісах, бо рэальнасць часцей за ўсё зусім не падобная да яркіх фотаздымкаў, а вось прыватная гісторыя заўсёды застаецца прыватнай гісторыяй і ні на якую аб’ектыўнасць увогуле не прэтэндуе.

 Усе падарожныя нататкі ў свеце

Пра падарожжы пісалі, пішуць і будуць пісаць ледзь не ўсе, хто выпраўляецца з дому ў дарогу. Гэта можа быць водгук пра сайце турыстычнай кампаніі, фотасправаздача ў блогу, рэпартаж ці кніга на памяць удзячным нашчадкам — спосабаў расказаць пра свае прыгоды заўсёды было безліч. Свае бадзянні па свеце апісваў, напрыклад, Герадот — існуе меркаванне, што яго важкая “Гісторыя” вырасла са сціплага намеру проста апісаць убачанае на свае вочы. На сённяшні момант падарожных нататак напісана столькі, што нават сабраць больш-менш поўную бібліяграфію гэтага жанру падаецца справай немагчымай.

І ўсё ж, нягледзячы на сваю масавасць, падарожныя нататкі — жанр даволі спецыфічны: далёка не кожнаму будзе цікава чытаць, як нехта туляецца па свеце, і глядзець на гэты самы свет вачыма аўтара. Асабліва гэта датычыць твораў, якія не чапляюць чытача чымсьці прыватным. Сёння, напрыклад, цяжка ўявіць ахвочага пачытаць нататкі, скажам, Амеліі Эдвардс, ангельскай аўтаркі ХІХ стагоддзя, пра яе падарожжа праз Даламіты, хоць твор гэты ў цэлым даволі незвычайны: тагачаснай жанчыне выправіцца ў далёкае і небяспечнае падарожжа было не так і проста. Гісторыя пра чыесьці бадзянні прывабіць сённяшняга чытача, які часцей за ўсё і сам не з гліны злеплены і таксама шмат дзе пабываў і шмат чаго пабачыў, толькі выклікаўшы ў яго эмацыйны водгук, уцягнуўшы ў перажытыя аўтарам прыгоды і зрабіўшы іх удзельнікам.

Мультымедыйны праект “Рома едзе” на сайце часопіса 34mag.net мае менавіта гэтыя якасці: наведнік сайта можа не толькі чытаць нататкі пра розныя краіны, наведаныя Ромам Свечнікавым, які ўсё яшчэ знаходзіцца ў дарозе, глядзець фотаздымкі і відэа, але і адсочваць перамяшчэнні аўтара і героя матэрыялаў на карце і нават падтрымаць яго вандроўку праз Paypal і інш. “1 ліпеня 2012 года дваццацігадовы беларускі хлопец Рома Свечнікаў кінуў вучобу ва ўніверсітэце, развітаўся з сям’ёй, сябрамі і ўтульным пакоем у менскім чатырохпавярховіку ды выправіўся ў бестэрміновае кругасветнае падарожжа. З сабой ён узяў заплечнік з рэчамі першай неабходнасці, люстраны фотаапарат, маленькі лэптоп і нешта каля двухсот даляраў наяўнымі”, — расказваецца на сайце пра пачатак праекта, і чытач разумее, што яго герой — такі самы беларус, як ён, што ўсе гэтыя прыгоды здараюцца з чалавекам, які, магчыма, жыў з ім на суседняй вуліцы і вучыўся ў той самай ВНУ. Выдадзеныя кнігай, нататкі страчваюць мультымедыйнасць, ператвараюцца ў зусім іншы твор, аўтаномны і статычны, і пачынаюць выглядаць трошкі інакш.

 

ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ: Паўсвету пад адной вокладкай

Ганна Янкута,

budzma.by